Васіль Аўраменка: лекар з душой паэта, або Людзі, якія нас натхняюць

1204
П. ЛЕВАНОВИЧ. Фото героя материала
Працягваем знаёмствы з цікавымі людзьмі. Гэтым разам у фокусе ўвагі нашай апынуўся вядомы ўрач, бард, паэт Васіль Аўраменка. Апроч іншага, распавядзём пра яго зборнік паэзіі «Кругі і колы».

З Васілём мы пазнаёміліся нечакана. Гадоў 20 назад сябры запрасілі на пасяджэнне клуба «Чароўны ўспамін» (быў такі ў Магілёве). Ён аб’ядноўваў выкладчыкаў, мастакоў, музыкаў ды і проста добрых людзей. Былі гэта невылечныя валацугі, якія з’ездзілі ўздож і ўпоперак усю Беларусь, паглядзелі на ўсе замкі, змерылі пешшу ўсе пушчы і лугі. Тым разам пасяджэнне адбывалася ў пералеску. Здаецца, недзе ў Магілёўскім раёне.

Васіль Аўраменка спявае. Магілёў 2015 год. Фотаздымак з архіва аўтара матэрыяла
Васіль Аўраменка спявае. Магілёў 2015 год. Фотаздымак з архіва аўтара матэрыяла

Успамінаўцы разбілі намёты, нацягалі галля, расклалі вогнішча. Жанчыны завіхаліся каля прадуктаў, мужчыны гаманілі ды па большай частцы лайдачылі. Ведаў я толькі некаторых – фатографа Сашу Ліціна, мастака Базыля, гісторыка Агеева. Патаптаўся ў нерашучасці і вырашыў нарэшце падыйсці да невялікай купкі мужчын, якія нешта заўзята абмяркоўвалі. Апынулася, што гутарка пра музыку.

Мужчына ў акулярах – падобны да Доктара Айбаліта – распавядаў пра джаз. Буду шчырым, джаз я не надта каб любіў, таму не дужа прыкладаўся вухам. Прыемна ўразіла манера трымацца Доктара Айбаліта. Гэта быў надзвычай інтэлегентны, па ўсяму відаць, адукаваны і разумны чалавек. Мне, вясковаму і, на жаль, не надта выхаванаму боўдзілу, заўжды хацелася займець хоць кроплю гэтай інтэлегентнасці.

Потым – калі жанчыны навялі парадак у нашым лагеры – адбылося ўрачыстае адкрыццё пасяджэння. Наколькі гэта, канешне, магчыма было ў лесе… У цэнтр імправізаванага кола выйшаў Айбаліт з гітараю на шыі. Да гэтага часу памятую тое, што менавіта ён спяваў: «Магі-Магілёў, музыка чароўных сноў…» Гэта песня была прысвечана нашаму роднаму гораду. Я яшчэ тады падумаў: «Навошта вынаходзіць нейкія цмяныя гімны Магілёву? Вось жа ён, ёсць! Ужо прыдуманы!» Запытаўся шэптам у знаёмай: «Хто гэта спявае?» Жанчынка неяк паглядзела на мяне ці то са здзіўленнем, ці то з недаўменнем (маўляў, ты што, хлопча, прыдурак?) і гучна адказала: «Васіль Аўраменка!»

Васіль Аўраменка… Сёння я ведаю яго і як лекара, і як музыку, і як выдатнага паэта. Пра творчасць Васіля я б і хацеў тут распавесці больш падрабязна. Але спярша ўсё ж варта згадаць тое, што Васіль – прафесійны ўрач, ён вядомы ў Магілеве неўролаг, спецыяліст сапраўды еўрапейскага ўзроўню. Тады – 20 год назад – я не памыліўся: спяваў сапраўды Доктар Айбаліт. Але вернемся да паэзіі. У 2020 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга Васіля Аўраменкі пад назваю «Кругі і колы: джаз-моўныя практыкаванні, альбо Дапаможнік па навігацыі ў кіраваным хаосе».

Гэта зборнік вершаў, упарадкаваных паводле альфабэты – на кожную літару ёсць асобны твор. Згаданая акалічнасць ужо сама па сабе цікавая. Адразу заўважу, што вершы Васіля прызначаныя для гурманаў. Чытач, які прызвачаіўся да нечага лёгкага і нават летуценнага, непазбежна спатыкнецца аб біблейныя матывы, нечаканыя метафары і рэмінісцэнцыі. Гэта вам не Марціновіча чытаць – тут думаць трэба. Разумею, што фармат СМІ не дазваляе рабіць сур’ёзны літаратурны агляд. Тут гэта, напэўна, і не трэба… Сваю задачу я бачу ў тым, каб пазнаёміць наведвальніка нашага сайта з цікавым чалавекам, указаць на творчасць, якую – як мне думаецца – не варта абмінаць. Вось невялікая цытата са зборніка (верш «Банальнае»):

Каханне чакае прызнання.

Любоў вымагае яднання.

Секс – судакранання.

Нянавісць – варагавання.

Развод – раздзірання.

Боль – лекавання.

А сонца?

А сонца заўжды прачынаецца зрання.

Паэзія Васіля Аўраменкі будзе цікавая тым, хто глядзіць на свет з дзіцячай няўрымслівасцю, імкнецца адкрываць для сябе амерыкі ў канцы знаёмай з дзяцінства вуліцы. На жаль, я не магу вам параіць кніжную краму, дзе можна набыць «Кругі і колы». Выйшаў збрнік дробным накладам – усяго 99 экзэмпляраў. Асобныя вершы ёсць у інтэрнэце. Раю таксама пачытаць эсэістыку Васіля. Паверце! Яна таго вартая… (шукайце таксама на прасторах інтэрнэту).

На развітанне яшчэ адна цытата («Жыццядайнае»):

Астатні раз, апошняе жыццё…

Хай будзе яно нядоўгім,

як полымя ўраз, як вогненны прас,

хай выправіць ды мне напомніць

пра цяжкія дні, пра жарсці агні,

пра радасць і жахі падзення.

І разам з агнём я вып’ю набгом

апошнюю тайну збавення…