«Магілёўскі хранограф»: «Рамянямі скуру з яго здзіралі і порахам раны пасыпалі»

1104
П. ЛЕВАНОВІЧ. Фота на тытуле: factroom.ru
У 1610 г. у Магілёве з’явіліся так званыя «навіны з Францыі». Гэта былі тры лісты невялікага фармату. З абодвух бакоў – тэкст. Мова – польская. Шрыфт – «швайпольт». Гэта гатычныя, лацінскія літары. Аўтар навін – нехта Базыль Юдыцкі. Гутарка вялася пра заўчасную смерць французскага караля Генрыха IV.

Аўтар спачатку паведамляе тыя звесткі, якія былі прадгісторыяй смерці Генрыха і каранацыі яго жонкі Марыі Медзічы. Аўтар піша пра планы караля весці вайсковыя дзеянні ў Нямеччыне. «Калі кароль вырашыў пачаць вайну, то найперш пажадаў каралеву сваю каранаваць і ў горад Парыж уезд ёй аздобіць». Базыль Юдыцкі апавядае пра нечуваную пыху, раскошу, якія спадарожнічалі каранацыі:

– Францыя такога ніколі не бачыла! З’ехаліся ў горад князі, сенатары, ураднікі каралеўскія і іншыя паны, якія на каранацыі прысутнічаць павінны.

Марыя дэ Медзічы, каралева Францыі. Выява пачатку 17 стагоддзя. Партрэт знаходзіцца ў Луўры
Марыя дэ Медзічы, каралева Францыі. Выява пачатку 17 стагоддзя. Партрэт знаходзіцца ў Луўры

Большую частку апавядання займае пералік французскіх дваран, святароў. Надзвычай падрабязна падаецца апісанне абраду каранацыі ў Сэн-Дэні, акцэнт робіцца на рэлігійнасці каралевы, якая, «раскрыжаваўшы рукі ляжала перад амбонам і малілася. Потым яе з падлогі ўзнялі. Кардынал, узяўшы Св. Памазанне і прамаўляючы малітву, памазаў галаву (якую перад гэтым адкрылі), грудзі каралевы і пярсцёнак на палец яе ўздзеў».

Аднак усё ж большую ўвагу аўтар надае не каранацыі Медзічы, а забойству караля Генрыха. Нават простая канстатацыя смерці манарха выклікае навальніцу эмоцый і пераўтвараецца ў сапраўдны плач.

Уласна сам момант забойства Генрыха падаецца надзвычай падрабязна: указваецца месца здарэння, пералічваюцца спадарожнікі манарха. Забойца караля Франсуа Равальяк падаецца як чалавек апантаны д’яблам.

– У вузкім завулку чалавек, дух якога падпарадкаваў сабе д’ябал, з нажом раптоўна накінуўся на караля, два разы яго ўдарыў, прабіўшы грудзі з левага боку.

Юдыцкі імкнецца не толькі канстатаваць факт гібелі караля, але і праводзіць расследаванне. Перадусім яго здзіўляе тое, што гвардыя не перашкодзіла забойцы. Выклікае сумненне таксама жаданне Марыі Медзічы даведацца пра тое, хто Равальяка намовіў на забойства караля. «Сядзіць столькі часу ў турме, аднак выпытаць у яго нічога не ўдаецца», – піша невядомы cучаснік тых падзей.

Генрых IV, кароль Францыі. Парадны партрэт. Арыгінал знаходзіцца ў Луўры
Генрых IV, кароль Францыі. Парадны партрэт. Арыгінал знаходзіцца ў Луўры

І гэта пры тым, што злачынца – просты француз з Ангулема, які мае жонку і дзетак. Цікавы каментарый да гэтых падзей падае Юдыцкі: «Трэба думаць, што Францыя пераўтварылася ў дзікую пушчу, бо настолькі страшныя пачвары ў ёй нараджаюцца, што забіваюць манархаў, памазаннікаў Божых».

Другая частка «навін» пачынаецца з «Плачу Францыі з прычыны смерці Генрыха чацвёртага, караля французскага і наварскага». Гэта выдатны прыклад эпітафіі. Перадусім аўтар стварае вобраз магутнага манарха, непераможнага рыцара, асвечанага і справядлівага палітыка. Смерць Генрыха падаецца як трагедыя для ўсіх хрысціян. «Толькі ўзяўшы пяро ў рукі, каб усе тыя ўрачыстасці ў Францыі (уезд каралевы) апісаць, мушу змяніць тон, каб нараканні Францыі і скруху непераказальную французаў перадаць. Кароль, светлага ўспаміну бацька ваш, пакінуў па сабе настолькі вялікую славу, што маё сціплае пяро не ў стане пра яе распавесці. Трэба мець талент, здольны ўзняць з труны Ахілеса, каб апісаць яго перамогі і яго адвагу».

Таксама ў другой частцы «навін» размешчанае апісанне пакарання Франсуа Равальяка (яго аўтар называе зласлівым вырадкам і пахолкам д’ябла). Гэтаму моманту прысвечаны цэлы раздзел.

– Пакараны злачынца 27 мая, року 1610-га наступным спосабам. Пазногці яму з усіх пальцаў спачатку пазрывалі. Потым у калодку ўзялі яго руку правую, у якой быў нож, і свечкамі яе спалілі. Рамянямі скуру з яго здзіралі і порахам раны пасыпалі, а таксама волавам расплаўленым палівалі. Потым яго коньмі чатырма разарвалі на часткі, якія потым спалілі. А попелам набілі гармату і, стрэліўшы, па ветры развеялі. Нарэшце бацьку яго, матку, братоў, жонку, дзяцей, кроўных з дамоў іх і дзяржавы французскай выгналі.

Забойства Генрыха IV. Літаграфія пачатку 17 стагоддзя
Забойства Генрыха IV. Літаграфія пачатку 17 стагоддзя
Жорсткае пакаранне забойцы Генрыха IV, караля Францыі
Жорсткае пакаранне забойцы Генрыха IV, караля Францыі