Магілёўцаў запрашаюць прыняць удзел у пешай пілігрымцы ў Бялынічы

766
Источник: catholic.by.
Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, адказны за Магілёўскі рэгіён, запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у пешай пілігрымцы з Магілёва ў Бялынічы на фэст у гонар Маці Божай Бялыніцкай, які сёлета пройдзе 4 верасня.

Глыбокапаважаныя святары, дарагія браты і сёстры і ўсе людзі добрай волі!

– Вось і настала чарга восеньскай пілігрымкі да Маці Божай Бялыніцкай. У першы тыдзень верасня адправіцца Пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы – гарадок, які называлі «беларускай Чэнстаховай». Гэта адна з самых важных падзей і пастырскіх акцый у штогадовым літургічным календары Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, цытуе біскупа Аляксандра Яшэўскага catholic.by.

На пачатку верасня адбудзецца пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы. Фота: catholic.by
На пачатку верасня адбудзецца пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы. Фота: catholic.by

Пілігрымка распачнецца ў суботу 3 верасня святой Імшой а 9-й гадзіне ў магілёўскай катэдры. Сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў Магілёўскай вобласці, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй нашай краіны, асабліва моладзь, адважна далучыцца да пілігрымкі ў гэтым годзе. Калі ласка, прыкладзіце ўсе намаганні для таго, каб актыўна прыняць удзел у пешым шляху да Божай Маці.

А тых, хто па важных прычынах не можа ісці пешшу, заклікаю прыбыць на Бялыніцкі фэст, выкарыстоўваючы розныя транспартныя сродкі, каб прыняць удзел у галоўнай святой Імшы ў нядзелю 4 верасня а 15-й гадзіне, якую ўпершыню ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Усім пілігрымам жадаю неабходных фізічных сіл і вытрымкі, а таксама багатага духоўнага плёну. Даручаю вас матчынай апецы Бялыніцкай Багародзіцы і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Па пытаннях адносна пілігрымкі звяртацца па тэлефонах: +375 (25) 547 41 35 (Яна Шумская; або +375 (29) 570 85 87 (ксёндз Юзаф Сярпейка, пробашч парафіі ў Бялынічах)