Што рабіць, калі вучань англійскую мову разумее, а беларускую – не? Парады ад Юрася Каласоўскага

1991
П. ЛЕВАНОВИЧ. Фото героя материала
Магілёўскі настаўнік Юрась Каласоўскі разважае пра тое, як павярнуць тварам сучасных школьнікаў да беларускай мовы і літаратуры, а таксама пра місію педагога ў ХХІ стагоддзі.

– Юрась, ці ёсць у педагога пэўная місія? Ці мо прыйшоў на ўрок, адбыў і да пабачэння, дзеткі?

– Лічу, што яна павінна быць. Для прыкладу, калі я заходжу ў клас, бачу дзетак, то хочацца не проста вывучаць з імі мову ці літаратуру. Сваю місію я бачу ў тым, каб паказаць, што беларуская мова – гэта нармалёвы сродак зносінаў, якім магчыма карыстацца ў паўсядзённым жыцці. Часта дзеці ў мяне пытаюцца: Што мы – малыя – можам зрабіць для мовы, калі ўсе навокал размаўляюць расійскай. Я на гэта адказваю: Пачніце з таго, што налады вашага смартфона перавядзіце на беларускую мову (гэта ж так лёгка зрабіць!), павіншуйце вашага сябра, матулю, тату на роднай мове, павітайцеся па-беларуску з суседам.

Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі разважае пра беларускую мову і літаратуру
Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі разважае пра беларускую мову і літаратуру

Ніякіх гераічных учынкаў тут, канешне, рабіць не варта, пачынайце заўжды з сябе. Дзеці на мае прапановы зазвычай рэагуюць станоўча. Для мяне істотна тое, што яны ўжо не глядзяць на беларускую мову як на забранзавелы помнік. Настаўнік мусіць давесці: мова – наш спадарожнік, добры сябра, а не сувенір на паліцы. Вось пра гэта мы часта размаўляем падчас заняткаў, а таксама, здараецца, і на перапынках.

Прыблізна гэтакі ж падыход і да выкладання беларускай літаратуры. Неяк здзейсніў педагагічны эксперымент – папрасіў вучняў напісаць прозвішчы пяці сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дзеці напісалі імёны тых, каго ўжо даўно няма побач з намі – Колас, Купала, Багдановіч, Быкаў, Караткевіч… Я ўсё ж настойваю: а каго вы можаце назваць з жывых аўтараў – тых, з кім магчыма пабачыцца, паразмаўляць, папіць кавы? На жаль, адказаць на маё пытанне здолелі толькі адзінкі.

Тут мая місія ў тым, безумоўна, каб паказаць, што беларуская літаратура – гэта жывая з’ява, што ў нас ёсць сапраўды выбітныя аўтары, на старонку якіх у інстаграме магчыма падпісацца, паставіць падабайку пад іх допісамі. Так, зусім нядаўна Дзень народзінаў адзначаў Адам Глобус, і вучні павіншавалі яго ў сацыяльных сетках. Прыемна тое, што пасля гэтакай працы маладзёны даволі ўпэўнена называюць многіх паэтаў – Віталь Рыжкоў, Анка Упала, Віктар Жыбуль… І гэта не проста абстрактныя людзі, а тыя, каму яны нешта пісалі, з кім мелі размовы. Я нават прапаноўваў вучням заданне: папрасіць пэўнага пісьменніка параіць некалькі кніг, якія, на яго думку, варта прачытаць.

Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі разважае пра беларускую мову і літаратуру
Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі разважае пра беларускую мову і літаратуру

Так склалася, што год таму мне давялося перайсці на новую працу. Гэта была прыватная школа. Назіраў за тым, як вучні восьмага, дзявятага класа – не благія вучні – лексікі беларускай мовы не ведалі амаль зусім. Зразумела, вырашыў з гэтым неяк змагацца… Прасіў скласці некалькі сказаў на бяскрыўдную тэму – дзіця ад гэтай маёй просьбы ўпадала ў ступар, бо не мела слоўнага запасу. Яшчэ горш з ведамі тых дзетак, якія прыйшлі з пачатковай школы. Для іх беларуская мова цяжэйшая за ангельскую.

Я разумею тое, што няма ніякага плёну ад таго, калі мы проста будзем засвойваць правілы мовы, а ўласна самой мовай не карыстацца. Па гэтай прычыне на ўроках я ўсталёўваю правіла: размаўляць з вучнямі толькі па-беларуску, і заахвочваю іх да таго ж самага.

Часта заданні па беларускай мове атрымліваю праз вайбер. Вучні пішуць: Добрый вечер. Заданія по белорусскому языку. Я ў іх пытаюся: А што павітацца па-беларуску нельга? А што можна? Перапытваюць. Канешне, можна і нават трэба.

Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі разважае пра беларускую мову і літаратуру
Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі разважае пра беларускую мову і літаратуру

– Ці паспявае беларуская школа за часам? Як вы – настаўнікі – спраўляецеся з тым, што ўсё надта хутка змяняецца?

– Канешне, пра ўсю беларускую школу казаць не магу, скажу толькі пра сябе. Сапраўды, своеасаблівая гонка з часам адбываецца, і ў школу часта прыходзяць вучні, якія непараўнальна лепш валодаюць сучаснымі тэхналогіямі. Настаўніку трэба не адставаць ад іх, трэба развівацца. Асабіста я выкарыстоўваю сацыяльныя сеткі. Звяртаюся на ўроках да краязнаўчых хвілінак. А дзе ў Магілёве знаходзіцца вуліца Купалы ці Коласа, дзе сімвалічная магіла Цішкі Гартнага? Даю заданне вучням знайсці такую вуліцу і прачытаць верш пісьменніка, зрабіўшы відыё.

Мая асноўная задача – вырваць дзетак з той інфармацыйнай бурбалкі, дзе ўсё толькі на рускай мове. Падаю ім прыклады беларускамоўных блогераў, паказваю, колькі ў іх падпісчыкаў. Маўляў, можна ж быць папулярным і на беларускай мове. Зразумела, я не кажу пра тое, што не трэба выкарыстоўваць рускую мову. Калі ласка, чаму ж не! Наўпрост я імкнуся паказаць тое, што існуе іншы пласт культуры, яго варта заўважыць – і, магчыма, ён падасца маладым людзям прывабным.