Бабруйская каралева – гісторыя кароткая але памятная

30
Дзяніс НОСАЎ
Бадай першая шырокавядомая, задакументаваная жанчына на Бабруйшчыне мае такое нядаўна звыклае бабруйскае імя Цыля, і такое ўсясветна вядомае прозвішча Габсбург. Жыла яна ў XVII стагоддзі, а памерла 182 гады таму, 24 сакавіка.

Бабруйск дакументальна вядомы з XIV стагоддзя, а ў сярэдзіне XVII-га стаў каралеўскай зямлёй – толькі не караля, а каралевы. Горад і вакольныя землі былі перададзеныя ў прамое ўладаранне каралевы Польскай і вялікай княгіні Літоўскай Цэцыліі Рэнаты Аўстрыйскай – нашай каралевы з дынастыі Габсбургаў.

Цэцылія Рэната Габсбург, эрцгерцагіня Аўстрыйская
Цэцылія Рэната Габсбург, эрцгерцагіня Аўстрыйская

Нарадзілася эрцгерцагіня Аўстрыйская, будучая вялікая княгіня ВКЛ і каралева Польшчы ў Аўстрыі, у горадзе Грац 16 ліпеня 1611 года. Ейнай маці была прынцэса Баварская Марыя Ганна Вітэльсбах, дачка Баварскага герцага Вільгельма V і Рэнаты Латарынгскай, а бацькам – эрцгерцаг Аўстрыйскі і сам імператар Свяшчэннай Рымскай імперіі Фердынанд II Габсбург.

Эрцгерцагіня, эрцгерцаг Аўстрыйскі – «старэйшы герцаг», стандартны тытул прадстаўнікоў аўстрыйскай галіны Габсбургаў, вышэй за яго толькі курфюрст (імперскі князь) і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Дзіцё высакародных бацькоў атрымала падвойнае шляхетнае імя Cäcilia Renata. Рэната, ясна, у гонар бабулі, а Цэцылія – магчыма таму, што была шостым дзіцём (адна з версій паходжання імя – ад лацінскага sextilius, «шосты»). А можна лічыць, што ў гонар будучага “свайго” гораду, дзе з цягам часу імя Цыля стане звыклым.

Цыля – і самастойнае яўрэйскае імя (Цыля, Цілла – «цень», «тая, што знаходзіцца пад покрывам (Бога)»), і скарочаная форма ад Цэцыліі (Cecilia ад лацінскага ці то sextilius, ці то caecus, «сляпы, цёмны» – што зноў вяртае да яўрэйскай Цылі ў ценю)

Пра юную Цэцылію вядома, што яна ў родным Грацы атрымала строгую каталіцкую адукацыію ў езуіцкай школе, вызначалася вялікай пабожнасцю, але і жыццярадаснасцю, весялосцю і вострым розумам – чым выклікала людзкую сімпатыю. Валодала нямецкай, італьянскай і лацінскай мовамі, любіла музыку, грала ў тэатралізаваных пастаноўках У 1624-м рукі юнай Цэцыліі прасіў прынцы Трансільваніі Габрыэль Бэтлен, але бацька адмовіў «аддаць далікатную дзяўчыну ў жонкі капрызнаму варвару, якому ўжо было 44 гады» (цытата з кнігі Ёгана Францля: «Фердынанд II. Імператар у канфлікце часоў»).

 Вільгельм Гондыюс. Конны партрэт каралевы Польскай і Вялікай княгіні Літоўскай Цэцыліі
Вільгельм Гондыюс. Конны партрэт каралевы Польскай і Вялікай княгіні Літоўскай Цэцыліі

Тым часам Уладзіслаў IV Ваза, новы кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі (а да 1634-га ён меў тытул і цара Маскоўскага, з 1610 па 1618 быў у Маскве намінальным царом) шукаў сябе жонку. Моцная ў дзяржаве каталіцкая партыя хацела шлюбу з каталічкай, для умацавання на еўрапейскай арэне карысным лічыўся шлюб з Габсбургамі (абедзьве жонкі ягонага бацькі, Жыгімонта III, таксама былі сёстры-Габсбуржанкі). Аўстрыя яшчэ больш хацела дапамогі Рэчы Паспалітай (у змаганні з бунтарскай Венгрыяй) – у выніку была дасягнутая дамоўленасць пра шлюб Уладзіслава з Цэцыліяй Рэнатай. За дапамогу ў арганізацыі гэтага палітычнага праекту вялікі каронны падскарбій Ежы Асалінскі атрымаў ад Фердынанда II тытул імперскага князя (праўда, Польша гэта не ратыфікавала). Але з-за насцярожанага ў тыя часы стаўлення ў грамадзтве Рэчы Паспалітай да Аўстрыі дамову некалькі год скрывалі. І бацька прынцэсы, імператар Фердынанд II да вясельля дачкі не дажыў. А ягоны спадкаемца, брат Цэцыліі Фердынанд III адмовўся перадаваць ёй усе абяцаныя бацькам у пасаг землі, аддаў толькі Віцінгаў (цяпер Тшэбонь у Чэхіі).

Медаль у гонар шлюбу Уладзіслава IV Вазы і Цэцылі Рэнаты Габсбург
Медаль у гонар шлюбу Уладзіслава IV Вазы і Цэцылі Рэнаты Габсбург

Цырымонія шлюбу адбывалася двойчы – спачатку папярэдняя ў Вене 9 жніўня 1637 года (дзе за жаніха быў ягоны брат Ян Казімір), а 12 верасня ў Варшаве галоўная. 13 верасня ў Варшаве адбылася каранацыя Цэцыліі Рэнаты – першая за 300 год польская каранацыя не ў Кракаве (што прывяло да абурэння шляхты і забароны паза-кракаўскіх каранацый – ужо праз 40 год зноў парушанай, і зноў дзеля Габсбургскай прынцэсы). Саюз Рэчы Паспалітай з Аўстрыяй атрымаўся ўдалы, асабліва для Аўстрыі, а шлюб – не вельмі, асабліва для аўстрыйскай прынцэсы. З сястрой і братамі караля у Цэцыліі склаліся вельмі прыязныя стасункі, а сам 42-гадовы Уладзіслаў надаваў значна маладзейшай жонцы мала сімпатыі ды ўвагі, а ейны аўстрыйскі этікет лічыў занадта строгім. І нашчадкаў трону ад іх так і не стала. І вось тут у гісторыю трапляе Бабруйск.

 Герб Казімера
Герб Казімера

Ад мужа каралева атрымала на вяселле карэту з золата й срэбра, а ў 1639-м – Бабруйскае староства. Бабруйскае староства Рэчыцкага павету Мінскага вяводства – сучаснай мовай гучыць як Бабруйскі сельсавет Рэчыцкага раёну Мінскай вобласці, але тое Бабруйскае староства было нашмат большым за цяперашні Бабруйскі раён. У яго уваходзілі ладныя часткі сёняшніх Кіраўскага, Глускага, Любаньскага, Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў – памерам практычна Бабруйская вобласць сярэдзіны 20 стагоддзя! І каралева Цэцылія тут разгарнулася. Апекавалася развіццём рамёстваў ды гандлю, на шляху ад Бабруйска да замку ў вёсцы Горваль (дзе Бярэзіна ўпадае ў Дняпро), на правым беразе Бярэзіны, заснавала Слабаду – па сучаснаму кажучы, свабодную эканамічную зону (Слабада = Свабода), дзе рамеснікі вызваляліся ад падаткаў.

Слабада па меркаванні вучоных развівалася паспяхова, раскопкі сведчаць, што тутэйшыя майстры валодалі еўрапейскімі тэхналогіямі вырабу рэчаў са шкла і гліны. І ўжо ў 1643-м Каралеўская Слабада вырасла ў горад Казімер (Казімір) – у гонар трохгадовага тады сына Цэцыліі і Ўладзіслава IV Жыгімонта Казіміра. І новы горад – з такой-та пратэкцыяй – адразу атрымаў Магдэбургскае права. Цяпер Казімер меў самакіраванне, герб – леў з мячом і човен пад зоркай, права ўводзіць мясцовыя законы, праводзіць кірмашы… Бабруйск атрымае Магдэбургскае права толькі ў 1764-м і нядоўга зможа ім карыстацца. І Цэцыліі Рэнаце не прыйшлося доўга цешыцца поспеху сваёй задумы.

Улаздслаў IV Ваза (Пітэр Пауль Рубэнс) , Цэцылія Рэната (Франс Лёйкс) і іх сын Жыгімонт Казімір
Улаздслаў IV Ваза (Пітэр Пауль Рубэнс) , Цэцылія Рэната (Франс Лёйкс) і іх сын Жыгімонт Казімір (Пітэр Данкерс дэ Рэй)

Не гледзячы на шматнацыянальную кроў каралеўскай і вялікакняскай сямьі – Уладзіслаў меў і шведскія карані, а Цэцылія датскія – гэты шлюб быў блізка-роднасным. Маці Ўладзіслава IV Ганна была роднай сястрой Фердынанда II, тобок цёткай Цэцыліі Рэнаты – атрымліваецца, Уладзіслаў ажаніўся са сваёй стрыечнай сястрой. У выніку іх сын Жыгімонт Казімір быў хваравітым, дачка памерла немаўляткай, трэцяе дзіцё нарадзілася мёртвым. І праз дзень пасля няўдалых родаў, 24 сакавіка 1644 года бабруйская каралева Цэцылія Рэната памерла, ўсяго на 33-м годзе жыцця. А ў 1647-м годзе памёр і нашчадак трону, 7-гадовы Жыгімонт Казімір.

Заснаваны ў Бабруйскім старостве каралевай Цэцыліяй горад Казімір існаваў з 1643 па 1655г. Праз 300 год амаль роўна ў гэтыя ж даты, з 1944 па 1954-ты існавала Бабруйская вобласць

Ягоны цёзка-горад паўтарыў лёс хлопчыка. Бліскучае нараджэнне і смерць зусім маладым. У Еўропе ў 1648-м скончылася жудасная Трыццацігадовая вайна, а ў Рэчы Паспалітай памёр Уладзіслаў IV і на беларускія землі аднавіліся казацкія набегі. У 1655-м і Казімір і Бабруйск былі спаленыя. Бабруйск аднавіўся і жыве – а Казімер не. 200 год ягонае месца пуставала, у 1887-м на ім з’явілася пасяленне старавераў, і цяпер там вёска Светлагорскага раёну, з такой гістарычнай назвай Каралёва слабада. Рэшткі Казіміра раскапаў мінскі вучоны Сяргей Рассадзін у 2006-12 гадах, ён жа ў 2001-м знайшоў Прывілей аб наданні гораду Магдэбургскага права. У 2016-м месца былога места Казімера атрымала статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці Беларусі.

Каралёва Слабада -2 – насамрэч першая Каралеўская слабада і горад Казімер
Каралёва Слабада -2 – насамрэч першая Каралеўская слабада і горад Казімер

Плод справаў бабруйскай каралевы Цэцыліі мог пераўзыйсці і зацяніць Бабруйск, а можа яны б квітнелі разам – але лёс склаўся так.