
Шмат дзесяцігоддзяў запар у вёсках Глускага раёна праходзілі кірмашы, прымеркаваныя да рэлігійных святаў. Слова «кірмаш» у беларускай мове, абазначае не толькі рынак, але і свята.
У першай палове дня звычайна людзі ішлі ў царкву, а пасля заканчэння святочнай службы пачыналася гулянне.
У вёсцы Поблін кірмаш заўсёды быў на Ушэсце. У мінулыя часы госці з розных вёсак раёна прыязджалі на свята на конях, прыплывалі на лодках праз раку Пціч. У вёсцы і свая царква была: прыязджалі на святочную службу ды й заставаліся на кірмаш гасцяваць ў сваіх родных або сяброў.
З цягам часу жыхароў у вёсцы станавілася ўсё менш – хто будзе клапаціцца пра традыцыі…
А чатыры гады назад кірмаш у Поблін сталі адраджаць. Спачатку было толькі набажэнства на месцы вясковай царквы, дзе па прапанове протаіерэя Міхаіла, святара Свята-Богаяўленскага храма Глуска, мясцовыя жыхары агульнымі намаганнямі паставілі крыж. А потым і гулянне арганізавалі. У мінулым годзе нават самадзейных артыстаў з клуба суседняй вёскі Бярозаўка запрашалі.
Ушэсце заўсёды выпадае на чацвер. У будні дзень сабрацца ўсім складана, таму святкаванне звычайна пераносяць на суботу.
У гэтым годзе, 23 мая, як і заведзена, спачатку была святочная царкоўная служба на месцы, дзе некалі стаяла вясковая царква. Дарэчы, калі б вы ні прыехалі ў вёску – ці летам, ці восенню – тут заўсёды прыбрана: скошаная трава, пазграбанае лісце.
Службу праводзіў протаіерэй Міхаіл, якога вяскоўцы адмыслова запрашаюць штогод менавіта ў прастольнае свята.
А потым усе селі за багата накрыты стол. І гэта не метафара: розных страў тут было так шмат, што нават не змяшчаліся на стале. Быў сярод іх і напамін пра вясковае дзяцінства – печаны «хвораст», такі, як калісьці пяклі ў печы нашы бабулі. Смаката!
На кірмаш збіраюцца вяскоўцы, з розных гарадоў і вёсак спецыяльна прыязджаюць былыя поблінцы, прыходзяць дачнікі. Усе на адзін вечар адкладваюць сваю работу, якой звычайна шмат у гэты час, і ідуць на кірмаш.
Самых старэйшых жыхарак – Ніну Васільеўну Трыбуш (ёй 81 год) і Ганну Андрэяўну Лазовік (ёй 83 гады) – да месца святкаванне прывезлі на машыне суседзі.
– Мы ўжо самыя старыя ў Побліне засталіся, – кажуць жанчыны. – Некалі вельмі весела праходзіў кірмаш у нас. Шмат людзей збіралася, вёска ператваралася ў вулей, як кажуць. Танцавалі: і на вуліцы, і потым у клубе. Увогуле калісьці ў нас шмат людзей жыло, былі вялікія шматдзетныя сем’і. Людзі з іншых вёсак нас называлі «кітайцы». У калгаснай брыгадзе аж 90 жанчын выходзілі бульбу капаць! А зараз цішыня… Вуліца вясковая ў нас вельмі доўгая, жывём далёка адзін ад аднаго. Нам ужо цяжка хадзіць: бачыце, і сюды з дзвюма палкамі прыехалі. Вось добра, што хоць тут сустрэнемся ды паразмаўляем, ды пабачым людзей.
А размовы і на самой справе не пераставалі ні на хвілінку: усім было аб чым пагаварыць.
– У нас заўсёды так, мы заўсёды разам, грамадою, – кажа Наталля, мінчанка, якая штогод на паўгода становіцца жыхаркай Побліна. – Нават сам працэс падрыхтоўкі так зараджае энергіяй. Мы з такім энтузіязмам рыхтуемся да гэтага дня! Толькі хацелася, каб і іншыя вяскоўцы, дачнікі падтрымлівалі наш энтузіязм і прыходзілі, прыязджалі на кірмаш. Разумею, што ў кожнага ёсць свае справы. Але вось, напрыклад, некаторыя былыя вяскоўцы прыехалі толькі на некалькі хвілін, пастаялі на набажэнстве. Потым развіталіся і паехалі, нават на святкаванне не засталіся. Затое са ўсімі пабачыліся, у роднай вёсцы пабылі, хоць некалькі хвілінак. Але для гэтага трэба вельмі любіць вёску! Дарэчы, мы ўсім расхвальваем свой Поблін, і, што б вы думалі, – тут пачалі набываць хаты. Гэта цудоўна!
Хацела сфатаграфаваць асобна арганізатараў кірмаша. Калі спытала хто яны, мне ў адказ: «Здымайце ўсіх, бо кожны з тых, хто тут знаходзіцца зрабіў свой пасільны ўнёсак».
У гэтым годзе людзей было менш, чым у мінулым, але ж усё роўна сабраліся. Гаманілі, успаміналі мінулае, радаваліся сустрэчы. І, канешне, самае галоўнае – сустрэліся, сабраліся дружнаю грамадою ўсе разам, як калісьці іх дзяды і прадзеды. Хай будзе так і надалей.



