Касарычы. Гісторыя і сучаснасць адной вёскі ў Глускім раёне або Як неабыякавыя людзі робяць маленькую вёсачку вялікай

46
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара
З’ездзілі ў вёску Касарычы Глускага раёна, каб на свае вочы ўбачыць, як імкненне людзей да лепшага можа мяняць сучаснасць і будучыню аднаго населенага пункта.
 Сакавік 2026 г. Дарожны знак на ўездзе ў Касарычы.
Сакавік 2026 г. Дарожны знак на ўездзе ў Касарычы.

Ад Глуска да Касарыч каля 26 кіламетраў. Большую частку з іх вы праедзеце па добрай асфальтаванай дарозе, а прыкладна каля 5 кіламетраў – гэта грунтоўка, а потым стары-стары асфальт.

Збочыўшы са шляху, вы пападаеце амаль у дзікія мясціны. Кругом палі, па якіх то злева, то справа скачуць імклівыя, танканогія казулі. І гэта ў разгар дня!

Карані Багдановіча і барон Урангель

Вёска мае сваю гісторыю. Яе ўладальнікамі ў розныя часы былі Радзівілы, Лапы. Ёсць сведчанне, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у Касарычах наведваў свайго сябра Аляксандра Лапу, на той час уладальніка вёскі. “Людзі добрыя і працавітыя тут жывуць”, – пісаў пра касарычан пісьменнік.

З 1867 года Касарычамі валодаў генерал-маёр Ліліенфельд, потым маёнтак перайшоў да Яхантавых. З 1907 года вёскай пачалі валодаць паны Іваненкі. Яны, а дакладней, іх зяць, барон Урангель, былі апошнімі ўладальнікамі Касарыч. Пётр Урангель, генерал-лейтэнант царскай арміі, быў адным з кіраўнікоў белага руху ў гады грамадзянскай вайны.

 Сакавік 2026 г. Аўтобусны прыпынак сустракае гасцей творам Багдановіча.
Сакавік 2026 г. Аўтобусны прыпынак сустракае гасцей творам Багдановіча.

Гісторыя вёскі звязана з продкамі Максіма Багдановіча. Бацька паэта, Адам, напісаў успаміны пра свой род. Дзякуючы гэтаму і стала вядома, што карані знакамітага паэта – на глускай зямлі. І творам Багдановіча на аўтобусным прыпынку вёска сустракае ўсіх, хто сюды прыязджае.

Макар-клуб і неабыякавыя нашчадкі

 Сакавік 2026 г. Былы вясковы клуб стаў  сучасным суседскім культурным цэнтрам.
Сакавік 2026 г. Былы вясковы клуб стаў сучасным суседскім культурным цэнтрам.

Каля дзесяці гадоў назад агульнаінтэрнэтаўскую вядомасць Касарычы атрымалі дзякуючы актыўнаму і неабыякаваму чалавеку Андрэю Уфімцаву, прадпрымальніку з Масквы, з касарыцкімі каранямі. Гэта ён і яго аднадумцы паказалі, што ў вёсцы можна жыць, адпачываць і цікава праводзіць час. І людзі пачалі сюды прыязджаць і нават набываць хаты, хоць не дзеля сталага пражывання, а пакуль ў якасці дач.

А ці ведаеце вы якую-небудзь вёску ў Беларусі, у якой ёсць свой асабісты сайт? У Касарыч ёсць – kosarichi.by. Тут і гісторыя, і сучаснасць, аповед пра тое, што зроблена і якія ёсць планы, што паглядзець не толькі ў Касарычах, а і ў наваколлі.

На галоўнай старонцы сайта напісана: “Мы не ждём что кто-то все сделает за нас, а приводим в порядок дома, парк, береговую линию и другие пространства. Мы приглашаем новых жителей в нашу деревню!”. Гэтыя словы можна лічыць дэвізам тых самых неабыякавых людзей, што адраджаюць вёску.

 Сакавік 2026 г. Арт-інсталяцыя ў Макар-клубе.
Сакавік 2026 г. Арт-інсталяцыя ў Макар-клубе.

І іх словы не разыходзяцца са справамі. З былога вясковага клуба Андрэй Уфімцаў і яго аднадумцы зрабілі сучасны суседскі культурны цэнтр – Макар клуб – з каворкінгам, бібліятэкай, кіна-канцэртнай залай, міні-музеямі. Дарэчы, у адным з іх унікальныя экспанаты, ён прысвечаны індзейцам Амазоніі.

Сакавік 2026 г. Гэту карціну з былога клуба знайшлі ў адным з вясковых хлявоў. Яна зноў вісіць на
Сакавік 2026 г. Гэту карціну з былога клуба знайшлі ў адным з вясковых хлявоў. Яна зноў вісіць на сваім жа месцы ў Макар-клубе.

У клубе вісіць карціна, якая калісьці тут жа і вісела. Калі ў 2000-я клуб зачынілі, людзі паціху разабралі “што дрэнна ляжала”. Дык вось і карціну адшукалі не так даўно ў адным з вясковых хлявоў. Падрамантавалі і павесілі на законнае месца.

  Сакавік 2026 г. Ткацкі станок 1943 года ў Макар-клубе.
Сакавік 2026 г. Ткацкі станок 1943 года ў Макар-клубе.

Іншыя “экспанаты” клуба таксама мясцовыя: нешта знайшлі ў самай старой вясковай хаце, нешта перадалі жыхары. Дзяўчаты са старых саней, моху і іншых сялянскіх вясковых побытавых прылад зрабілі дзівосную дэкаратыўную арт-інсталяцыю.

  Сакавік 2026 г. Кіназала ў Макар-клубе.
Сакавік 2026 г. Кіназала ў Макар-клубе.

Улетку суседскі цэнтр адкрыты кожны дзень: можна прыходзіць у бібліятэку браць пачытаць кнігі бясплатна, тут праводзяцца канцэрты, майстар-класы, сустрэчы, кінасеансы і нават праходзіў фестываль плёначнага кіно. І на самой справе дзверы ў клуб летам не зачыняюцца: і дзеці, і дарослыя – усе тут бавяць час.

Сакавік 2026 г. Дзмітрый, аўтар арыгінальнай металічнай кветкі, што сустракае гасцей
Сакавік 2026 г. Дзмітрый, аўтар арыгінальнай металічнай кветкі, што сустракае гасцей Макар-клуба.

Гасцей “Макар-клуба” сустракае незвычайная металічная кветка. Яна зроблена рукамі Дзмітрыя. З нядаўняй пары ён таксама мясцовы жыхар. Дзмітрый запрасіў нас у госці ў вёску і правёў экскурсію па Касарычах.

Новы жыхар – Дзмітрый

Касарычы Дзмітрый ведае добра, яго продкі з гэтых мясцін. Ужо каля пяці гадоў ён удзельнік усіх вясковых актыўнасцей – ад навядзення парадку да культурных мерапрыемстваў.

Сакавік 2026 г. Дзмітрый збірае старыя прадметы вясковага побыту. Экспанаты ў Макар-клубе
Сакавік 2026 г. Дзмітрый збірае старыя прадметы вясковага побыту. Экспанаты ў Макар-клубе лішнімі не будуць.

– Мне падабаюцца актыўныя людзі ў Касарычах, гэта супольнасць аднадумцаў, – кажа Дзімтрый. – Падабаецца ўсё, што яны робяць, каб вёска жыла, каб тут было цікава, каб з’яўляліся новыя жыхары або дачнікі.

  Сакавік 2026 г. Гэты дом набыў Дзмітрый у Касарычах і рамантуя яго.
Сакавік 2026 г. Гэты дом набыў Дзмітрый у Касарычах і рамантуя яго.

Восенню мінулага года Дзмітрый і сам набыў тут сядзібу – зараз паціху прыводзіць да парадку і ўчастак, і хату.

Працы шмат – хата стаяла без гаспадароў амаль 20 гадоў. Але Дзмітрыя гэта не пужае, бо ёсць досвед менавіта такога рамонту.

Рака – “рай” для рыбакоў

  Сакавік 2026 г. Рака Пціч каля Касарыч. Разліў.
Сакавік 2026 г. Рака Пціч каля Касарыч. Разліў.

А мы ідзём з Дзмітрыем далей, да яшчэ адной касарыцкай славутасці. На гэты раз прыроднай. Да ракі Пціч. У гэтым годзе разліў хоць і не вялікі, але да берага ракі мы падысці не змаглі. Уяўляю, як тут прыгожа летам, калі ўсё наўкол зялёнае. Увогуле, у Касарычах вельмі прыгожыя краявіды. Кругом багатыя на грыбы, ягады лясы. Каля ракі – і дзікія жывёлы, і разнастайныя вадаплаўныя птушкі. А ў Пцічы і зараз шмат водзіцца рыбы – “рай” для рыбакоў. Каля берагу тут заўсёды былі прывязаныя чаўны і пласкадонкі – звычайная з’ява ў вёсцы, што стаіць на берагу ракі. Дарэчы, у Касарычах у 1924 годзе была нават арганізавана рыбалавецкая арцель.

– Я бывае хаджу на раку на досвітку, каля 5 гадзін раніцы, парыбачыць і сустрэць світанак, – кажа Дзмітрый. – Аднойчы прыйшоў, закінуў вуду і чую нейкі гул, быццам машына едзе. Думаю, вось, таксама некаму не спіцца. Аж раптам бачу, з вады падымаюцца лебедзі. І не два-тры, а 50 птушак я налічыў! Гэта было неверагоднае відовішча.

Царква будзе ў вёсцы зноў

Калісьці ў Касарычах была і свая царква. Упершыню яна згадваецца ў канцы 17 стагоддзя. Царква была простая, знешне падобная на звычайны дом, і толькі купал нагадваў аб прызначэнні збудавання.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі пачалася антырэлігійная кампанія, касарыцкі храм зачынілі. У яе будынку пачала працаваць школа.

 Праект будучага касарыцкага храма. Фота: kosarichi.by
Праект будучага касарыцкага храма. Фота: kosarichi.by

Да нашага часу засталіся толькі рэшткі падмурка царквы. Тыя самыя неабыякавыя жыхары вёскі, яго расчысцілі. А восенню 2019 года залілі новы, трывалы падмурак.

 2019 г. Аднавілі падмурак царквы. Фота: kosarichi.by
2019 г. Аднавілі падмурак царквы. Фота: kosarichi.by

На гэта была сабрана каля 10 тысяч долараў. Збор сродкаў на будаўніцтва праводзіўся не толькі ў Касарычах і навакольных вёсках, але і ў іншых гарадах Беларусі і Расіі: на ўзвядзенне капліцы-храма ахвяравалі ў Бабруйску, Мінску, Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Тамбове, Белгарадзе… Грошай хапіла, каб набыць неабходныя матэрыялы і заплаціць за працу будаўнікам. У праекце – адбудаваць касарыцкую царкву нанова. На яе будаўніцтва працягваюць збіраюць грошы.

У вёсцы была свая бальніца…

Недалёка ад будынка Макар-клуба можна ўбачыць рэшткі падмурка і сцяны касарыцкай бальніцы. Так, у вёсцы нават была свая бальніца! У 1923 годзе у Касарычах быў адкрыты фельчарскі пункт, а ў 1948 годзе пабудавалі новае памяшканне бальніцы. Працавала тут і свая аптэка, і стаматалагічны кабінет. Звярталіся сюды па дапамогу не толькі жыхары Касарыч, а і людзі са ўсіх навакольных вёсак. Дзесьці ў 1997 годзе бальніцу зачынілі.

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

Месца, дзе стаяла бальніца, у мінулым годзе расчысціў Дзмітрый.

– Тут усё вельмі зарасло хмызняком, – кажа суразмоўца, – прыйшлося добра папрацаваць. Затое зараз відаць, дзе стаяў будынак. А яшчэ, мы тут знайшлі звярка з Чырвонай кнігі Беларусі – арэшнікавую соню, мышку такую маленькую. Я спачатку падумаў, што выпадкова забіў малечу, а аказалася, яна проста спала. Мы пасадзілі мышку на дрэва і яна амаль цэлы дзень потым назірала за нашай працай.

Цмок, камяні і збан на плоце

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

На 1 студзеня 2026 года, па дадзеных сацыяльнага пашпарта сельсавета, у Касарычах зарэгістраваны 21 чалавек. Але здаецца, што тут жыве нашмат больш людзей, бо сядзібы і дамы па доўгай-доўгай цэнтральнай вуліцы ўсе дагледжаныя.

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

Мы з Дзмітрыем прайшлі па вясковай вуліцы. Гаспадары некаторых дамоў – гэта людзі з розных гарадоў Беларусі, якія дазналіся пра Касарычы дзякуючы вясковаму сайту і сацсеткам. Прыехалі, паглядзелі, спадабалася, засталіся. Іншыя домікі належаць нашчадкам касарычан – хтосьці свядома пакінуў бацькоўскую сядзібу і даглядае яе, а хтосьці перадумаў прадаваць домік, убачыўшы, што ў вёскі з’явілася перспектыва.

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён. Сустракаюцца домікі з аргінальнай архітэктурай.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён. Сустракаюцца домікі з аргінальнай архітэктурай.

Сустракаюцца домікі нават арыгінальнай архітэктурнай формы і сядзібы з асаблівым ўпрыгожваннем. Вось, напрыклад, збан вісіць на плоце, як і калісьці.

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

А вось на агародзе, выпрабоўваюць зямную гравітацыю, скульптуры (амаль), складзеныя з камянёў.

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

А наступную сядзібу абараняе жалезны цмок – вялікі, грозны, але сімпатычны. Уражвае!

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён. сядзібу ахоўвае цмок.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён. сядзібу ахоўвае цмок.

Стаіць тут і самы стары ў вёсцы дом. Мясцовыя кажуць, што ён нібы быў пабудаваны яшчэ аж да 1917 года. На від – крэпкі. Прыгожыя адмысловыя аканіцы захаваліся на вокнах. У доме, на гарышчы, быў знойдзены ткацкі станок, што зараз знаходзіцца ў Макар-клубе. На станку выразаная дата яго стварэння – 1943 год.

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

Доўга мы ішлі па вясковай вуліцы, ад яе пачатку і да канца, магчыма, некалькі кіламетраў, і дайшлі аж да суседняй вёскі Заракуша. Вёскі падзяляе толькі невялікая канаўка.

Завяршэнне… аптымістычнае

 Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.
Сакавік 2026 г. Вёска Касарычы, Глускі раён.

Уражанне ад Касарыч склалася вельмі добрае, так бы мовіць, аптымістычнае. Калі ідзеш па доўгай вясковай вуліцы, дзе кожны дом мае сваю гісторыю, разумееш: Касарычы – гэта не толькі пра мінулае, але і пра сённяшні дзень, і пра заўтра. Тут сплятаюцца памяць і надзея, праца і планы ды мары, голас продкаў і смех дзяцей. І здаецца, што сама зямля, лес і рака падтрымліваюць гэты рух наперад. Касарычы жывуць – і будуць жыць, пакуль ёсць людзі, якія любяць сваю вёску і гатовыя аддаваць ёй час, сілы і сваё сэрца.