Што такое «пчаліны хлеб» і навошта ў вуллях праполіс. Бабруйскія пчаляры распавядаюць, што здабываюць на пчальніку, апроч мёду

1931
Святлана ХАРТАНОВІЧ-БЯРНАЦКАЯ. Відэа аўтара, фота на тытуле: Дзяніс НОСАЎ.
Напярэдадні сезонных захворванняў даведаліся ў пчаляроў пра карысныя ўласцівасці розных прадуктаў пчалярства.

Пра станоўчы ўплыў мёду на здароўе чалавека ведаюць усе. А што яшчэ карыснага можна здабыць на пчальніку?

Дзяніс і Таццяна збіраюцца вярнуць выляцеўшы з вулля пчаліны рой. Паглядзіце, як вусякі
Дзяніс і Таццяна збіраюцца вярнуць выляцеўшы з вулля пчаліны рой. Паглядзіце, як вусякі абляпілі дрэва! Фота з архіва герояў.

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да бабруйскіх пчаляроў Таццяны і Дзяніса Дамарадаў.

«Вулей – гэта жывы арганізм»

– Мае бацькі жывуць у вёсцы Вусце (цяпер а.г. Бацэвічыпрым. аўт.), – распавядае Таццяна. – Тата мой пчалярства пераняў ад свайго бацькі, а гады чатыры таму прывабіў да гэтага занятку і нас з Дзянісам. То ў маёй сям’і ўжо 40 год гадуюць пчолак.

Інжынер па адукацыі, Дзяніс любіць справы, якія патрабуюць тэхнічнага падыходу, да таго ж, сямейная пара проста вельмі любіць прыроду і з клопатам ставіцца да яе. Менавіта таму пчалярства так захапіла нашых суразмоўцаў.

– Вулей – гэта жывы арганізм, – лічыць Дзяніс. – І як ён павядзе сябе ў той ці іншай сітуацыі, не заўсёды можна прадказаць. Галоўнае: тут нельга спяшацца, лезці да пчол непадрыхтаваным. Трэба быць паслядоўным, не забываць пра бяспеку.

– Гэта праўда! – пагаджаецца Таццяна. – Асабліва ўвосень, калі пчолы ўжо сонныя. Улетку, калі яны займаюцца сваімі справамі, пчолкі даволі спакойна ставяцца да чалавека побач з вуллямі. Але нават тады бываюць агрэсіўнымі. Мяне яны не аднойчы калолі. Нават пад вока і ў вусны. Твар тады раздуваўся, і, вядома ж, было балюча. Але, калі вы не алергік, дык не варта баяцца, бо нават пчаліная атрута вельмі карысная для імунітэту.

«Прырода паклапацілася пра усё»

– А што ж акрамя мёду і карысных пчаліных уколаў вы здабываеце на пчальніку?

Дзяніс Дамарад пераманьвае выляцеўшы рой на рамку. Пчаляр кажа, што прыйшлося ўсё адно лавіць
Дзяніс Дамарад пераманьвае выляцеўшы рой на рамку. Пчаляр кажа, што прыйшлося ўсё адно лавіць пчол мехам. Фота з архіва герояў.

– Ну, па-першае, гэта праполіс. Пчолкі ім шчыліны ў вуллях замазваюць і праводзяць дэзінфекцыю, – распавядае Таццяна. – І для чалавека гэта вельмі каштоўнае, карыснае рэчыва.

Справа ў тым, што праполіс утрымлівае 70% раслінных смолаў, сакрэту залоз пчол і мае ўнікальны хімічны склад. Напрыклад, дзякуючы кававай кіслаце ён з'яўляецца добрым супрацьзапаленчым сродкам. З фенолавымі рэчывамі ў складзе праполісу звязваюць ягоныя проціпухлінныя ўласцівасці. Яшчэ праполіс – добры антыаксідант, таму ўжываецца як кансервант у харчовай прамысловасці. А ў лячэнні сезонных восеньскіх хваробаў шырока выкарыстоўваюцца антыбактэрыяльныя якасці праполіса.

– Гэтае рэчыва унікальнае і тым, – з захапленнем распавядае Таццяна, – што пры кіпячэнні нават цягам адной гадзіны праполіс свае ўласцівасці захоўвае цалкам!

– А вось іншыя прадукты пчалярства кіпяціць не варта, – папярэджвае Дзяніс, – з-за гэтага яны страцяць свае ўнікальныя гаючыя ўласцівасці. Мёд і воск, напрыклад, можна толькі падцяпліць, калі хочаце захаваць карысныя мікраэлементы і вітаміны.

Пылок – гэта якраз тое, што пчолы збіраюць з кветак. Яго таксама можна здабываць на пчальніку, толькі нашы суразмоўцы гэтага не робяць. Але з вялікай руплівасцю яны збіраюць са старых сотавых рамак пяргу альбо «пчаліны хлеб».

– Фактычна, пярга – гэта закансерваваны ў мёдзе пылок, запячатаны ў сотах, – тлумачыць пчалярка. – У гэтых гранулках утрымліваецца ў пяць разоў больш бялку, чым у ялавічыне, і нават больш, чым у чырвонай рыбе.

Гэта важна, бо пярга – насамрэч, пчаліны хлеб, то бок, іх асноўная вясновая ежа, што дапамагае аднавіць сілы пасля зімняга анабіёзу.

– Прырода паклапацілася пра ўсё! Пылок і пяргу чалавеку трэба прыймаць, калі ён хоча аднавіць імунітэт, асабліва пасля доўгай хваробы. І вось цяпер, калі ўсе навокал хварэюць, ужыванне пяргі – цудоўная прафілактыка. Ніякія біялагічныя дабаўкі з аптэкі не змяшчаюць столькі вітамінаў і карысных рэчываў, – упэўненая Таццяна.

– Ну і яшчэ адзін прадукт пчалярства – гэта воск, – кажа Дзяніс. – Мы яго збіраем, растапляем у гарачай вадзе, фільтруем ад усялякага смецця, а калі застыне – у адмысловай краме мяняем на вашчыну.

– Вашчына – гэта танюткія, гнуткія васковыя лісты, што маюць «нарыхтоўкі» сотаў, – тлумачыць Таццяна. – Яе прымацоўваюць да рамак і змяшчаюць у вулей, дзе пчолы пачынаюць пабудову сотаў. Галоўнае, каб воск для вашчыны быў натуральны.

Нашы суразмоўцы дадаюць, што сотавы воск выкарыстоўваецца і ў вытворчасці фарбаў, і ў фармакалогіі, у будаўніцтве і харчовай прамысловасці. З яго вырабляюць свечы, дадаюць у касметыку, робяць падарункі і дэкаратыўныя фігуркі.

– Акрамя усяго пералічанага, – дадае Таццяна, – пчаляры могуць збіраць маткавае пчалінае малачко. Яно асабліва каштоўнае для касметычнай вытворчасці і медыцыны. Кітайцы, напрыклад, лічаць гэтае рэчыва сродкам для падаўжэння жыцця. Кітай, дарэчы – самы буйны вытворца гэтага каштоўнага і рэдкага прадукту.

«Экалагічны калапс»

Пчаляры кажуць, што, каб утрымліваць пчол сёння, трэба дадаткова саджаць на сваім участку меданоснае квецце, бо навакольныя сенажаці зарастаюць пустазеллем.

Рой вылятае з вулля са старой маткай і сядае на дрэва. Калі яго не вярнуць у вулей, то пчолы
Рой вылятае з вулля са старой маткай і сядае на дрэва. Калі яго не вярнуць у вулей, то пчолы крыху пасядзяць і паляцяць шукаць сабе іншы прытулак. Фота з архіва герояў.

– Раней на гэтых сенажацях пасвіліся каровы, коні, козачкі. Дык былі добрыя ўгнаенні, і ўсё навокал квітнела з вясны да глыбокай восені, – успамінае Таццяна. – А зараз вёска ператварылася ў лецішча. Амаль ніхто не трымае скаціну, а сенажаці тыя зараслі травою.

Пчаляры распавядаюць, што сёння ў свеце праз экалагічныя праблемы, забруджванне атмасферы і скарачэнне сельскага насельніцтва пчолам як біялагічнаму віду пагражае знікненне.

– А без гэтых руплівых вусякоў і сельскай гаспадаркі не будзе, наступіць экалагічны калапс! – кажа Таццяна. – Бо гэта яны, у асноўным, займаюцца апыленнем раслін.

– Таму і пчалярства па ўсім свеце зараз набывае вялікае значэнне і атрымлівае падтрымку дзяржаў, – распавядае Дзяніс. – А ў некаторых раёнах пчалярнае рамяство перарастае ў эка-прамысловасць.