Віншаванне біскупа Аляксандра Яшэўскага з Вялікднем

66
Аддзел Курыі ў Магілёўскім Рэгіёне
У нядзелю, 20 красавіка, каталікі святкуюць Вялікдзень. Да вернікаў звяртаецца біскуп Аляксандр Яшэўскі, S.D.B. Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.

Дарагія Браты і Сёстры!

Сардэчна віншую вас з вялікім і светлым святам – Пасхай – і звяртаюся сёння да кожнага з вас са словамі велікоднага прывітання:

Х р ы с т о с У в а с к р о с !

Уваскрасенне Хрыста – самае радаснае і доўгачаканае свята ў літургічным годзе, бо дорыць нам асаблівую радасць ад усведамлення перамогі Збаўцы над апошнім ворагам — смерцю, дорыць упэўненасць у нашай несмяротнасці і вечным прабыванні ў Нябесным Валадарстве.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, S.D.B. Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.Фота касцёла.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, S.D.B. Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.Фота касцёла.

Добры Бог дараваў усім людзям вечнае жыццё, але, каб быць годным гэтага вялікага дару, чалавек павінен праявіць намаганне, зрабіць рашучы крок насустрач Хрысту. А ў Хрыстовым Касцёле ёсць усё неабходнае для дасягнення гэтай мэты. Ён, як любячая Маці, адорвае сваіх дзяцей усім, што карысна для збаўлення, звяртае да нашых сэрцаў добрую навіну Евангелля, навучае нас словамі мудрасці, асвячае нас святымі сакрамэнтамі.

З моманту Хрыстовага Уваскрэсення кожны хрысціянін у любых жыццёвых абставінах можа спадзявацца на ўсемагутную Божую дапамогу. З Богам мы можам пераадолець любыя цяжкасці, бо кожны з нас дзякуючы Уваскрасенню Пана атрымаў адвагу, і ўслед за апосталам Паўлам можа ўсклікнуць: я «усё магу ў Езусе Хрысце, які мяне ўзмацняе» (пар. Флп 4,13).

Жадаю, каб вера ў Езуса Уваскрослага жыла ў сэрцы кожнага з нас. Няхай жа ў гэтае радаснае свята кожны чалавек адчуе асаблівае шчасце, адчуе любоў Бога, зразумее сэнс жыцця і моц еднасці, адкрые сэрца, у якім народзіцца вясна надзеі, што нясе ўсім хрысціянам Святы Юбілейны 2025 год.

ХрыстУс уваскрос!

Сапраўды Уваскрос!

Аллелюя!