Любоў Драбовіч, рэдактар «Беларускай энцыклапедыі» і кніг «Памяць»: «Вельмі ўдзячная лёсу, што трапіла ў "Энцыклапедыю"»

42
Дзяніс НОСАЎ. Фота зз архіву гераіні
21 снежня день народзінаў адзначае наша знакамітая зямлячка, ураджэнка Глускага раёна, рэдактар «Беларускай энцыклапедыі» і кніг «Памяць» Любоў Драбовіч.
Бацькі Міхаіл Мароз, Клаўдзія Мароз (Сысой) з бабуляй Аўронняй Мароз трымаюць старэйшую дачку Ганну і пакуль малодшую Ніну 1 снежня 1953-га. Люба народзіцца праз год.
Бацькі Міхаіл Мароз, Клаўдзія Мароз (Сысой) з бабуляй Аўронняй Мароз трымаюць старэйшую дачку Ганну і пакуль малодшую Ніну 1 снежня 1953-га. Люба народзіцца праз год.

Любоў, тады Мароз, нарадзілася ў вёсцы Сцяпанаўка Глускага раёну 21 снежня 1954 года. Але па дакумантах дзень народзінаў у яе – 21 студзеня 1955-га. Для тых часін, дарэчы, не рэдкасць змена дат нараджэння. Якая менавіта прычына была ў яе выпадку, Любоў Міхайлаўна дакладна ня ведае, але падчас шматгадовых прац у архівах заўважыла і такую падрабязнасць:

Люба, Ганна і Ніна Мароз, 1958 г.
Люба, Ганна і Ніна Мароз, 1958 г.

– Многіх, хто нарадзіўся напрыканцы году, запісвалі на наступны год. Думаю, так рабілася для статыстыкі – маўляў, у гэтым годзе ўжо нармальна людзей нарадзілася, а што далей будзе, невядома, давай зробім запас.

А часам пераносы, магчыма, былі звязаныя з тым, што дэкрэтных адпачынкаў тады не давалі, толькі які месяц, дык маці і запісвалі малых пазней, каб лішні час з імі дома пабыць.

Бацька імянінніцы, Міхаіл Мароз, прыйшоў з вайны, па словах сваёй жонкі, «з шапкай медалёў», у тым ліку ордэнам Чырвонай Зоркі. Але пасля раненняў пражыў нядоўга – маці ў 31 год засталася адна з чатырма дзецьмі, малодшаму доўгачаканаму сыну Сяргею быў толькі адзін гадок. Але дзецям маці заўсёды паўтарала: «Ідзіце вучыцца!»

– І мы хадзілі ў школу за тры кіламетры ў Чыкілі – у Сцяпанаўцы была толькі пачатковая, – распавядае Любоў Міхайлаўна. – А ў хаце ў нас нават газета рэдка была, не было грошай выпісваць. Толькі радыё працавала, і яно было для мяне вакном у свет. Так я захацела пайсці ў журналістыку. Пісала допісы ў перадачу «Рамантыкі», іх чыталі ў эфіры. Але з першага разу не паступіла, не хапіла, як казалі, паўбала. Прасіла, аж выбівала вызваленне з калгасу, каб можна было вучыцца на вечаровых курсах для паступлення. Сваякі ў Мінску прытулілі, прапісалі ў вобласці і дапамаглі ўладкавацца ў дзіцячы садок нянечкай. А праз год на журфаку адкрылі вечаровае аддзяленне, яно не пастаянна было, а раз у шэсць год, толькі як скончыцца папярэдні набор. І я пайшла на яго, каб працягваць працаваць. Тыя «Рамантыкі» на мяне не забыліся і далі рэкамэндацыю для паступлення.

Лiст з перадачы «Рамантыкі»..
Лiст з перадачы «Рамантыкі»..

Дарэчы, дэканам журфаку тады быў Рыгор Булацкі, родам з Бабруйскага раёну. А дыпломную я пісала па газеце «Звязда» – тагачасным галоўным рэдактарам быў Аркадзь Тоўсцік з нашых Чыкілёў! Я наведвала рэдакцыю, але тады пасаромелася да яго заходзіць.

– З трэцяга курсу трэба было ўжо працаваць – хоць як, але па спецыяльнасці, – працягвае імянінніца, – і я пайшла на радыё машыністкай. Пальцам трохі тыцкаць магла, затое добра ведала мову. Вельмі мне там падабалася. Але прабыла толькі год. Былы карэспандэнт усесаюзнага радыё па Беларусі Уладзімір Салановіч, дарэчы, таксама з Бабруйскага раёну, а тады загадчык рэдакцыі эканомікі «Беларускай энцыклапедыі», звярнуўся на радыё з просьбай дапамагчы знайсці сабе чалавека на пасаду малодшага рэдактара, каб з добрым веданнем беларускай. Яму парэкамэндавалі мяне. Так я 1-га верасня 1976 году трапіла ў «Энцыклапедыю». Ведаў набралася на ўсё жыццё!

Люба Мароз (у цэнтры) бярэ аўтограф у народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 1974 г, фота ТАСС.
Люба Мароз (у цэнтры) бярэ аўтограф у народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 1974 г, фота ТАСС.

Напачатку наша гераіня рыхтавала невялікія артыкулы пра дарэвалюцыйныя прадпрыемствы. Удзельнічала ў падрыхтоўцы кароткай энцыклапедыі па эканоміцы. А ўвечары вучылася – чатыры дні на тыдзень. З 1988 году перайшла ў рэдакцыю агульнай гісторыі. І тут амаль адразу пачалася галоўная праца жыцця – гісторыка-дакументальныя хронікі «Памяць».

Любоў Драбовіч.
Любоў Драбовіч.

– У Маскве быў план – рабіць усё пра вайну, выдаць імёны ўсіх загінулых, – кажа Любоў Міхайлаўна. – Але ў Беларусі пайшлі далей, вырашылі на базе гэтых кніг зрабіць для кожнага раёну яго міні-энцыклапедыю. Кінулі заклік па ўсёй Акадэміі навук – хто хоча што напісаць пра свой раён, у розных галінах ведаў, запісвайцеся. А я была навуковым рэдактарам, наш аддзел збіраў ад усіх матэрыялы і апрацоўваў. Па спісах загінулых, вядома ж, таксама працавалі, ажно хадзілі па хатах, бо ў ваенкаматах інфармацыі не хапала. Звярталіся ў ваенкаматы па ўсяму Саюзу, каб звязалі нас з родзічамі загінулых у Беларусі – многія толькі ад нас даведваліся пра месца пахавання, а то было ў іх адно: «знік без звестак». І гэтыя спісы мы дублявалі па-руску, каб потым у якім Казахстане людзі маглі знайсці-пачытаць пра сваіх.

Хтосьці, можа, прыглядаўся – многія партрэты ахвяраў вайны ў кнігах «Памяць» выглядаюць падобнымі. Любоў Міхайлаўна тлумачыць:

– У 50-я ў многіх хатах з'явіліся партрэты загінулых на вайне родных, іх мы і бралі для «Памяці». А тыя партрэты пераздымаліся з адзіных здымкаў, што ў чалавека былі, з маленькіх фотакартачак ў дакумантах, дзе была практычна адна галава. І фатографы рэтушавалі здымкі ў адным стылі, падмалёўвалі пінжакі-гальштукі, нават калі чалавек ніколі іх не насіў. Так і атрымаліся сотні падобных партрэтаў. Але яны хоць былі, бо некаторыя, як мой дзядзька Сідар Мароз, засталіся без выявы, бо не было фотаздымкаў зусім.

Старонка кнігі «Памяць» Глускага раёна з рэдактарскімі праўкамі.
Старонка кнігі «Памяць» Глускага раёна з рэдактарскімі праўкамі.

Першай выйшла кніга «Памяць» Шумілінскага раёну, за ёй – Быхаўскага. Аздабленне кнігі тады было іншае, белае. У гэтых тамах былі вельмі вялікія спісы франтавікоў, бо ва ўсходніх раёнах паспявалі правесці мабілізацыю да акупацыі, і вызвалялі іх раней, таму і новая мабілізацыя пачыналася раней. Попыт, кажа Любоў Міхайлаўна, быў настолькі вялікім, што тыраж Шумілінскай кнігі склаў ажно 33 тысячы, Быхаўскай – 20 тысяч. Далей ужо тыражы былі меньшымі.

«Памяць» з аўтошрафамі намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкаму Сінькевіча і Зінаіды Валеевай
«Памяць» з аўтошрафамі намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкаму Сінькевіча і Зінаіды Валеевай

– Стала зразумела, што справа вялікая і надоўга, некаторым раёнам прыйшлося па два тамы выдаваць. Таму падключылі іншыя выдавецтвы. Так, горад Бабруйск выдала «Вышэйшая школа», а Бабруйскі раён – «Беларуская энцыклапедыя». Вялікі ўнёсак для раённай кнігі зрабіла Зінаіда Ахметаўна Валеева, яна сама шукала інфармацыю, склала для нас мэтадалагічныя рэкамэндацыі. Нядаўна я знайшла ў «Вячэрнім Бабруйску» яе ў спісах памерлых...

Потым выданне кніг «Памяць» аддалі новастворанаму выдавецкаму цэнтру БелТА. Любоў Драбовіч трапіла туды – працавала намеснікам галоўнага рэдактара і год – галоўным. Там выйшла «Памяць» Глускага раёна.

– Спісы мы самі не складалі, нам іх давалі, – заўважае суразмоўца. – І па Глускім раёне не далі нават майго бацьку і, як потым высветлілася, бацьку адной маёй зямлячкі. Свайго я хоць заўважыла і сама запоўніла, а пра бацьку зямлячкі ня ведала, не заўважыла, так ён у кнігу і не трапіў, непрыемна было. Зрэшты, тыя кнігі патрабуюць перавыдання – адкрыта шмат новай інфармацыі. Наогул, лічу, трэба выдаваць шмат кніг па сваёй гісторыі.

Кніга х аўтографамі старшыні Белтэлерадыё, народнага паэта Генадзя Бураўкіна і дыктара радыё Уладзіміра Юрэвіча.
Кніга х аўтографамі старшыні Белтэлерадыё, народнага паэта Генадзя Бураўкіна і дыктара радыё Уладзіміра Юрэвіча.

– Вельмі ўдзячная лёсу, што трапіла ў «Энцыклапедыю»! – кажа Любоў Драбовіч. – Што працавала з такімі мэтрамі – Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Алесь Петрашкевіч. І з камуністамі старой закалкі, якія ставіліся да працы вельмі строга і сумленна. Броўка дабіўся для выдавецтва «Энцыклапедыі» асобнага будынку. Цяпер яго забралі пад суд, і само выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» ужо закрыта.

У «Энцыклапедыі» Любоў Драбовіч працавала 23 гады, а яе агульны стаж – 37 год. Мае званне «Выдатнік друку». Выдавала і «Прыроду Беларусі», і «Чырвоную кнігу», але «Памяць» была самай вялікай працай.

Любоў з мужам Паўлам Драбовічам, маці Клаўдзіяй Мароз і сынам Мікалаем ля роднай хаты ў Сцяпанаўцы. 2000 г.
Любоў з мужам Паўлам Драбовічам, маці Клаўдзіяй Мароз і сынам Мікалаем ля роднай хаты ў Сцяпанаўцы. 2000 г.

А мужа Любоў знайшла не ў нетрах Акадэміі навук. Павел Драбовіч – электрык, родам з Браслаўскага раёну. Ажаніліся яны ў 1980-м.

– Я з Глуску, ён з Браславу – цікава! Яны там у Літву праз мост хадзілі. Зусім іншы край – нават розныя дыялекты. Так, у нас «сподак» – посуд-падстаўка, «сподняе» – ніжняя бялізна, а ў іх «сподкі» – рукавіцы.

У Любові і Паўла два сыны, нядаўна нарадзіўся чацвёрты ўнук. Бацькі – у Мінску, дзеці далёка, але дзякуючы інтэрнэту пастаянна на сувязі. А за родным домам у Сцяпанаўцы даглядаюць суседзі, што пераехалі з Бабруйску.

– Я з вялікай павагай стаўлюся да Максіма Танка і ягонай творчасці, – кажа Любоў Міхайлаўна. – І, як ён пісаў: «Што самае цяжкае на гэтым свеце? Прайсці праз вернасць». Сапраўды – цяжка і важна захаваць вернасць родным, сябрам, радзіме, роднай зямлі. Так імкнуся і жыць.

Любоў Драбовіч з маці Клаўдзіяй Мароз і сынам Андрэем ля роднай хаты ў Сцяпанаўцы . 2005 г.
Любоў Драбовіч з маці Клаўдзіяй Мароз і сынам Андрэем ля роднай хаты ў Сцяпанаўцы . 2005 г.

З днём народзінаў!