Дарагія сябры!
У гэтыя дні, калі мы святкуем прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, няхай нованароджанае Дзіцятка атуліць Вас сваім благаслаўленнем.
Божае Нараджэнне напоўненае глыбокім сэнсам: Бог сярод нас, Бог Сапраўдны, Вечны і Усемагутны, Творца ўсяго і абсалютны Валадар прыходзіць да нас з адным жаданнем – збавіць нас.
Будучы руплівымі і найлепшым чынам выкарыстоўваючы сродкі, якія Ён дае нам, мы павінны чакаць усяго ад Яго. З нашым Панам мы можам зрабіць усё, у якой бы сітуацыі мы не знаходзіліся, і асабліва ў гэтым XXI стагоддзі.
Больш, чым калі-небудзь, мы на ўсё павінны сёння глядзець вачыма веры, – той веры, якая перамагае свет, якая дае мужнасць у барацьбе, той веры, праз якую мы супрацьстаім спакусам і пасткам злога.
Менавіта гэтая вера дапамагае нам распазнаць у Нованароджаным нашага Бога, – Слова, якое сталася целам, Збаўцу свету, які просіць нас бязмежна даверыцца Яму і ўскласці ўсю надзею нашу і ўсе клопаты на Яго.
Няхай Бэтлеемская зорка заззяе і ў нашых сэрцах, абвяшчаючы Добрую Навіну і ўзмацняючы веру, надзею і любоў, каб жыць гэтымі цнотамі ўвесь надыходзячы Новы 2023 год.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, S.D.B. Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Расклад Святых Імшаў на Божае Нараджэнне у касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве
24 снежня Вігілія Божага Нараджэння
21.45 Пастэрка пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага з трансляцыяй на Белтэлерадыёкампаніі
25 снежня Божае Нараджэнне
9.00; 11.00 пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага; 13.00; 18.30.
16.00 – Калядны канцэрт арганнай музыкі Веранікі Багдановіч-Язвінскай (Віцебск).
30 снежня Свята Святой Сям’і
9.00; 18.30 пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага з аднаўленнем сужанскіх абяцанняў.
Расклад Святых Імшаў на Божае Нараджэнне у касцёле Св. Антонія ў Магілёве:
25 снежня Божае Нараджэнне
9.00; 10.30; 12.00; 16.00.
Нагадваем, у суботу 24 снежня прамая трансляцыя святой Імшы Пастэркі будзе весціся на тэлеканале «Беларусь 1» з магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Узначаліць урачыстую цэлебрацыю адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.