Заблытаная гісторыя бабруйскага «Дома архітэктара»

3279
Віталь МУРАШКЕВІЧ. Фота на тытуле: Аляксандр ЧУГУЕЎ
Знойдзены магчымы першы гаспадар дому на рагу сучасных вуліц Пушкіна і Пралетарскай. Ёсць і версія аўтарства гэтай бабруйскай цікавосткі.
Сучасны выгляд дома на скрыжаванні Пушкіна і Пралетарскай. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ.
Сучасны выгляд дома на скрыжаванні Пушкіна і Пралетарскай. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ.

Нашаму гораду пашчасціла захаваць на сваіх вуліцах не адзін дзесятак дамоў шчыльнай гарадской забудовы пачатку 20 стагоддзя. Разам з тым, ужо няма нікога з тых старажылаў, хто б ужывую памятаў пра дарэвалюцыйны ці даваенны час гэтых будынкаў. Стары Бабруйск імкліва знікае, не ў апошнюю чаргу таму, што не захавалася дакладных звестак з архіваў. Па ўспамінах бабруйчаніна Наймана (з фондаў Бабруйскага краязнаўчага музэю) пра пачатак 1920-х: «Чынячы расправу з архівам (Бабруйскай) Гарадской Управы, нібы з наследдзем старой царскай Расіі, супрацоўнікі Гарсавета вымалі чарцяжы прыватных уладанняў, што былі выкананы на тэкстыльнай кальке тушшу і акварэллю. Пасля змыцця гарачай вадой з калькі знікала крухмальная прапітка, разам з выявамі будынкаў, фасадаў, разрэзаў і г.д. Заставаўся чысты тонкі батыст, які раздаваўся супрацоўнікам на блузачкі, насоўкі і г. д. Пра значэнне архітэктурнага архіва горада пры гэтым нават не ўспаміналі».

Менавіта з-за гэтай акалічнасці мы маем надта «легендарнае» уяўленне пра Бабруйск. З аднаго боку, міфы вельмі добра кладуцца ў межы мастацкай літаратуры: Абрам Рабкін, Леанід Коваль, Сол Шульман, Эфраім Севела і іншыя пісьменнікі і мастакі стварылі свой цудоўны Бабруйск. Але нават на гэтым фоне дом на рагу сучасных вуліц Пушкіна і Пралетарскай (раней Пушкінскай і Мікалаеўскай) стаіць асобна. Ува ўсіх сэнсах – і далёка ад кварталаў іншай даўніны, і з-за зусім іншай архітэктуры.

З-за сваіх незвычайных формаў гэты дом называюць «домам архітэктара» альбо «нямецкім домам». Па самай распаўсюджанай версіі, дом быў пабудаваны да рэвалюцыі нейкім мясцовым архітэктарам палякам, які, імаверна, мог служыць ў нашай крэпасці.

Бабруйскі «дом архітэктара» у 1920-я. Фота з Бабруйскага гарадзкога архіву
Бабруйскі «дом архітэктара» у 1920-я. Фота з Бабруйскага гарадзкога архіву

З 1920-1930-х гг. да нас дайшоў гэты рэдкі чорна-белы фотаздымак. На ім бачна, што будынак нейкі час пасля нацыяналізацыі быў дыспансэрам для хворых на сухоты. Але шчэ лепш бачная ягоная арыгінальнасць. Шасцікутныя вокны!

Пасля другой сусветнай вайны дом зазнаў істотную перабудову. Бо быў нямецкім штабам, пры адступленні немцаў быў узарваны (добро што муры ўстаялі). Тыя самыя салдаты вермахта, палонныя, працавалі над яго адбудовай, але пасля гэты дом не далічыўся шмат якіх элементаў свайго стылю. Але пазнавальнасці не страціў.

Бабруйскі «нямецкі дом» у 1944-м. Фота з Бабруйскага гарадзкога архіву. І вакно – роўны шасцікутнік!
Бабруйскі «нямецкі дом» у 1944-м. Фота з Бабруйскага гарадзкога архіву. І вакно – роўны шасцікутнік!

У 1980-я Бабруйск рыхтаваўся сустрэць сваё афіцыйнае 600-годдзе, таму праводзіліся археалагічныя даследванні. Навукоўцаў найперш цікавіў гістарычны цэнтр горада, які быў схаваны пад 200-гадовай крэпасцю. Але славуты зараз даследчык гісторыі Беларусі, культуролаг Сяргей Харэўскі звярнуў ўвагу на гэты «нямецкі» дом, заўважыў, што выкананы ён у досыць папулярным на пачатку 20-га стагодзя стылі «паўночны мадэрн». І выказаў версію аўтарства, бо заўважыў ягонае падабенства з вядомым будынкам у Мінску на вул. Кірава, насупраць стадыёну «Дынама». А аўтар сталічнага «паўночна-мадэрновага» дому вядомы – Атон Краснапольскі.

"Дом Кастравіцкай" у Мінску, сучасны выгляд. Фота з Вікіпедыі
"Дом Кастравіцкай" у Мінску, сучасны выгляд. Фота з Вікіпедыі
"Дом Кастравіцкай" у Мінску, арыгінальны выгляд
"Дом Кастравіцкай" у Мінску, арыгінальны выгляд

Архітэктары паўночнага мадэрна адмовіліся ад багатай дэкаратыўнасці і пампезнасці эклектыкі, так і ад сіметрыі і рэгулярнасці класіцызму. Яны выкарыстоўвалі свабодную кампазіцыю цэлага і частак, абумоўленую функцыянальным прызначэннем, жывапісны дынамічны падзел аб'ёмаў, матывы старажытнай раманскай і народнай архітэктуры. Выразныя сілуэты гостраверхіх дахаў і вежаў яны ўмела ўпісвалі ў прыроднае асяроддзе.

Кантрастныя спалучэнні фактур, плоскасцяў, формаў, разнастайнасць аконных праёмаў і іх спалучэння з міжаконнямі – усё гэта ператварае фасады ў поўным сэнсе слова ў складаную халодную структуру, якая нагадвае і паўночныя скальныя ландшафты, і маштабныя сярэднявечныя збудаванні.

Дамы ў стылі «паўночнага мадэрна» шырока будаваліся ў Хельсінкі, Капэнгагене, Пецярбургу, Адэсе, Харкаве і г. д.

Прыклад архітэктуры паўночнага мадэрну: прыбытковы будынак гандлёвай фірмы «Хякли, Лаллукка и К°»,
Выбарг. Фота з Вікіпедыі
Прыклад архітэктуры паўночнага мадэрну: прыбытковы будынак гандлёвай фірмы «Хякли, Лаллукка и К°», Выбарг. Фота з Вікіпедыі

Адным з тых, хто перанёс свежы еўрапейскі шык на беларускую глебу, быў архітэктар Атон Краснапольскі.

Атон Краснапольскі.
Атон Краснапольскі.

Майстэрству ён вучыўся ў Львове, Кракаве і Парыжы. У Мінску і ваколіцах яму заказвалі праекты розных па складанасці будынкаў: двухпавярховыя арэндныя дамы Яніцкага на цяперашняй Бабруйскай вуліцы, гарадская школа, віла для Лапіцкага на станцыі Ратамка і г. д. Пазней Краснапольскі прыняў удзел у рэстаўрацыі дамініканскага касцёла XVII ст. (зруйнаванага ў 1950-м, хаця ўрад ФРГ перадаў грошы для яго аднаўлення). Самым знакавым праектам Краснапольскага, што захаваўся да нашых дзён, можна лічыць прыбытковы дом 1911 года для Ядвігі Кастравіцкай – беларускай прадпрымальніцы і грамадзкай дзяячкі, сястры фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча. Гэты будынак у чымсці нагадвае дом ў Бабруйску. Да таго ж, многія акалічнасці біяграфіі Краснапольскага паказваюць, што мы можам разглядаць яго як таго самага архітэктара «паляка» (з 1919-га ён быў галоўным архітэктарам Вільні, а пасля 2-й сусветнай працаваў у Гданьску).

Але паколькі ніякіх прамых доказаў пра службу Атона Краснапольскага ў Бабруйску ў мяне не было, я вырашыў працягнуць пошукі, бо, відавочна, гэткі дом у Бабруйску мог сабе дазволіць пабудаваць толькі нейкі ўплывовы і багаты чалавек. На гэтым шляху мяне чакалі прыемныя знаходкі.

Праглядаючы на сайце Нацыянальнай бібліяткі Беларусі старыя нумары прэсы Беларусі, я звярнуў увагу на аб'яву ў газеце «Бобруйскій голосъ»: «Требуются чертежники исполняющіе аккуратно всякіе чертежно-художественныя работы со своими готовальнями и приборами. Обращаться д. Юхно, уг. Николаевской и Пушкинской. Художнику Гаевскому» (арфаграфія арыгінала).

Такім чынам высветлілася важная інфармацыя: дом старэйшы за 1918 г., прычым ён ужо атаясамляўся з імём Юхно.

Прозвішча М. Ю. Юхно знайшлося ў спісе рэдактараў той самай газеты «Бобруйскій голосъ», побач з камуністычным гісторыкам С. Я Вальфсонам. Таксама вядома, што той самы Юхно быў гарадскім галавою ў часы першай нямецкай і польскай акупацый.

Захаваўся таксама і ліст, адрасаваны гэтаму чалавеку. На ім пазначаны іншы адрас: Скобелеўская (сучасная К. Маркса), 25. У гэтым раёне быў вялікі прыватны сектар і гэтак званы «сад Быкава», што дапускае, што гарадскі галава ўсё ж жыў па гэтым адрасе, а прыбытковы дом на скрыжаванні цяперашніх Пушкіна і Пралетарскай быў ягоным бізнэс-праектам.

Ліст да Юхно на замежным філатэлістычным аўкцыёне
Ліст да Юхно на замежным філатэлістычным аўкцыёне

Але пакуль мне не удалося знайсці партрэта ці выявы гэтага чалавека. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што згадкі пра яго былі наўмысна «забытыя» «класавымі ворагамі».

Калі сярод чытачоў знойдуцца нашчадкі першага ўласніка дома М. Ю. Юхно, ці хто мае якую інфармацыю пра яго, ці пра гісторыю будынку, ці пра сувязь Краснапольскага з Бабруйскам – пішыце ў рэдакцыю «Вячэрняга Бабруйска»: red-vb@yandex.by

Бабруйскі «дом архітэктара» на малюнку берасцейскага экскурсавода Таццяны Мірашэвіч
Бабруйскі «дом архітэктара» на малюнку берасцейскага экскурсавода Таццяны Мірашэвіч

Тым часам выява бабруйскага «дому архітэктара» стала папулярнай і як прынт для футболак. А аўтар гэтага матэрыялу, бабруйскі бібліятэкар Віталь Мурашкевіч, цікавіцца старымі паштоўкамі, і ўжо сабраў немалую калекцыю з выявамі Бабруйска. Віталь нават стварыў у Інстаграме і ВКонтакте суполку «Паштоўкі з Бабруйска» – і запрашае ўсіх цікаўных разам збіраць і вывучаць гісторыю нашага горада па паштоўках і старых фота. «Магчыма, тады руйнаваць будынкі стануць радзей, – кажа Віталь, – а турыстаў у Бабруйску прыбавіцца!»

Віталь Мурашкевіч з жонкай Ганнай у адзенні, "брэндаваным" знакамітым бабруйскім будынкам. Фота Валянціна Валянцінава
Віталь Мурашкевіч з жонкай Ганнай у адзенні, "брэндаваным" знакамітым бабруйскім будынкам. Фота Валянціна Валянцінава

А відэаэкскурсію па адной з іншых бабруйскіх пярлінаў можна паглядзець на ютуб-канале «Вячэрняга Бабруйска».