На другі дзень фестывалю мы наведалі кафэ «Шпаркі лось», каб пакаштаваць фірменны «Сэт ад Кухара Лася».
Карысная інфармацыя
Адрас: вул. Першамайская 22а. Знаходзіцца ў цокальным памяшканні ГЦ «Гранд Цэнтр».
Калі можна наведаць: штодзённа з 11 да 23-00.
Забраніраваць столік можна па тэлефоне: (29) 954-77-54 або праз дырэкт у Інстаграме.
У Фестывальнае меню ўваходзілі 3 сапраўды беларускія стравы з самых што ні на ёсць звычайных прадуктаў: бульбы, сала з мясам, мукі, яблыкаў і бурака, якія заўжды былі на сталах нашых продкаў – ад беларускага пана да звычайнага селяніна.
- Халаднік па-беларуску
- Бульбяныя аладкі з зажаркай і разнасоламі
- Яблычны пірог.
Загадкі на стале і ў талерцы
Пачалося ўсё зусім нечакана – з загадак. Яны былі паўсюль на сталах, таму нам было чым заняцца падчас чакання смачнай вячэры з нацыянальным каларытам. Загадкі не былі складанымі, але ж калі нехта не здагадаецца, напрыклад, хто на сваёй галаве лес носіць, для таго ёсць маляваныя падказкі.
Халаднік па-беларуску
Ну добра, адказваць на пытанні асабіста мне прыходзілася не раз. А вось разгадваць страву – ніколі. Аказалася, што звычайны з выгляду ружовы халаднік з яйкам и зелянінай, які нам прынеслі разам з бульбянымі дзелькамі на гарнір, – не такі ўжо і звычайны, а мае свой асабісты сакрэт. Пра гэта распавяла адміністратарка кафэ. Я спрабавала есці гэты халодны суп па-усялякаму: і з заплюшчанымі вачыма, і з расплюшчанымі. Нешта сапраўды ў ім было такое незвычайнае, але менавіта што – мы так і не здагадаліся. Падказак не было, а кухар не прызнаўся, які сакрэтны інгрэдыент дабавіў у халаднік. Адно магу сказаць: мне спадабаўся ў ім свежы смак хрумсткай гародніны. Дзелькi таксама парадавалi. Яны были жоўценькія ды румяныя, як з сапраўднай вясковай печкі і рабілі ўражанне ад прыгожай стравы больш поўным. А на адгадкі ёсць яшчэ час да наступнага панядзелка, а потым, магчыма, з’явіцца і новы сакрэт.
Бульбяныя аладкі з зажаркай і разнасоламі
Наступная страва была таксама з бульбы. З бульбачкі. Калі прынеслі аладкі, я спачатку падумала, што гэта нешта падобнае да дранікаў. Але высветлілася зусім іншае. Як быццам звараную гародніну растаўклі ў пюрэ і падсмажылі на патэльні са шкваркамі. Гэта вельмі смачна і сытна. Упэўнена, што такія ж аладкі пекла ў вёсцы мая прабабуля свайму дзеду. Падаваліся яны разам з марынаванымі гуркамі-памідорамі і мясным суправаджэннем – сакавітай і мяккай свінінкай з салам. Наеліся мы з маім спадарожнікам да паліцы, сапраўды па-панску.
Яблычны пірог
Салодкае ужо нікуды не змяшчалася, бо страўнік не гумовы. Але румяны яблычны пірог і белае, як снег, марозіва з надзвычай свежымі зялёнымі лісцікамі мяты выглядалі надта апетытнымі. Нікуды мы не дзеліся – з’елі усё да апошняй кроплі. Пірог быў мяккім і духмяным, а яблыкі ў ім – кісла-салодкімі, як і мае быць у яблычных пірагах. Спалучэнне халоднага марозіва і цёплага печыва з аднаго боку уразіла кантрастам: цеплыня і холад, а з другога – мяккасцю і далікатнасцю смаку. Раней я так не спрабавала, каб адно да аднаго. Але ж, на тое і патрэбныя такія кафэ, як «Шпаркі лось», у якіх нават звычайнае падаецца па-іншаму, каб нечым здзівіць госця.
Вынікі
Шчыра кажучы, мяне уразіць сэтам ад кухара Лася цалкам атрымалася. Нягледзячы на тое, што за вакном быў дождж – лянівы лівень. Цёпла засталося на сэрцы. Ці то ад смачнай ежы, ці то ад келішка халоднага піва, ці то ад таго, што зноўку апынулася ў беларускамоўным асяроддзі. Гэта той самы момант, калі адчуваешь сябе дома, у сваёй краіне, сярод такіх жа, як і ты, беларусаў. Тут нават знізяць табе цану за сняданак толькі за тое, што ты размаўляў па-беларуску. Мы таксама размаўлялі на роднай мове, але зусім не дзеля таго, каб атрымаць зніжкі.
Упэўнена, што сюды прыходзяць не толькі паесці, але і за добрым настроем. Ну як яму не з’явіцца, гэткаму настрою, калі заходзіш нават у прыбіральню, а там нешта пра разумовае напружання кажуць і знак вісіць: «Купанне і рыбалка забаронены» і прапанова заставацца на месцы да канца прадстаўлення. Я вельмі цаню гумар.
Магу дакладна сказаць, што гэтае кафэ цалкам для мяне. Яно адрозніваецца, на мой погляд, ад іншых. Ёсць у ім свой шарм і асаблівасць. Вось такія думкі і пачуцці пасля звычайных будзённых пасядзелак у кафэ «Шпаркі лось». Раю прыйсці сюды, паспець паспрабпваць фестывальны сэт ад кухара Лася і ўбачыць усё, што не апісаць словамі, на свае асабістыя вочы.