Анатоль Концуб: «Толькі ў працы ратаванне». Напярэдадні дня народзінаў пагаварылі з вядомым мастаком

32
Дзяніс НОСАЎ. Фота аўтара
Перад днямі народзінаў вядомых бабруйчан размаўляем з імі пра навіны жыцця і бліжэйшыя планы.

13 ліпеня славутаму мастаку Анатолю Концубу спаўняецца 77 год.

 Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026
Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026

Нарадзіўся будучы мастак у вёсцы Колкі Столінскага раёну, у школьныя гады жыў у Давыд-Гарадку, тады ж пачаў маляваць: «У дзяцінстве і на прамакашках малюеш – потым у многіх праходзіць, а ў мяне не прайшло», – смяецца іменіннік. Пасля школы Анатоль паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Акадэмія мастацтва) на кафэдру керамікі. У 1971-м па адмысловым запыце дырэктара знакамітай мастацкай вучэльні №15 Аркадзя Ларына апынуўся ў Бабруйску. У «пятнашцы», як называлі вучэльню ў народзе, тады толькі адкрылі аддзяленне керамікі, і малады Анатоль Концуб стаў выкладчыкам.

  Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026
Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026

– Я, шчыра кажучы, думаў, што, як скончыцца размеркаванне, з'еду, – прызнаецца Анатоль Аляксандравіч. – Але Ларын і жонку пакінуў працаваць у вучэльні, і пакой нам у інтэрнаце выбіў – і я застаўся ў Бабруйску. І не шкадую.

Працаваў Анатоль Концуб у «пятнашцы» больш за 30 год, падрыхтаваў шмат керамістаў, у тым ліку вядомага Валерыя Калтыгіна (доўгія гады – старшыні гарадскога аддзялення Беларусскага саюза мастакоў, заснавальніка Міжнароднага плэнеру керамістаў «Арт-Жыжаль» – заўв. рэд.). Атрымаў званне Заслужанага работніка адукацыі.

 Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026
Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026

Праявіў сябе мастак не толькі ў кераміцы, але і ў жывапісы. Ягоныя карціны і керамічныя творы захоўваюцца і выстаўляюцца ў музеях розных краін.

Вось і напярэдадні імянін Анатоль Аляксандравіч працаваў у своёй бабруйскай майстэрні.

– У жніўні будзе персанальная выстава ў сталічнай Галерэі мастацтва, трэба 30-35 прац выставіць, – падзяліўся ён творчымі планамі. – Вазьму прац дзесяць старых і каля дваццаці новых, штосьці трэба скончыць. Я і між бальніцамі не сядзеў проста так, а працаваў.

 Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026
Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026

Мінулы, 2025, год для спадара Анатоля выдаўся вельмі цяжкім:

– Цэлы год толькі па бальніцах і шастаю. Была аперацыя складаная, доўгая, у Магілёве, потым паўторная. Потым перайшлі на лекі. Людзі ў рэанімацыі пару дзён ляжаць, а я – дванаццаць! І яшчэ месяц потым – проста ў шпіталі. Пыталіся, як я вытрымаў – а што, былі нейкія варыянты?

Карціны Анатоля Концуба
Карціны Анатоля Концуба

Але аптымізму імяніннік, бачна, не губляе.

– Нагледзеўся там (у бальніцы – аўт.) – у параўнанні з іншымі лічу сябе амаль здаровым, – усміхаецца Анатоль Концуб. – І справа трохі наладжваецца. Таму актыўна працую, да выставаў рыхтуюся. Падрыхтоўкі шмат – цяпер жа проста так выставу не зробіш, апроч усяго, за месяц да пачатку трэба даслаць фотаздымкі ўсіх карцін на дагляд. А пасля новага 2027 году запланаваная яшчэ адна выстава. З задавальненнем на гэта іду, бо, калі ёсць стымул, абавязак нешта рабіць – тады нармальна. Толькі ў працы ратаванне.

 Анатоль Концуб, каралі, блазны і пілігрымы ў бабруйскай майстэрні. 1 ліпеня 2026
Анатоль Концуб, каралі, блазны і пілігрымы ў бабруйскай майстэрні. 1 ліпеня 2026

У гэтыя дні Анатоль Концуб працуе над карцінай «Каралі, блазны і пілігрымы». Дарэчы, караблі і пілігрымы – адна з яго ўлюбёных тэм. Мастак робіць невялічкую экскурсію па майстэрні, паказвае карціны, якія напісаў ці перапісаў па-новай за два мінулыя гады і сёлета.

– Некалькі невялічкіх прац на выставу вазьму, каб на калоне павесіць. Напісаў некалькі карцін у крузе. Я так раней не пісаў, а для экспазіцыі цікава. Мая першая круглая называецца «Кветкі з Эдэмскага саду». Тут, значыць, мусяць быць кветкі, птушкая нейкая экзатычная, а калі прыглядзецца – і яшчэ нешта. А вось гэтая «Даная» у мяне была даўно вертыкальная, зрабіў круглую версію. А гэта – «Чаша». Кожны мусіць выпіць сваю чашу да дна...

Анатоль Концуб, «Кветкі з Эдэмскага саду»
Анатоль Концуб, «Кветкі з Эдэмскага саду»

Працуе мастак то ў гарадской майстэрні, то ў сябе на лецішчы (улетку часцей).

– Там лес, птушкі пяюць, пасля гарадской спёкі вельмі добра. Жонка – пры мне, унучка Шчэцінскі медычны універсітэт скончыла. Будзе медычны касметолаг – без крыві, дзяўчыне добра. Ну і цяпер я працую з перапынкамі на футбол, – пасміхаецца імяніннік. – Гляджу чэмпіянат свету. Такія майстры, нават маэстры – а пенальці міма варот бьюць... Немцаў выбілі, нідэрляндцаў выбілі... Вось французы добра ідуць.

І я далей іду. Жыву надзеяй, што ўсё будзе рабіцца трохі лепш і лепш, і яшчэ лепей.

 Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026
Анатоль Концуб у сваёй майстэрні. 1 ліпеня 2026

З днём народзінаў, маэстра! І не губляць аптымізму!