
«Як вы сюды дабраліся?» – першае, пра што мяне спыталі ў гэтай вёсцы Глускага раёна. І маё здзіўленне было не меншым. Я наогул не чакала ўбачыць тут столькі людзей! Бо па дадзеных сельсавета ў вёсцы зарэгістраваны ўсяго два чалавекі. А называецца гэта вёска – Прыварацце.
Справа ў тым, што вёска “схаваная” ў глыбокім лесе, мяжуе з балотам і возерам Дзікае. За некалькі кіламетраў ад Прыварацця знаходзіцца Старое Сяло, а яшчэ далей – Кляшчоўка. Дарэчы, ніякага дарожнага знаку з назвай вёскі я за ўсю дарогу не ўбачыла. Каб проста заблукала сюды, а не ехала мэтанакіравана, дык і не ведала б, куды трапіла.
У канцы XIX стагоддзя Прыварацце было хутарам усяго на шэсць двароў і жыло тут 47 жыхароў. Хутар адносіўся да Брожскай воласці Бабруйскага павета.
З часам колькасць двароў расла і ў 1960-я гады мінулага стагоддзя іх стала ўжо больш за дваццаць.
– Дваццаць чатыры двары было некалі, – расказвае ўраджэнка вёскі Любоў Іванаўна, якая падышла, каб паразмаўляць з намі. – Дзяцей у кожнай хаце было шмат. У нас – шасцёра, у суседзяў – пяць, далей чатыры, шэсць, зноў шэсць… У школу да васьмі класаў хадзілі ў Старое Сяло, а далей – у Чыкілі. Гэта больш за 7 кіламетраў. Уставалі рана і ішлі больш за паўтары гадзіны пешшу да школы. Цяпер маім унукам, каб трэба было ісці за столькі кіламетраў, дык, мабыць, і не пайшлі б (смяецца). А мы хадзілі: і праз лес, і цёмначы, і зімою ў мароз і завеі… Але ж у той час усе так жылі, хоць і цяжка, але добра жылі. Моладзь хадзіла гуляць у суседнія вёскі і да нас прыходзілі таксама – збіраліся на танцы пад гармонік у цэнтры Прыварацця, пад вялікай старой ліпай, яна, дарэчы, і цяпер стаіць.
Вось такіх зараснікаў, як зараз (Любоў Іванаўна паказвае на суседні двор – прым. аўт.) не было. Кожны кавалачак зямлі быў каштоўным. Людзі нават маглі пасварыцца, калі нехта сабе прыараў вясною дзесяць сантыметраў суседскага поля. А цяпер тая зямля нікому не патрэбна… Зарасло… Барані Бог хто кіне акурак у сухое надвор’е – зоймецца гарэць паўсюль. У вёсцы стаяць крэпкія хаты, але хто іх купіць? Паспрабуй яшчэ дабярыся сюды! Да шляху Глуск–Бабруйск каля сямі кіламетраў, і гэта адлегласць не на нашу карысць. Памру і наша хата таксама нікому не патрэбная будзе… Я да пенсіі жыла ў Ганцавічах. А як вышла на заслужаны адпачынак, вярнулася ў Прыварацце даглядаць бацькоў. Тату зараз 92 гады, мамы ўжо няма.
Пагутарылі з Любоў Іванаўнай і пайшлі далей па вёсцы. І калі ў першых хатах (відаць, што жылых і дагледжаных) людзей не было бачна, то далей у кожным двары былі людзі – вяскоўцы займаліся сваімі хатнімі справамі: прыбіралі гароды, увіхаліся ў садах, нехта нават паліў лазню… Гэта быў выхадны дзень, і жыццё тут проста кіпела!
У канцы вуліцы на дрэве я заўважыла нават баскетбольнае кальцо і прыпаркаваны дзіцячы веласіпед.
Я ж ішла па вёсцы з канкрэтнай мэтай – убачыць памятны камень. У 2018 годзе яго ўсталяваў ураджэнец вёскі – былы міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.
І вось гэты камень – стаіць у цэнтры Прыварацця, а крыху далей – тая самая старая ліпа, дзе некалі ладзілі танцы.
Вакол каменя растуць маладыя ялінкі, а па іх галінках уецца яркі пурпурны дзікі вінаград. Выглядае неверагодна прыгожа! Усё ж такі прырода – найлепшы мастак.
Ну, а мы рушылі далей. Насупраць дома, пафарбаванага ў сіні і аранжавы колер, спынілася, каб палюбавацца на яркія фарбы. І тут мяне запрасілі ў госці.
Мясцовая жыхарка Марыя правяла ў бацькоўскую хату. Яны з сястрой як раз вярнуліся з балота – збіралі журавіны. Іх кажуць, у гэтым годзе на балоце каля Дзікага возера шмат вырасла. Сёстры прыязджаюць у вёску на ўвесь цёплы сезон некалькі разоў за месяц – яшчэ не на пенсіі, працуюць. Кажуць, што такіх, як яны, дачнікаў, тут шмат. Некаторыя садзяць і агароды, і ў кветніках – рознакаляровы кветкавы дыван.
Што ж ўбачылі ўнутры хаты Марыі? У сям’і было некалі шасцёра дзяцей. Таму тут прасторныя пакоі, сапраўдная печ з ляжанкай, якой гаспадары карыстаюцца і сёння. У чырвоным куце вісіць стары абраз. На кухні – канапа, якой шмат гадоў, але гаспадары далі ёй другое жыццё – адрамантавалі і праслужыць яна яшчэ шмат гадоў.
А на сценах – ласіныя рогі, якія некалі знайшлі ў лесе тата і браты гаспадыні. Рогі прыстасавалі ў якасці вешалкі для адзення.
– Прыварацце – самая лепшая вёска, – з усмешкай кажа Марыя. – Усе, хто сюды прыязджае заўсёды застаюцца ў захапленні ад нашых мясцін!
І ведаеце, гэты настрой чароўным спосабам перадаўся і мне ў той дзень.
Памятаеце мем пра чаканне і рэальнасць? Дык вось, у Прыварацці рэальнасць аказалася куды лепшай за любыя чаканні. І гэта радуе!
Ну і напрыканцы нас чакаў невялікі, але вельмі прыемны сюрпрыз ад Любові Іванаўны – кветкі, што выраслі ў Прыварацці.







