«Мне было амаль дзевяць, калі скончылася маё дзяцінства». Размова пра жыццё з глусчанкай Анастасіяй Лісіцай, якой спаўняецца 95

78
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара і з асабістага архіву гераіні
Жыхарка Глуска Анастасія Лісіца 9 ліпеня адзначае свой 95-ы дзень нараджэння.
 Ліпень 2026 г. Анастасія Мартынаўна Лісіца.
Ліпень 2026 г. Анастасія Мартынаўна Лісіца.

Жыхарка Глуска Анастасія Лісіца 9 ліпеня адзначае свой 95-ы дзень нараджэння. Негледзячы на такі паважны ўзрост Анастасія Мартынаўна дасюль актыўная, прыгожая і аптымістычная жанчына. Напярэдадні яе юбілея мы сустрэліся, каб паразмаўляць пра жыццё…

«Бацьку забіла маланка»

– Мне было амаль дзевяць гадоў, калі скончылася маё дзяцінства, – так пачынае Анастасія Мартынаўна. – Наша сям’я жыла ў вёсцы Заполле, той, што каля Завалочыц. Тата, Мартын Міхайлавіч, і мама, Марыя Лявонаўна, працавалі ў калгасе. Я – самая малодшая ў сям’і, а яшчэ былі старэйшыя сястра Ганна і брат Фёдар. У чэрвені 1940 года загінуў наш бацька. Удзень ён працаваў на канюшні, а ў начную змену хадзіў у поле пільнаваць калгасны трактар. У адну з такіх начэй здарылася моцная навальніца, і бацьку забіла маланка. Я па гэты час памятаю тую вялікую чорную хмару, што ішла на вёску. Мы, дзеці, гулялі на вуліцы, і хто б мог падумаць, што хмара назаўсёды зменіць маё жыццё… Тату было ўсяго 42 гады. Мама ад перажытага вялікага гора цяжка захварэла: не магла клапаціцца нават пра сябе, не тое што пра нас. І мы, трое дзяцей, засталіся фактычна без дарослых, без грошай, без падтрымкі.

Старэйшая сястра Ганна скончыла сямігодку і паехала вучыцца ў Мазыр на курсы настаўнікаў. Брат скончыў чатыры класы і далей вучыцца не пайшоў. А вось мяне ў школу адправіў. Мы з ім засталіся даглядаць маму ды нашу гаспадарку.

Як нам было цяжка! Трыццаць сотак бульбы трэба было апрацаваць, гарод дагледзець, на карову сена нарыхтаваць.

Да вайны крыху дапамагаў калгас. А калі пачалася вайна, для нас насталі самыя цяжкія часы. Мы нікому не былі патрэбныя... Успамінаю: я, малая, стаю на парозе чужой хаты і гляджу, як сям’я садзіцца абедаць, ды так зайздрошчу, што ў іх ёсць ежа. Яны мяне пашкадуюць, дадуць кавалак бабкі з’есці…

 1950-я. Анастасія Лісіца, у той час яшчэ Гурына.
1950-я. Анастасія Лісіца, у той час яшчэ Гурына.

Але на адной людской літасці доўга не пражывеш, таму, каб зарабіць, я кароў пасціла – і сваю, і чужую. За гэта хтосьці кусок хлеба дасць, або нешта дапамогуць зрабіць па гаспадарцы. А яшчэ цётка (татава сястра) крыху дапамагала, але ж у яе свая сям’я...

Збіралі вясною па палях перамёрзлую гнілую бульбу, варылі з яе зацірку. Яна была чорная, але мы рады былі і гэтую страву, але уволю пад’есці.

Каб змалоць жыта, што ў нас вырастала, я хадзіла да жанчыны, у якой былі ручныя жорны. А камяні ў жорнах такія цяжкія, што іншы раз я і пакруціць іх не магла.

Зімою ў хаце холад страшны. На санках прывязём дровы, але ж яны сырыя і гарэць зусім не хацелі, толькі тлелі, а цяпла не давалі. Нават вада замярзала ў пакоі. Адзін з самых горкіх успамінаў дзяцінства: я стаю ля печы і дую, дую, дую, каб агонь разгараўся…

«Паеду туды, хоць галодная не буду»

  1953 г. Анастасія Лісіца.
1953 г. Анастасія Лісіца.

Пасля заканчэння сямігодкі ехаць кудысьці далёка, каб атрымаць прафесію, грошай не было. Але Анастасія разумела – вучыцца трэба. Аднойчы ўбачыла ў газеце аб’яву: каля Мінска, у пасёлку Лошыца, плодаагароднінная школа набірае навучэнцаў.

– Навучанне – адзін год, мне гэта спадабалася, – расказвае Анастасія Мартынаўна. – Да таго ж, там абяцалі трохразовае харчаванне. Ну, думаю, паеду туды, хоць галодная не буду.

У 1949 годзе дзяўчына атрымала спецыяльнасць агранома. Але толькі ў маі 1950-га яе запрасілі працаваць участковым аграномам у Глускую машынна-трактарную станцыю.

 1950-я. Анастасія - навучэнка тэхнікума.
1950-я. Анастасія - навучэнка тэхнікума.

На ўчастку Анастасіі Мартынаўны было два калгасы: імя Сталіна і «15 год Кастрычніка».

– Я сачыла, каб калгаснікі сеялі і ўбіралі ў патрэбны тэрмін, – расказвае жанчына, – правярала якасць насення, назірала за нарыхтоўкай угнаенняў, хадзіла па палях і глядзела, дзе патрэбна падкормка, дзе праполка – адным словам, кантралявала выкананне ўсіх агратэхнічных норм. І працаўнікі ў калгасах слухалі і выконвалі ўсё, што ім загадвала 19-гадовая аграном.

«Мой жалезны конь заўсёды быў са мною»

– У першы ж месяц сваёй працы я зразумела – надоўга маіх ног не хопіць, – працягвае расказ суразмоўца. – Жыла я на кватэры ў Калацічах, а ўчасткі знаходзіліся ў Балашэвічах, Зарэччы, Дасціжэнні, Заполлі, Мыслоціне, Глуску. А гэта кіламетры і кіламетры, якія прыходзілася хадзіць пешшу. З першай зарплаты я зрабіла сваё жыццё крыху лягчэйшым: купіла сабе веласіпед! Але ж ездзіць не ўмела. Прыкаціла веласіпед на кватэру. Потым знайшла дарогу з горкаю. Разганюся з гары, неяк сяду – так паціху і навучылася сама. З той пары мой жалезны конь (за столькі гадоў і не адзін ужо) заўсёды быў са мною. Толькі аднойчы прыйшлося некалькі тыдняў пахадзіць пешшу, калі ў мяне яго скралі. Апошні мой веласіпед і зараз стаіць у верандзе, але ўжо два гады, як я, па стану здароўя, не езджу – усё, і ён выйшаў на пенсію.

  2023 г. Анастасія Мартынаўна Лісіца і яе "жалезны" конь.
2023 г. Анастасія Мартынаўна Лісіца і яе "жалезны" конь.

І яшчэ адно сяброўства на ўсё жыццё ёсць у нашай гераіні. Дзесьці ў 1954 годзе Анастасія пазнаёмілася з Лідзіяй Карцель, у той час маладым спецыялістам, аграномам, а пазней легендарным дырэктарам саўгаса «Завалочыцы» (за працоўныя заслугі яна двойчы была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі і «Знакам Пашаны»).

 2025 г. Анастасія Мартынаўна (справа) з сяброўкай Лідзіяй Карцель. Іх сяброўству ўжо 72 гады!
2025 г. Анастасія Мартынаўна (справа) з сяброўкай Лідзіяй Карцель. Іх сяброўству ўжо 72 гады!

– З той пары і па цяперашні час мы сябруем, – кажа мая суразмоўца. – У мінулым годзе я папрасіла дзяцей, каб мяне адвезлі да яе ў госці. І фотаздымак на памяць зрабілі падчас той сустрэчы.

Выварка прыляцела з Мінска

Адпрацаваўшы некаторы час аграномам, Анастасія Мартынаўна зразумела, што атрыманых у плодаагародніннай школе ведаў мала, каб працаваць, як кажуць, на поўную сілу.

– У мяне ў жыцці ёсць правіла: усё, што раблю, павінна рабіць вельмі добра, – кажа юбілярка. – Таму спачатку чытала кнігі па аграноміі, а потым вырашыла паступаць у Мар’інагорскі тэхнікум на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці «аграномія». Паступіла восенню 1950 года, адвучылася і працавала аграномам да 1955 года. І ведаеце, якая цікавая рэч? Некалі я, як аграном, хадзіла па палях каля Глуска, тут расла пшаніца. Але і падумаць у той час не магла, што на гэтым самым месцы некалі будзе стаяць мая хата, дзе я жыву ўжо 65 гадоў!

 2020 г.  Анастасія Мартынаўна з мужам Уладзімірам і праўнучкай каля сваёй хаты.
2020 г. Анастасія Мартынаўна з мужам Уладзімірам і праўнучкай каля сваёй хаты.

Дарэчы, у Глуску побач з хатай маёй суразмоўцы размяшчаўся аэрадром, адкуль жыхары райцэнтра і навакольных вёсак ляталі ў Мінск. Анастасія Мартынаўна таксама ўспомніла адзін такі выпадак. Дзесьці ў 1953 годзе на самалёце са сталіцы яна прывезла вельмі патрэбную ў гаспадарцы эмаліраваную выварку.

 1950-я. Анастасія (справа) з сяброўкай.
1950-я. Анастасія (справа) з сяброўкай.

– Так яна мне спадабалася, – з усмешкай кажа жанчына, – а ў нас у той час такую немагчыма было купіць. Вось я з вываркай і ляцела ў самалёце. Толькі ў мінулым годзе выкінула яе на сметнік – даўгавечная аказалася. У мяне па гэты час яшчэ і каструля алюмініевая жыве, купленая ў 1956 годзе, 70 гадоў ёй сяголета. Я была цяжарная, і так мне захацелася квашаных памідор, што пайшла купіла каструлю і туды палажыла памідоры.

«Паміж заняткамі бегала карміць сына…»

Далейшы лёс нашай гераіні складваўся, як і ў многіх дзяўчат: замужжа, нараджэнне дзяцей. Першай у сям’і нарадзілася дзяўчынка.

– У той час давалі толькі 56 дзён да нараджэння дзіцяці і столькі ж – пасля, – успамінае Анастасія Мартынаўна. – Вось і ўвесь дэкрэтны адпачынак. А куды з малым дзіцём на работу пайсці? Таму, куды звалі, хоць часова, але ішла. Некалькі месяцаў – эканамістам у райплане на падмене дэкрэтнага, фактурыстам у райсаюзе… А ў 1958 годзе мяне запрасілі на пастаяннае месца – на пасаду эканаміста ў райплан.

Падчас нашай размовы ўсе даты са сваёй працоўнай біяграфіі Анастасія Мартынаўна называла вельмі дакладна, як быццам працоўная кніжка ў яе перад вачыма!

 1960-я. Анастасія Мартынаўна (па цэнтру) са сваімі аднакурсніцамі-сяброўкамі.
1960-я. Анастасія Мартынаўна (па цэнтру) са сваімі аднакурсніцамі-сяброўкамі.

– Адпрацаваўшы некаторы час эканамістам, – працягвае яна расказваць, – я зразумела, што мне зноў не хапае ведаў, і вырашыла паступаць у інстытут народнай гаспадаркі ў Мінск. Але для гэтага мне патрэбна было скончыць яшчэ сярэднюю школу. Пасля працы забіраю з дзіцячага садка дачушку і разам з ёй іду на заняткі ў вячэрнюю школу. Рыхтавалася да паступлення і ў гэты час даведалася, што чакаю другое дзіця. Але ж адступаць ужо не было куды – паступіла на завочнае. Першая сесія прайшла ў Мінску, а другую я паехала здаваць у Магілёў (экзамены праходзілі ў машынабудаўнічым інстытуце) разам з 4-месячным сынам і нянькаю для яго – пляменніца мужа пагадзілася дапамагчы. Прыехалі мы ў горад, дзе няма ніводнага знаёмага чалавека. На вуліцы ў выпадковай жанчыны спытала, дзе можна спыніцца. А яна пазвала мяне да сябе дадому, хаця ў самой жыльцоў хапала. Дваццаць дзён мы жылі ў невялікай каморцы. На перапынках паміж заняткамі бегала карміць сына…

Беспартыйная старшыня райплана

За той час, што наша гераіня вучылася, Глускі раён паспеў і знікнуць, і пабыць часткаю Бабруйскага раёна, і зноў аднавіцца. У 1966 годзе Анастасію Мартынаўну запрасілі зноў эканамістам у райплан. З 1970 па 1981 год яна ўжо займала пасаду старшыні планавай камісіі райвыканкама. А гэта была вельмі цяжкая, адказная, але і статусная пасада, фактычна, яна была намеснікам кіраўніка раёна па эканоміцы. І пры гэтым (у той савецкі час) не была камуністам:

– Сказала першаму сакратару партыі і жартам, і ўсур’ёз: «Я вельмі люблю праўду і гавару яе людзям прама ў вочы. Вы ж мяне самі прагоніце з партыі на трэція суткі». Ён, праўда, пасмяяўся, і больш размоў пра маю партыйнасць не ўзнікала.

 2000-я. Вёска Яўсеевічы Глускі раён. Анастасія Мартынаўна (справа) са старэйшай сястрой Ганнай.
2000-я. Вёска Яўсеевічы Глускі раён. Анастасія Мартынаўна (справа) са старэйшай сястрой Ганнай.

З верасня 1981 года Анастасія Мартынаўна перайшла на працу ў Глускае райпо – дырэктарам Клятнянскага рознічнага гандлёвага прадпрыемства, на гэтай пасадзе працавала да 1986 года, да выхаду на заслужаны адпачынак.

– У маёй гандлёвай зоне было 42 магазіны, – распавядае жанчына. – У савецкі час пастаяннага дэфіцыту я павінна была забяспечваць іх усімі неабходнымі таварамі, каб для пакупнікоў быў асартымент. А яшчэ сачыла за дысцыплінай прадаўцоў і культурай абслугоўвання, выкананнем плана... На базу прывозілі тавары, а далей транспарту, каб даставіць іх да магазіна, табе не даюць. І тут на помач прыходзіў мой верны сябар – саджуся на веласіпед, нагружаю на багажнік каўбасу і вязу ў Клетнае. На ўвесь Глускі раён нас было чатыры дырэктары гандлёвых прадпрыемстваў, і кожны хацеў як мага больш тавараў прывезці для пакупнікоў. Даводзілася на досвітку, часоў у пяць, уставаць, бегчы на базу, каб ухапіць, пакуль калегі не разабралі, для сваіх магазінаў рыбу, масла ды іншыя тавары.

На пенсіі Анастасія Мартынаўна прадоўжыла працаваць у райпо на розных пасадах яшчэ да 1992 года. Потым 28 гадоў узначальвала ветэранскую арганізацыю гэтага прадпрыемства.

«Ой, колькі таго агароду... Так, па звычцы пасадзіла»

Яшчэ некалькі гадоў назад Анастасія Мартынаўна была вельмі актыўным чалавекам, а зараз, на жаль, здароўе ўжо падводзіць. Таму зіму праводзіць у дачкі ў горадзе, а на весну-лета вяртаецца ў сваю хату. У гэтым годзе яшчэ пасадзіла агарод.

 Ліпень 2026 г. Анастасія Мартынаўна Лісіца ў сваім агародзе.
Ліпень 2026 г. Анастасія Мартынаўна Лісіца ў сваім агародзе.

– Ой, колькі таго агароду: дзесяць памідор, два радочкі буракоў ды столькі ж фасолі, – са шкадаваннем кажа жанчына. – Раней садзіла цыбулі больш за кіло, а цяпер толькі 200 грам. Вельмі шкада, што зямля будзе пуставаць, але больш я ўжо не змагу сама абрабіць, ды мне і не трэба. Так, па звычцы пасадзіла, больш для забавы, каб не сумна было. Я ўсё сваё жыццё ні хвілінкі не сядзела на месцы: работа, дзеці, гаспадарка, тры ўчасткі з бульбай на полі, ягады ў лесе і на балотах – усё было ў маіх руках. Для дзяцей старалася. І цяпер, здаецца, вачыма ўсё б зрабіла, ды моцы ўжо няма. Але я не толькі сваім прыяла, а і людзям усё жыццё дапамагала, як магла. Прыемна сустракаць зараз людзей і ведаць, што яны лічаць цябе добрым чалавекам, што ўдзячныя за маю дапамогу і парады. Але ж і я ім удзячна, усім, хто сустракаўся на маім жыццёвым шляху: падтрымліваў, падказваў, даваў сілу, быў побач у цяжкія хвіліны.

З вялікай любоўю і гонарам Анастасія Мартынаўна гаварыла пра сваіх дзяцей: дачку і сына. Яны падарылі ёй чацвёра ўнукаў, і ўжо падрастаюць дзве праўнучкі і праўнук.

Лёс гэтай вельмі моцнай духам жанчыны – прыклад для большасці сучасных маладзёнаў. Немагчыма атрымаць ад жыцця ўсё ў адзін момант. Каб дабіцца чаго хочаш – трэба шмат працаваць, а яшчэ шмат вучыцца, прычым на працягу амаль усяго жыцця.

І яшчэ адзін момант з нашай размовы з імянінніцай прыемна ўразіў. Калі я папрасіла маю гераіню сфатаграфаваць яе, яна пайшла пераапранацца і выйшла да мяне ў прыгожай блузцы да з чырвонай памадай на губах. Вось гэта сапраўдная жынчына!