22 чэрвеня, калі немцы пачалі бамбіць беларускія гарады і вёскі, мой дзед Юрка спаў сабе мірна на сенавале. Сніў ён сенакос. Напярэдадні ён сапраўды касіў траву на балоце разам з суседзямі Іллёй і Пятром. Пасля чаго мужчыны добра назюзюкаліся. Юрка ледзь прыпоўз дадому і патрапіў пад гарачую руку жонкі. Мусіў ночыць у духмяным чабаровым сене.
Прызвалі майго дзеда, як і іншых мужчын, у самым пачатку вайны. Юрка згадваў, што падчас развітання жанчыны гучна галасілі, нібы па нябожчыках. У дзедавай сям’і было ажно 11 дзяцей, і ўсе дзеўкі. На развітанне Юрка папярэдзіў цяжарную жонку Мар’ю, што калі яна народзіць яшчэ адну дзеўку, то ўжо добра атрымае пугай па спіне. «Ідзі ты лесам, прыдурак! Каго зрабіў, таго і нараджу», – адказвала, выціраючы слёзы, Мар’я. Мужчын пагнали пешшу на чыгуначны вакзал у Магілёў. У торбе дзеда быў шматок сала і бохан только што спечанага хлеба. У сельсавеце папярэдзілі, што карміць першыя дні не будуць. На вакзале вяскоўцаў пагрузілі ў драўляныя вагоны і некуды павезлі. Куды? Немаведама. Недзе праз гадзіну цягнік абстралялі. Дзед казаў, што адразу ж забілі некалькі яго знаёмых. Іх целы выкінулі з вагона. Шмат было параненых. Юрка быў адукаваны, паспеў адвучыцца ў педінстытуце, выпісваў газету «Саха і молат», занатоўваў усё, што з ім адбываецца, у зяленым школьным сшытку. Праўда, у 1942 годзе той сшытак дзед распусціў на цыгарэты. Таму распавядаў тое, што памятаў. Спачатку ваяваў пад Смаленскам. Там упершыню ўбачыў нямецкі танк. Казаў, што першай рэакцыяй было жаданне схавацца, ушыцца ў якую нару і не вытыркаць носа. Наогул, Юрка не любіў згадваць вайну. Увесь час аднекваўся – то няма калі, то адчапіся, то няма там чаго згадваць. Калі па тэлевізары паказвалі кінастужкі пра вайну, выходзіў з хаты. На 9 мая моўчкі піў гарэлку разам з бязногім франтавіком Шурам. З Юркавай вёскі пайшло на вайну больш за 50 мужчын. Вярнуліся шасцёра, усе – скалечаныя, параненыя.
Мар’я, пэўна з перапуду, нарадзіла майго бацьку Івана – дванаццатага, падшкробыша. Неяк бацька папрасіў Юрку выступіць у школе, падзяліцца ўспамінамі пра вайну. Той катэгарычна адмовіўся. Сказаў, што такое лепш не ўспамінаць. Дзед прайшоў праз усю вайну шэрагоўцам. 24 ліпеня 1944 года ваяваў на 2-м Беларускім фронце, быў цяжка паранены ў Польшчы. Атрымаў самую паважаную простымі салдатамі ўзнагароду – медаль За адвагу. Мяркую, да месца тут працытаваць так званы Наградны ліст (падаю на мове арыгінала): Красноармеец Евменьков, будучи в должности стрелка, принимал активное участие в боях с немецкими захватчиками с 18.07.1944 г. по 24.07.1944 г. и в бою восточнее города Ломжа (Польша) получил тяжёлое ранение в грудь.
Неяк я запытаўся ў дзеда, што адбылося на самой справе, і чаму ён не носіць медаль? Юрка скрозь зубы працадзіў: «Усіх забілі, а я нейкім цудам выжыў. У ляску гэта было сасновым. Зямля там нейкая дзіўная – пясочак, дробны такі, белы. Далі загад капаць акопы, ну мы і выкапалі, як потым высветлілася, сабе магілы. Немец спачатку абстраляў з гармат, а потым пайшоў у атаку. Я схапіў кулямёт і пачаў страляць. Куды страляў – не бачыў. Гэта апошняе, што памятую».
Юрку адкапалі з акопнага пяску мясцовыя жыхары. Куля прайшла крыху ніжэй за сэрца. У шпіталі лекары хісталі галовамі, казалі, што дзед хутка памрэ. «А я не здох! Хацеў даведацца, каго нарадзіла мая Мар’я. З таго дня вось ужо столькі год кукішы смерці паказваю! А вайна? Ну яе да д’ябла! Думайце лепей, дзеткі, пра мір».