20 чэрвеня адбылася цырымонія развітання з Яраславам Іванавічам Клімуцем, дацэнтам, кандыдатам філалагічных навук, шматгадовым дэканам магілёўскага філфака. Не думаў, што калі-небудзь напішу гэтыя радкі. Яраслаў Іванавіч знешне быў падобны да чалавека вечнага, непахіснага, разлічанага не менш як на 100 гадоў. Не здарма нашы сябры гарадзенцы называлі яго хлап муровы, маючы на ўвазе яго добрае здароўе. На жаль, вечных сярод нас не існуе. Яраслаў Клімуць, наш сапраўдны улюбёны дэкан, пайшоў у лепшы свет на 83 годзе жыцця.
Развітанне адбывалася ў зале Цэнтра рытуальных паслуг на перакрыжаванні вул. Раманава і вул. Чалюскінцаў. Людзей было – свет: выкладчыкі, былыя студэнты, пісьменнікі, мастакі, журналісты, сябры, родныя. Гэтакай плыні я даўно ўжо не бачыў. Не, урачыстыя прамовы не гучалі, не было аркестру, прадстаўнікоў улады наогул не было. Яраслаў Іванавіч пры жыцці не заўжды быў зручны, але заўжды меў уласнае меркаванне. І яшчэ, самае галоўнае, ён ніколі не хлусіў, намагаўся заставацца людскім, шляхетным у самых складаных абставінах.
Не буду хлусіць, для мяне Яраслаў Іванавіч Клімуць – другі бацька. Таму пішу гэтыя радкі, выціраючы слёзы з вачэй. Ён прымаў у мяне уступныя экзамены ў Магілёўскі абласны ліцэй, потым – ва ўніверсітэт. Мы разам апахмяляліся пасля абароны маёй дысертацыі ў мінскім гатэлі, разам святкавалі, сумавалі, спрачаліся, але заўжды былі на адной хвалі, былі аднадумцамі.
Яшчэ мушу заўважыць тое, што гэта быў сапраўдны інтэлегент, заўжды з павагай ставіўся да іншай думкі, выслухоўваў людзей, не зачыняўся ад іх на ўсе замкі, не пыхаў чыноўніцкай фанабэрыяй, наадварот, імкнуўся дапамагчы, даць другі шанец, падштурхнуць да творчасці. Яраслаў, або Ярык, як мы называлі яго за вочы, быў выдатным літаратурным крытыкам, навукоўцам. Недзе за год да смерці ён прынёс мне манаграфію і чатыры тамы анталогіі Магілёўшчына літаратурная. Гэта каля 2 тысяч старонак, старанна набраных на камп’ютары. Я быў шакаваны. Яраслаў Іванавіч, гэта ўсё вы? – запытаўся я і зразумеў тое, што ён прынёс мне справу ўсяго свайго жыцця. Я не ведаю, з чым гэта параўнаць. Нібыта, ты глядзіш з вышыні высокай гары і бачыш усю яе гісторыю, яе лёс. Ну, – адказаў Клімуць. – Трэба выдаць!
Я не здолеў выканаць гэта апошняе яго жаданне. На жаль… Сёння стаяў каля яго труны і думаў, чаму Бог увесь век забірае спачатку лепшых, а потым усялякіх прайдзісветаў, вырадкаў? Каб мы ад іх напакутваліся, навучыліся адрозніваць дабро ад зла. Нарэшце, сталі людзьмі? Учора, на сонцапёку, шмат размаўлялі з Базылём Камаровым, Сашай Пронькінай, Міхасём Булавацкім, Аляксандрам Агеевым, Ігарам Пушкіным… І адзінае пытанне, якое мы сабе так або інакш задавалі: што будзе далей? Памірае старэйшае пакаленне людзей з маральным стрыжнем, з разуменнем сваёй місіі навукоўцаў, пісьменнікаў, педагогаў. Ці не застанецца наша зямля выпаленай, падобнай да пустэчы? Паверце, гэта пытанне далёка не рытарычнае. Нам усім трэба паспець на яго адказаць.
Пахавалі Яраслава Іванавіча Клімуця 20 чэрвеня на Лаўсанаўскіх могілках. Вечны супакой!