Верасень – час, калі ў самым разгары збор журавін. Ягад вельмі карысных і смачных. Вось і мы адправіліся ў вёску Бярозаўка Глускага раёна, каб адтуль трапіць на балота каля возера Баравое.
Шлях на балота
Я была на гэтым балоце некалькі дзясяткаў гадоў назад і зараз дарогу дакладна б не знайшла. Таму мы папрасілі мясцовую жыхарку, былую настаўніцу матэматыкі Ніну Міхайлаўну Ляпко (на жаль адмовілася фатаграфавацца), схадзіць з намі за журавінамі.
Ад Бярозаўкі да балота трэба ісці па лесу некалькі кіламетраў. Дарэчы, жыхары вёсак Жукавічы, Падлужжа, Згода, Пяценка, Вайціхова – ідуць да балота сваімі ляснымі шляхамі, якімі хадзілі яшчэ іх дзяды, прадзеды і іншыя далёкія продкі.
Да падыходу на балота з боку Бярозаўкі вядзе лясная дарога, а далей яна канчаецца і адзіным арыенцірам, як трапіць на балота, для ягаднікаў становяцца прывязаныя да галінак дрэў стужкі.
Паданне
Жыхары гэтых вёсак расказваюць паданне, што на дне возера Баравое ляжыць патанулая там вёска. Па легендзе яна стаяла на беразе возера. Там жылі закаханыя Алеся і Янка. Але пра іх каханне дазнаўся мясцовы пан. Каб разлучыць маладых, пан адправіў Янку рэкрутам у войска, а ў той час служба займала 25 гадоў, што азначала разлуку назаўсёды. Алеся, дазнаўшыся пра гэта, кінулася ў Баравое возера і ўтапілася.
…Быў апошні ранак-развітанне.
Моцна Янка прытуліў дзяўчыну!
Дубам стаў на золаку-світанні,
А Алеся стала азярынай…
Прыгажосць сваю, красу дзяўчына
Мяккім, белым мохам разаслала,
Слёзы Лесі – гэта журавіны,
А каханне іх паданнем стала…
(Урывак з вершу «Баравое» мясцовай паэткі Надзеі Прыгары)
Старыя людзі казалі, што адзін раз у стагоддзе, у дзень трагічнай гібелі дзяўчыны, на балоце пачынае дрыжаць белых мох і з возера падымаюцца драўляныя сцены хат.
Канешне, гэта толькі паданне, але ж у ім, магчыма, ёсць і доля праўды…
Збіраем журавіны
У адрозненні ад іншых ягад, журавіны збіраць значна хутчэй і лягчэй. Трэба толькі час ад часу крыху разгортваць калючую асаку і мох і вось яны – прыгожыя, тугія, чырванабокія журавіны.
Каб пазбегнуць парэзаў рук асакою, вопытныя збіральшчыцы, такія, як Ніна Міхайлаўна, надзяваюць пальчаткі, на якіх зразаюць верхавіны пальцаў.
Рэдка хто ідзе на балота за журавінамі з вядром – гэта і не патрэбна, бо тугія ягады не памнуцца і ў заплечніку, і проста ў торбачцы.
Затое ў такую лакацыю абавязкова трэба надзець гумавыя боты. І праверце, каб яны не прапускалі ваду, бо яна заўсёды знойдзе ў вашым абутку нават малюсенькую дзірачку. Як гаворыцца, праверана на сабе – з першых крокаў па балоту і да выхаду з лесу прыйшлося хадзіць з вадою ў боце.
Пры кожным кроку па моху пад нагамі выступае рудая вада: дзесьці крыху больш, дзесьці менш. А яшчэ пры кожным кроку паверхня «дрыжыць» – чым бліжэй да возера, тым больш. Гэта і дзіўна, і вельмі страшна, бо разумееш, што можна праваліцца ў багну і ніхто не выратуе. А мясцовыя жыхары да таго ж пужаюць і таямнічымі балотнымі “вокнамі” без дна, якія тут ёсць.
Людзей, якія збіраюць журавіны каля Баравога – шмат. Яны гукаюць адзін аднаго, тут жа на дрэвах зноў вісяць стужкі-арыенціры, каб не заблудзіцца і выйсці з балота да лесу.
З сямейнай парай з Глуска, Віктарам і Ірынай, давялося паразмаўляць. Размова пайшла яшчэ лепш, калі даведаліся, што размаўляюць з журналістам.
– Вось бы нехта напісаў і пра глускае балота, так, як Іван Мележ. Толькі называўся б твор «Глушчане на балоце», – ці то сур’ёзна, ці то пажартаваў Віктар.
Паабяцала напісаць, хоць узроўню Мележа дасягнуць вельмі складана.
– І абавязкова па-беларуску напішыце. Бо гэтыя ягады менавіта «журавіны», не магу называць іх «клюква», – сказаў Віктар. – У іх смак роднай мовы, прыгажосць нашых лясоў ды ўвогуле Беларусі, у іх чуецца голас журавоў, што тут жывуць и лётаюць над галавою…
І як пасля такога параўнання не выканаць просьбу – выконваю, пішу на роднай мове.
– У гэтым годзе журавін значна менш, чым раней было, – кажа жонка Віктара Ірына. – Пра такую колькасць ягад мая бабуля калісьці казала: «Такія журавіны збіраць па адной ягадцы, хіба што толькі ад смерці». Але ж мы збіраем і радуемся, што і столькі іх ёсць ва неўрадлівы год.
Возера Баравое
Яшчэ адна мэта, з якой мы прыйшлі на балота – паглядзець на возера. У маёй памяці яно было вельмі прыгожае! Вялікі прастор вады, павольныя хвалі ад ветру каціліся да самага берагу… Дарэчы, ваду з возера нават можна было смела піць – яна хоць і была жаўтаватая, але дакладна чыстая.
І якім жа было здзіўленне, калі я не ўбачыла таго воднага прасторы… Праз зараслі чароту быў відаць абрыс былога возера, але вады і хваляў не было, а толькі ў далечыні віднелася невялікае акенца вады памерам з вялікую лужыну… Уся астатняя паверхня зарасла травою…
Мясцовыя жыхары расказалі, што яшчэ некалькі гадоў назад такога не было і да самай вады падыходзілі рыбакі, прывязвалі нават там лодкі.
Свая прыгажосць побач
У нас не было мэты назбіраць пэўную колькасць журавін, але ж нашы торбачкі, пакуль мы ішлі да возера і назад, хутка напаўняліся чырвонымі ягадкамі – і гэта вельмі парадавала.
У гэтым падарожжы на адно з глускіх балот (так, у нашым раёне, у нашым Палесскім краі, яно не адно) ад сваёй сяброўкі пачула такую фразу: «Навошта нам ехаць за сотні кіламетраў, каб паглядзець на далёкія, хоць і зробленыя спецыяльна для турыстаў, балоты, калі ў нас побач ёсць сваё – такі прыгожы і некрануты куток прыроды!»