Магілёўскі хранограф: сёння 450 год Варфаламееўскай ночы. Як тыя падзеі адлюстраваліся на Беларусі?

770
П. ЛЕВАНОВИЧ. Фотаздымак на тытуле: elenaruvel.com
24 жніўня 1572 года ў Парыжы адбылася так званая Варфаламееўская ноч. Гісторыкі пішуць пра тое, што ў крывавым віры загінула больш за 3 тысячы чалавек. Як не дзіўна, але тагачасныя беларусы не засталіся ўбаку ад тых трагічных падзей.

Што адбылося на самой справе?

На вяселле дачкі караля Маргарыты і Генрыха Наваррскага сабралася вялікая колькасць пратэстантаў. Каталіцкая партыя Францыі ўжо доўгі час шукала падстаў для расправы над ненавіснымі гугенотамі. Лічылася, што менавіта яны – прычына ўсіх апошніх няўдач гэтай краіны. Кіравала Францыяй на той час Кацярына Медзічы, якая, як многія лічаць, і дала загад на масавае забойства пратэстантаў.

Варфаламееўская ноч, 24.08.2022. Фрагмент фрэскі. Знаходзіцца ў Луўры
Варфаламееўская ноч, 24.08.2022. Фрагмент фрэскі. Знаходзіцца ў Луўры

Якім бокам да гэтых падзей беларусы?

Па-першае, тагачасныя магнацкія роды мелі на модзе адпраўляць сваіх сыноў на выхаванне ў Парыж. 10-гадовыя хлопчыкі набіраліся манераў, вывучалі замежныя мовы, служылі ў прыдворным каралеўскім войску. Так было і на пярэдадні Варфаламееўскай ночы. У Парыжы знаходзіліся прадстаўнікі такіх родаў, як Хадкевічы, Сангушкі, Радзівілы, Сапегі. Бяда была ў тым, што пераважная большасць гэтых хлопчыкаў былі пратэстантамі – пераважна, кальвіністамі. Таму раз’юшаны натоўп парыжан паляваў на іх напоўніцу. Напрыклад, адзін з Сапегаў з жахам будзе распавядаць пра тое, як схаваўся ад католікаў пад спадніцай прасталыткі. Цікава, што маладзёны не толькі бараніліся, але і спрабавалі атакаваць гвалтаўнікоў. Так, прадстаўнік роду Завішаў хваліўся, што закалоў аднаго і засек дваіх бандытаў.

Наступствы Варфаламееўскай ночы для беларусаў

Пасля падзей 24 жніўня 1572 года большасць беларускіх магнацкіх родаў, якія раней змянілі праваслаўе на пратэстантызм (напрыклад, Хадкевічы і Сапегі) пачалі актыўна далучацца да каталіцызму. Пратэстантаў называлі «недаверкамі», іх нябожчыкаў забаранялася хаваць на агульных могілках, а труны з рэштамі (як гэта было ў Вільні) вывозілі праз тыя брамы, праз якія звычайна вывозяць смецце. Зафіксавана шмат фактаў, калі на цэнтральных плошчах беларускіх гарадоў публічна спальвалі пратэстанцкія кнігі. Адзін манах, узняўшы крыж над галавой, падчас такой працэдуры гучна паўтараў: «Глядзіце, людзі, Лютэр з Кальвінам разам з дымам паляцелі!»

Варфаламееўская ноч, 24.08.2022. Кацярына Медзічы. Крыніца: elenaruvel.com
Варфаламееўская ноч, 24.08.2022. Кацярына Медзічы. Крыніца: elenaruvel.com
Варфаламееўская ноч. Сцэна забойства гугенота. Карціна знаходзіцца ў Луўры
Варфаламееўская ноч. Сцэна забойства гугенота. Карціна знаходзіцца ў Луўры