Ксёндз-канонік Андрэй Яркавец быў пробашчам бабруйскага касцёлу Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 10 год, з 2014-га па 24-ты. нарадзіўся ён 20 лютага 1975 года ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна, у мінулым годзе справіў юбілей ад нараджэння і малы юбілей служэння, 25 год.
Цяпер ён служыць у Багданава Валожынскага раёну.
– Вось якраз цяпер наведваю парафіянаў. Хрышчэнні, пахаванні, прычашчэнні, пахаванні – звычайнае жыццё вясковага прыходу, – кажа ксёндз Андрэй. – Гэткая зіма спраўдзіла нам сістэмы ацяплення касцёла і каплічкі – яны справіліся не зусім, зіма паказала слабыя мясціны. Дарэчы, кажуць, Бабруйск зноў сталіца холаду – глядзеў паказчыкі, дык мы ў Багданаве можам пацягацца.
А адпачынкі бяру кароткія, бо працы шмат. Мары на вялікі адпачынак ёсць, але пакуль галоўнае –праца і здароўе, за якім трэба сачыць і своечасова падмацоўваць.
З пацяпленнем чакаем актыўнасці жыцця ў розных сэнсах. За мінулы год нам падлаталі дарогу, заасфальтавалі – мо паедуць турысты, бо зусім блізка Гальшаны, Баруны. Летась даехаў да нас раварыст аж з Гомелю. Я яму стаў расказваць пра Станіслава Шабунеўскага, былога гомельскага галоўнага архітэктара, які родам з Бабруйску і аўтар нашага бабруйскага касцёлу – а турыст быў у курсе, прыемна.
І я заязджаў у Бабруйск, хоць і зусім на трошкі. Бачыў, што будынку АТС насупраць касцёла ўжо няма, зруйнавалі, і чуў як людзі спадзяюцца што вокны таго, што на тым месцы пабудуюць, будуць выходзіць на цяперашні, так бы мовіць, фасад касцёлу, і гэта дапаможа прыспешыць справу вяртання ягонага роднага выгляду. Дарэчы, быў заязджаў у Багданава Аляксандр Аляксеевіч Румак, упаўнаважаны па справах рэлігій – мы з ім пагаварылі і пра Бабруйск, дык ён сказаў, што просіць абласны выканкам паспрыяць хутчэйшаму аднаўленню гістарычнага выгляду касцёла.
– Гістарычны выгляд бабруйскага касцёла – гэта ж такая прыгажосць! Колькі можна мучыць горад гэтай каробкай? У мяне яшчэ засталіся кубачкі з выявай арыгінальнага выгляду касцёла – цёпла ад іх. І часам дару добрым людзям. Бабруйск для мяне назаўсёды родны, і не толькі таму што я праслужыў тут 10 год. Я адчуваю сакральную сувязь, бо бабруйскі касцёл Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі называаецца гэтак жа, як мой першы храм ва Ўдзела.
З народзінамі, айцец Андрэй! Хай Бог бласлаўляе!



