Бліны з печы. Смаката, якая вяртае да вясковага дзяцінства

36
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара
Пах свежых бліноў, трэск дроў і цёплае святло печы – у вёсцы Балашэвічы Глускага раёна мы адчулі смак дзяцінства.
Снежань 2025 г. Указальны знак каля вёскі Балашэвічы Глускага раёна.
Снежань 2025 г. Указальны знак каля вёскі Балашэвічы Глускага раёна.

З’ездзілі ў вёску Балашэвічы Глускага раёна ў госці да мясцовай жыхаркі Галіны Васільеўны Гембіцкай. А паехалі туды, каб убачыць, як гатуюцца бліны ў печы.

І вось мы на месцы. У вясковай хаце ўжо гарыць печ. Дровы патрэскваюць, нібы шэпчуць свае гісторыі, а агеньчыкі весела скачуць унутры, асвятляючы сцены цёплым ззяннем. Пакой напаўняецца асаблівым, духмяным пахам, што ідзе ад печы. Той, хто праводзіў лета ў бабулі ў вёсцы (або сам жыў там) ведае гэты непаўторны пах.

Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая гатуе бліны ў печы.
Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая гатуе бліны ў печы.

Цеста на бліны да нашага прыезду ўжо было падрыхтавана. Рэцэпт просты: кефір, мука, соль, крыху цукру, гашаная сода. Замест кефіру можна браць сыроватку, але тады цеста павінна быць не вельмі густое.

– Калісьці ў нашай вёсцы, – кажа Галіна Васільеўна, – жанчыны рабілі бліны на заквасцы, соды ж не было. Кожны раз пакідалі ў дзежцы крыху цеста, яно хутка скісала і бліны “раслі”. Але я, на жаль, не ведаю дакладны рэцэпт. Толькі памятаю, што ў такія бліны некаторыя дадавалі яшчэ і патаркаваную бульбу.

Снежань 2025 г. Бліны з печы падобныя на сонейка.
Снежань 2025 г. Бліны з печы падобныя на сонейка.

Асаблівасць прыгатавання бліноў у печы ў тым, што іх не трэба пераварочваць, толькі сачыць, каб не згарэлі. Галіна Васільеўна кажа, што ў яе надта добрая печ, да якой яна ўжо прызвычаілася і такога, каб нешта згарэла, не бывае. Дарэчы гэтая “памочніца” гаспадыні працуе ўжо больш за 60 гадоў. Вельмі добра яе некалі зрабіў мясцовы пячнік Мікодым.

Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая гатуе бліны ў печы.
Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая гатуе бліны ў печы.

Гаспадыня завіхаецца каля печы. На патэльню кладзецца цеста, а з печы яна вымае румяныя, пухнатыя блінцы – духмяныя і смачныя.

Паступова пах свежых бліноў напаўняе хату, робячы яе такой утульнай. Першыя бліны – маленькія. Навошта? Галіна Васільеўна трымае інтрыгу і кажа: “Потым раскажу”. А наступныя ўжо вялікія, пухнатыя, падобныя на сонейка. Складвае іх жанчына на ручнік.

Але, кажа гаспадыня, што ж гэта за бліны без смажанага сала з мясам ды яечні. Вось ужо і другая патэльня адпраўляецца ў печ.

Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая гатуе бліны ў печы. Да бліноў - смажаніна.
Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая гатуе бліны ў печы. Да бліноў - смажаніна.

Галіна Васільеўна кажа, што хоць і падключылі ў хаце электрычнае ацяпленне, але печ паліцца зімою і восенню амаль кожны дзень. А раз яна гарыць, дык чаго духу прападаць – гатуе гаспадыня і дранікі, і супы, і бабку з рабрынкамі ды іншыя стравы.

Снежань 2025 г. Смачныя стравы гатуюцца ў печы.
Снежань 2025 г. Смачныя стравы гатуюцца ў печы.

Але бліны з печы – гэта асобная гісторыя. Яны былі заўсёды вельмі важнай і любімай вясковай стравай. Галіна Васільеўна нарэшце раскрывае інтрыгу з маленькімі блінцамі.

Снежань 2025 г. Да бліноў смажаніна з яечняй.
Снежань 2025 г. Да бліноў смажаніна з яечняй.

– Вось гэтыя маленькія блінцы, – кажа гаспадыня, – пяклі нават на вясельны стол у якасці дэсерту. У былыя часы кожны госць на вяселле ішоў са сваімі стравамі: неслі бліны, халоднае, катлеты, кісель, у каго, што было. Дарэчы, толькі у Балашэвічах на вяселле рабілі кісель з сухіх дзікіх ігруш. Вельмі смачны. Да яго і пяклі маленькія аладкі.

Снежань 2025 г. Дэсерт з маленькіх блінцоў.
Снежань 2025 г. Дэсерт з маленькіх блінцоў.

Астуджвалі іх, памазвалі смятанай, пасыпалі цукрам, потым складвалі і выносілі на холад, напрыклад, у сенцы, каб насычаліся.

Снежань 2025 г. Стравы, прыгатаваныя ў печы.
Снежань 2025 г. Стравы, прыгатаваныя ў печы.

І мы пачаставаліся блінцамі, смажанінай, грыбамі з навакольных лясоў і тым самым дэсертам з малых аладачак. Усё смаката! А водар печы, смак бліноў, нагадалі дзяцінства і ўтульную бабуліну хату.

Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая - выдатная гаспадыня.
Снежань 2025 г. Галіна Васільеўна Гембіцкая - выдатная гаспадыня.