Гадоў 10 назад у Варшаўскай бібліятэцы я знайшоў газету 1563 года «Навіны грозныя а жаласлівыя…» Так, вас, магчыма, здзівіць тое, што ў 16 стагоддзі існавалі газеты, і пісалі яны пра Беларусь? Так і ёсць! Гэта праўда! Дык вось, «Навіны…» падавалі неверагодныя факты, якімі я вырашыў з вамі падзяліцца. Адразу хачу заўважыць: гэта інфармацыя для людзей са сталёвымі нервамі. Яшчэ адно пытанне, з вашага дазволу: вы ведаеце пра тое, хто з людзей ніколі не здзіўляецца? Гісторыкі! Бо ўсё, што адбываецца, – не новае, а па-новаму…
Месца ўсё чыста спаліў і з зямлёй зраўняў
Лета таго 1563 года Вялікі Князь Маскоўскі ў землі Караля Польскага ўварваўся і месца яго люднае, Полацкам празванае, якое ў Літве не далёка ад Вільні ляжыць, вялікай моцай у магутным штурме здабыў. Месца ўсё чыста спаліў і з зямлёй зраўняў. У ім жа болей як 20 тысяч людзей без шкадавання засекчы і забіць загадаў.
Загадаў кабет і дзяўчат распрануць
Тыя злачынствы, якія ён учыняў над кабетамі, дзяўчатамі і дзецьмі, пераказаць немагчыма. З ваколіц горада больш як 60 тысяч людзей у Маскву гнаць загадаў. Загадаў кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Паміж імі аднаго Ваяводу і Гетмана побач з жанчынамі так вялі. Край гэты такі жах апанаваў, што нават Мікалай Радзівіл сваё княства спешна пакінуў.
І пасля ўсяго здзейсненага той жахлівы злачынца і крывавы вораг меў вялікую радасць і задавальненне. І да іншага люднага месца нібыта паспяшаўся – да Кіева, які ляжыць на Дняпры, каб Караля Польскага ўвесці ў зман і людзей сваіх далей скіраваць. А таксама 40 тысяч татар да Вільні даслаў, каб яны 12 міль вакол горада ўсё агнём і мячом знішчылі.
Гісторыя «Полацкага апакаліпсісу», натуральна, не магла не напалохаць еўрапейцаў. Чаго толькі вартая заўвага адносна загада Івана кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Аднак ці не з’яўляюцца падобныя апісанні неспракаванай лютасці маскавітаў публіцыстычным перабольшваннем?
Ці праўда гэта? Што пішуць расійскія гісторыкі?
Прапануем пэўную верыфікацыю прыведзеных у газеце гістарычных фактаў. Не лішнім у гэтым кантэксце згадаць меркаванне асобных расійскіх гісторыкаў, якія лічаць апісанні зверстваў Івана часткай інфармацыйнай вайны, якую нібыта развязалі еўрапейцы супраць маскоўскага ўладара. Адразу заўважым тое, што гісторыя ўзяцця Полацка Іванам апісана шмат разоў – як сучаснікамі тых падзей, так і пазнейшымі аўтарамі. Адзначым істотную розніцу ў інтэрпрэтацыі гэтага гістарычнага факта. Расійскія крыніцы, як правіла, канстатуюць лёгкае і справядлівае вяртанне Полацка ў склад Маскоўскага княства, толькі мімаходзь згадваючы пра жорсткасць пераможцаў.
Што пішуць еўрапейцы?
Куды больш цікавыя звесткі падаюць польскамоўныя аўтары. Тэадор Нарбут у «Гісторыі старажытнай народу літоўскага» даводзіць: «Стары ваявода Давойна і ўсе грамадзяне рыцарскага стану былі забраныя ў расійскі палон, гараджане страцілі ўсю сваю маёмасць, касцёлы, пасля рабавання, з зямлёй былі зраўняныя, 13 манахаў бернардынаў татары закатавалі, жыдоў хрысцілі або тапілі ў Дзвіне». Сучаснік тых падзей, пісьменнік Лукаш Гурніцкі, распавядаючы пра ўзяцце Полацка, згадвае тое, што «ваявода ўзяты ў палон, а таксама разам з жонкаю апынуўся ў палоне Глебавіч, узяты ўладыка і што Літвы было, як вяльможных так і простых, – усе ў палоне».
Дастаткова падрабязна асаду Полацка апісаў польскі летапісец Марцін Бельскі. Па яго звестках, «Іван Полацк узяў, загадаў манахаў бернардынаў пасекчы і жыдоў у Дзвіне ўтапіць, ваяводу полацкага з жонкай, уладыку Гарабурду, Яна Глебавіча, а таксама ўсю Літву ў палон узяў. Абрабаваўшы іх да ніткі, як яўрэяў некалі ў Вавілон гналі, так іх ён у Маскву ў палон пагнаў».
Асабліва вялікую ўвагу Полацкаму апакаліпсісу надаюць еўрапейцы, якія падрабязна знаёмілі чытача з абставінамі ўзяцця старажытнай беларускай сталіцы. Так, напрыклад, у 1563 г. выйшла ўлётка з надзвычай красамоўнай назвай: “Выключна жахлівае. Новыя звесткі пра маскавіта, які некалькі дзён таму ў Кароне Польскай Полацк – славуты горад і крэпасць Літоўскай зямлі – з жудасным дэспатызмам захапіў, у выглядзе жаласлівага вершу складзеныя». Чытаць гэты дакумент без слёз немагчыма.