Бабруйскі дуб-волат, што захаваўся ў цэнтры гораду на цяперашняй вуліцы Гогаля непадалёк ад скрыжавання з Чангарскай, расце тут з часоў Рэчы Паспалітай, яму больш за 300 гадоў. З 2003 году ён мае сатус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння. Але ў ліпені гэтага года вучоныя Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах правялі комплекснае абследаванне ўнікальных прыродных аб’ектаў Магілёўскай вобласці, піша «Звязда» – вынікі для бабруйскага волата сумныя.
Эксперты склалі акт абследавання помніка прыроды, у якім апісалі праблемны стан векавога дрэва і рэкамендавалі разгледзець пытанне зняцця з Дуба-волата статусу помніка прыроды. Святлана Цярэшчанка, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах расказала:
– Пашкоджанні Дуба-волата ў Бабруйску звязаныя з натуральным разбурэннем. Дрэва страціла галіну першага парадку з часткай ствала. У месцы разгалінавання шкілетных галін з’явіліся дуплы, а трутавыя грыбы на ствале дрэва сведчаць аб наяўнасці ствалавой гнілі. Галіны ў асобна стаячага дрэва знаходзяцца прыкладна ў адным радыусе ад ствала па ўсіх напрамках. Калі ламаюцца шкілетныя галіны, дрэвы губляюць устойлівасць. У Дуба-волата ў Бабруйску зламаная адна з буйных шкілетных галін, другая мае нахіл каля 30 градусаў. Моцны вецер можа яе зламаць.
Толькі за апошнія пару год у Бабруйску прайшло некалькі "ураганаў мясцовага значэння", штармавых вятроў з мноствам паваленых дрэваў – дуб-волат выстаяў. Але экперты НАН рэкамэндуюць моцна з гэтага не цешыцца. Бо на жыццяздольнасць раслін уплывае комплекс фактараў – не толькі месца вырастання, але і наяўнасць ці адсутнасць шкоднікаў, хвароб, глебава-гідралагічныя, кліматычныя і іншыя ўмовы.
– Каранёвая сістэма дуба ў Бабруйску схільная да антрапагеннага прэса (тобок пакутуе ад дзейнасці чалавека), – тлумачыць Святлана Цярэшчанка. – У ёй адбываюцца парушэнні працэсаў цыркуляцыі вады і паветра, дрэва не атрымлівае дастатковай колькасці пажыўных рэчываў. Акрамя таго, на дуб аказваюць уздзеянне выкіды ад аўтамабільнага транспарту і прамысловых прадпрыемстваў.
За станам Дуба-волата назірае КУП «ДЭП Бабруйска». Трэба адзначыць, што эксперты НАН высока ацанілі ягоную дзейнасць. Супрацоўнікі прадпрыемства выдаляюць сухія галіны, дэзынфікуюць і пламбіруюць расколіны антысептычнымі сродкамі. У 2015 годзе ствол дуба сцягнулі сталёвым абручом – ён змацоўвае расколіну ў драўніне, перашкаджае доступу вільгаці ўнутр дрэва праз разлом. Але прафілактычныя меры не спыняюць працэсы натуральнага разбурэння. Да таго ж бабруйскі Дуб-волат расце ў цэнтры горада, побач з тратуарам і праезнай часткай, паміж будынкам УУС і крамай керамікі, што небяспечна для мінакоў. Загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзімір Усцін упэўнівае:
– Дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане. Мы рэкамендуем спыніць яго функцыянаванне як помніка прыроды.
Эксперты Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах працягваюць абмеркоўваць праблему бабруйскага Дуба-волата з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і з органамі мясцовай улады.
Як патлумачыў «Вячэрняму Бабруйску» выконваючы абавязкі галоўнага інжэнера ДЭП Бабруйска Андрэй Іваноў, калі статус помніка прыроды з дуба-волата будзе зняты, будзе праведзена дадатковае абследванне:
– Калі па выніках дрэва будзе прызнанае небяспечным – тады выдаленне, калі можна захаваць – правядуць дадатковыя работы па ўмацаванні. Адразу яго спілоўваць ніхто не будзе.
Батанічныя помнікі прыроды – гэта ўнікальныя расліны і насаджэнні. У краіне іх налічваецца 355.
Дубоў-доўгажыхароў у Беларусі захавалася няшмат: іх высякалі ва ўсе часы нашай гісторыі з-за каштоўнай драўніны. Таму такія дрэвы бярэ пад ахову дзяржава. Дыяметр ствала бабруйскага помніка прыроды роўны 1,4 м. У вышыню дрэва дасягае 28 метраў. Крона гарадскога старажыла распасціраецца на 17,1 м у напрамку з поўначы на поўдзень, а з усходу на захад на 24,2 м. Крона бабруйскага волата 8-паверховая (стандартная вышыня паверха кроны дрэваў 3 м) у напрамку з усходу на захад і мае прыкладна 6 паверхаў з поўначы на поўдзень.
Бабруйскі дуб-волат рэзка вылучаецца сярод звыклых гарадскіх дрэў – і цяпер, і 100 гадоў таму. Ягоны выгляд напачатку XX стагоддзя застаўся на паштоўцы выдавецтва Хургіна, што захоўваецца ў калекцыі бабруйскага бібліятэкара Віталя Мурашкевіча. Па ёй бачна, што тагачасная назва цяперашняй вуліцы Гогаля – Буйная, нават у расейскім напісаннні. Так вуліца называлася да 1924 году. Відавочна, гэтая назва не азначала буйны нораў жыхароў, а была калькай беларускай назвы – з-за шырыні вуліцы ці з-за вялікай колькасці вялікіх, буйных дрэваў на ёй. У тым ліку ужо тады старога дуба.