Разам з дыпламатам наш горад наведаў саветнік Апостальскай нунцыятуры ў Мінску монсіньёр Джон Каларакал. Суправаджаў іх Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Вернікі сустрэлі прадстаўнікоў Ватыкана спевам Ecce Sacerdos Magnus («Вось святар вялікі»).
Біскуп Аляксандр Яшэўскі заўважыў, што візіт Апостальскага Нунцыя праходзіць на фоне 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.
«У вашай асобе сёння сярод нас прысутнічае сам Святы Айцец, Папа Францішак. Шчыра дзякую Вашай Эксцэленцыі за прынятае запрашэнне наведаць нас, каб не толькі сваёй прысутнасцю ўзбагаціць нас, але і праз скіраванае да нас слова дапамагчы духоўна ўзрасці, адкрыць нанава хрысціянскія каштоўнасці», — выказаўся біскуп Яшэўскі.
«За апошнія 30 гадоў Каталіцкі Касцёл аднавіў і развіў свае структуры і разам з імі жадае працягваць сваю евангельскую місію праз падтрыманне дабрачыннай дзейнасці, міру, сацыяльнай справядлівасці і ўзаемапавагі ў беларускім грамадстве», — сказаў Нунцый Ёзіч.
Паводле яго, добрым вынікам сумеснай працы касцёльных і дзяржаўных уладаў стала перадача гістарычнай магілёўскай катэдры ў бязвыплатнае карыстанне католікам, якія дагэтуль павінны былі плаціць штомесячную арэндную плату.
«Валадарства Хрыста — гэта Валадарства любові, праўды, справядлівасці і міру. Толькі гэтае Валадарства можа вырашыць праблемы сучаснага чалавека і сучаснага грамадства. Сёння мы ўсе запрошаныя прыняць удзел у гэтым Валадарстве Езуса; запрошаныя святкаваць каралеўскую годнасць нашага Пана, беручы свой крыж», – заключыў прадстаўнік Святога Пасаду.