«Магілеўскі хранограф»: якім убачылі гараджане ўкраінскае паўстанне Багдана Хмяльніцкага?

1080
П. ЛЕВАНОВИЧ. Фото автора
Першыя навіны, якія датычыліся казацкага паўстання ва Украіне, пачалі даходзіць да Магілева прыблізна з красавіка 1648 года. Багдан Хмяльніцкі, або, як звалі яго беларусы, Хмель маляваўся ў гэтых дакументах як здраднік і бандыт. Назіранні сучаснікаў тых падзей надзвычай цікавыя як з гістарычнага пункту погляду, так і ў кантэксце сучаснасці.

21 мая 1648 г. з’явіліся так званыя «Навіны з Украіны». Ананімны аўтар паведамляе: «20 тысяч ардынцаў у Хмяльніцкага ды яшчэ тлум гультайскі пры ім. Акружылі яны войска яго каралеўскай міласці разам з панам Стэфанам Патоцкім і Камісарам войска запарожскага. Кажуць, нібыта пра штурм Арда з Хмяльніцкім мяркуе, абоз наш з усім быдлам і прыпасамі забралі».

Магілеў. Выгляд сучаснага Падміколля, своеасаблівага сімвала Магілева. 9.06.2022
Магілеў. Выгляд сучаснага Падміколля, своеасаблівага сімвала Магілева. 9.06.2022

Наступныя навіны яшчэ больш сумныя. Называюцца яны «Аб разгроме гетманаў пад Корсунем». Невядомы аўтар падае гісторыю катастрофы, якая адбылася з каралеўскім войскам. Прынцып пабудовы матэрыялу храналагічны: паведамляецца пра падзеі з 13 па 26 мая. Чытач глядзіць на бітву вачамі сведкі і непасрэднага ўдзельніка бітвы. Аўтар – гарачы патрыёт Рэчы Паспалітай – інфармуе аб колькасці войскаў, пра іх манеўры, узбраенне, кіраўніцтва.

Дакумент перадае трагічную атмасферу жорсткасці і ўзаемнай нянавісці. Не шкадуе фарбаў для апісання ўсеагульнага Хаосу, у якім апынулася Каралеўства. Працытуем урывак з навін:

«Татары пераправіліся праз рэчку <…> і наблізіліся да нашых акопаў недалёка ад рэдута пана Оберштэра. Ён загадаў па іх з гарматаў ударыць, і быў забіты хтосьці значны, бо татары яго падабралі і вывезлі, перакінуўшы праз каня. Пацярпелі ад той страляніны і іншыя – дасталася коням і людзям. Некалькі дзясяткаў казакаў патрапілі ў акопы. Стралялі мы ў іх, але толькі марна папсавалі порах. Тым часам з абозу выскачылі нашы і схапілі аднаго татарына. Казакі ж нічога асаблівага не рабілі… Адно толькі – прыглядаліся да нашага войска і лагера. На зыходзе сонца пачалі татары з’язджаць з поля на вячэру.

Запарожскі казак. Рэканструкцыя. Здымак мае ілюстратыўны характар.
Запарожскі казак. Рэканструкцыя. Здымак мае ілюстратыўны характар.

Нашы ўпалявалі дзевяць татараў і перакладчыка казацкага. Пан кракаўскі ваявода загадаў іх катаваць, а больш за ўсіх – катаваць перакладчыка. Паведаміў той, што стаіць тут каля 47 тысяч войска, што сёння прыйшлі казакі з рознай зброяй і з рознымі харугвамі – блізу 15 тысяч. Хан у полі стаіць з яшчэ большымі сіламі. Паслухаў гэту споведзь пан кракаўскі і загадаў усім галовы адцяць».

Далейшы аповед сведчыць пра тое, што аўтар не ведае ўсяго малюнку бітвы. Праясніць сітуацыю ўдаецца толькі праз месяц. Брацлаўскі ваявода Адам Кісель у лісце ад 21 мая 1648 г. паведамляе: «Жахлівая rerum metamorphosis з Айчынай нашай здарылася. Няма болей войска Рэчы Паспалітай, разбіта яно цалкам. Гетманы абодва забітыя, альбо адзін з іх – мізэрны палонны. Гэта ўжо пэўна… Гэтак раптоўна, гэтак жорстка растаптаў вораг нашу нешчаслівую Айчыну. А мы без войска, без правадыроў, без Караля засталіся».

Шляхціч Рэчы Паспалітай. Рэканструкцыя. Фотаздымак мае ілюстратыўны характар
Шляхціч Рэчы Паспалітай. Рэканструкцыя. Фотаздымак мае ілюстратыўны характар

Казацкае паўстанне паступова пераўтваралася ў дзяржаўную катастрофу. Востра адчуваўся недахоп інфармацыі. Невядомы грамадзянін Рэ чы Паспалітай з болем напіша: «ніякіх навінаў – усё толькі лухта адна, забаўлянкі» («wszystko kawy dla zabawy»). Не хапала навінаў нават сенатарам на сойме, які пачаўся ў Варшаве 16 ліпеня 1648 г. Як сведчыць дыярыўш сойма, сенатары мусілі шукаць карэспандэнтаў ва Украіне, бо былі знішчаныя ўсе традыцыйныя шляхі атрымання інфармацыі.

Манахі мусілі ўцякаць, закрываліся манастыры, адміністрацыі рускіх ваяводстваў (Кіеўскае і Брацлаўскае – аўт.) не працавалі. Толькі нейкім цудам навіны траплялі ў сталіцу Рэчы Паспалітай. 20 ліпеня ў пасольскай ізбе дэпутаты слухалі навіны з Украіны, а менавіта «пра нечуваныя злачынствы, праліццё крыві, шкоду, якую казацкія шайкі на Украіне ўчыняюць.

Пра знявагу касцёлаў, а асабліва – касцёлаў езуіцкіх. Як, напрыклад, у Вінніцы, дзе Найсвяты Сакрамант казакі нагамі тапталі, з кубкаў святых гарэлку пілі, ксяндзоў жахліва катавалі, нават нябожчыкаў з трунаў даставалі, секлі на часткі і сабак тым мясам кармілі». І гэта толькі невялікая частка шакіруючай інфармацыйнай плыні, якая трапляла ў сенат ад мясцовай шляхты і каталіцкіх святароў.

Кадр са стужкі Анджэя Вайды Агнем і мячом. Фотаздымак мае ілюстратыўны характар
Кадр са стужкі Анджэя Вайды Агнем і мячом. Фотаздымак мае ілюстратыўны характар