Як здаць ЦТ на 98 балаў? Адказвае настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі
Дамо слова Юрасю Каласоўскаму:
– Сёлета разам з жонкай вырашылі здаць ЦТ. Адна справа рыхтаваць да гэтага вучняў, іншая – самому паказаць высокі вынік. У апошні момант зарэгістраваўся на ЦТ па беларускай мове, якое трэба было здаваць 14 чэрвеня ва ўніверсітэце імя Аркадзя Куляшова.
Для сябе вызначыў мэту: здаць на 90+ балаў, бо інакш сорамна будзе глядзець у вочы вучням ды калегам. Спецыяльна да ЦТ не рыхтаваўся, а за гадзіну да яго пачатку з лёгкім хваляваннем выйшаў з дому. Цікавае гэта пачуццё: здаваць іспыт самому! Так, мне не трэба кудысці паступаць, але ўсё адно хваляванне прысутнічае, бо трэба ж пацвердзіць сваю кваліфікацыю!
Тэлефон пакінуў дома, гадзіннік і вокладку ад пашпарту здаў на ўваходзе і за 25 хвілін да пачатку ЦТ увайшоў у патрэбную лекцыйную аўдыторыю 153. Выцягнуў паперку з нумарам 46 і заняў адпаведнае месца на адной з апошніх парт. У чаканні 11 гадзін агледзеўся: хтосьці з маладых людзей спакойна сядзеў, хтосьці ляжаў за партай і, здавалася, драмаў.
З 11:00 да 11:30 падпісвалі бланкі, пропускі, слухалі адказнага за правядзенне ЦТ у аўдыторыі. Лісты з заданнямі сказалі перагарнуць, але можна ўжо было глянуць, што там трапілася. І вось – старт! Не люблю і таму амаль ніколі не выконваю заданні па парадку, таму, зрабіўшы заданні А1-А15, перайшоў да часткі В, якая мне спадабалася найбольш: трэба проста напісаць канкрэтнае слова ці адказ, працуючы з тэкстам ці словамі.
Потым вярнуўся да часткі А і дапісаў свае адказы на чарнавік. У некаторых адказах не быў упэўнены, таму ставіў пытальнікі там. Каб адказаць на ўсе заданні, у мяне пайшло хвілін 40. Хвілін праз 45 пасля пачатку ЦТ выйшла першая дзяўчына, пасля якой кожныя 2 – 3 хвіліны сталі выходзіць іншыя. Я ж максімальна ўважліва пераносіў адказы ў бланк, думаючы паслядоўна над тымі з іх, каля якіх у чарнавіку стаялі пытальнікі (5 – 7 заданняў было такіх).
«Гаварыць на карысць – гэта ж нарматыўнае словазлучэнне?» Слова «спяваць» у сказе «Я часта прашу бабулю спяваць песні – дапаўненне?» Вось і ўсё! Выйшаў недзе праз гадзіну. Вынік – 98 (1 памылка ў складаных бяззлучнікавых сказах). «А чаму не 100?» Бо ўсе мы людзі. А не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.