«Літоўская гаспадыня»: абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой

1490
П. ЛЕВАНОВИЧ. Фото на титуле: traveling.by
Прапануем 6 рэцэптаў старажытнай смакаты. Гэта здоба, якая дапаможа вам палепшыць настрой, зробіць ваша жыццё святлейшым. Рэцэпты гэтыя былі сабраныя ў Навагрудскім ваяводстве ў ХІХ стагоддзі, у месцы, дзе жылі Вітаўт і Ягайла, Міцкевіч і Чачот. Смачна есці! Праверана стагоддзямі! Не пашкадуеце…
Літоўская гаспадыня.  Абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой. 9 мая 2022 года
Літоўская гаспадыня. Абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой. 9 мая 2022 года

Запаранкі

Кварту (0,7 літра) мукі, дастаткова сухой, запарваюць малаком, якое закіпела, моцна праціраюць i месяць, каб не было камячкоў i цеста пачало астываць. Уліваюць дзве конаўкі дражджэй i пакідаюць у цяпле расці. Затым дабаўляюць дваццаць цэлых яек альбо сорак жаўткоў без зародкаў, дзве з паловай конаўкі масла, чатыры кварты мукі, лыжачку солі, конавачку цукру, калі вадкае цеста, сыплюць яшчэ мукі. Добра мяшаюць i, як цеста ўжо не прыліпае да рук, ставяць яго ў цёплым месцы. Калі добра вырасце, рукамі, намазанымі маслам, робяць невялікія булачкі i на блясе даюць ім трохі падысці. Саджаюць у печ.

Яўрэйскія абаранкі

Муку разводзяць цёплай вадой найгусцей, дадаюць чвэрць кварты дражджэй на два гарцы (прыблізна 5,6 літра) мукі, моцна соляць, усыпаюць чарнушку i добра вымешваюць цеста на стальніцы. Затым накрываюць на некаторы час. Калі яно значна вырасце, робяць абаранкі любых памераў i таўшчыні, качаюць ix яшчэ ў чарнушцы i, злёгку высушыўшы перад агнём на лапаце, кідаюць па некалькі ў кіпячую падсоленую ваду, мяшаючы, каб не асядалі на дно. Тыя, што ўсплываюць, вымаюць пры дапамозе палачкі, укладваюць на драўляную лапату, багата апырскваюць халоднай вадой i саджаюць у цеплаватую печ. Падсохлыя скідваюць на чыста падмеценую чарэнь, каб спякліся.

Літоўская гаспадыня.  Абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой. 9 мая 2022 года. Фото: ptoday.ru
Літоўская гаспадыня. Абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой. 9 мая 2022 года. Фото: ptoday.ru

Пячэнне, падобнае на тое, што ў кавярні называюць сметанковым

Бяруць паўтара фунта (прыблізна каля 500 гр. ) мукі, восем лотаў (каля 100 гр.) цукру, адзін фунт несалёнага i нятопленага масла, адно яйка, усё добра перамешваюць i раскачваюць халоднае да таўшчыні, роўнай двум рублям, пакладзеным адзін на адзін. Пасля формай ці шклянкай вырэзваюць маленькія пячэнні, густа намазваюць ix зверху жаўтком, пасыпаюць цукрам i саджаюць на блясе ў цёплую печ. За паўгадзіны яны ўжо спякуцца. На стол пячэнне падаюць цёплым, тады яно мае цудоўны смак. Яго льга яшчэ пасыпаць зверху накрышаным міндалем.

Літоўская гаспадыня.  Абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой. 9 мая 2022 года. Фото: ptoday.ru
Літоўская гаспадыня. Абаранкі, якія выратуюць жыцце, паддадуць пару ў настрой. 9 мая 2022 года. Фото: ptoday.ru

Крохкія аладкі

Паўтары кварты прасеянай мукі змешваюць на стальніцы з яйкамі – ix бяруць сем, фунтам масла, паўфунтам цукру i невялікай колькасцю вады. Цеста тонка раскачваюць, кладуць на бляху, пасыпаную мукой, зверху мажуць яйкам, разведзеным у вадзе. Яшчэ кладуць яблыкі без лупіны i асяродка, нарэзаныя кружкамі, ці слівы, багата пасыпаюць цукрам i пякуць у цёплай печы.

Швейцарскія піражкі з кмінам

На пяць фунтаў мукі бяруць кварту з чвэрцю цёплага малака, фунт масла, конавачку цукру, самых лепшых дражджэй тры лыжкі (калі старыя i вытхнуліся, дык больш). Усё старанна перамешваюць i ставяць у цяпло падыходзіць. Потым лепяць маленькія круглыя аладкі, як для сухароў, у сярэдзіне ix робяць ямкі, куды змяшчаюць кавалачкі свежага масла памерам з лясны арэх, пасыпаюць соллю, кмінам, краі мажуць яйкам.

Крохкія абараначкі да гарбаты

Паўгарца (1,4 літра) мукі разводзяць густа з вадой, як звычайна для абаранкаў, дабаўляюць два яйкі i дзве лыжкі сырога масла, перамешваюць, дадаюць дражджэй пару лыжак, калі добрыя, а як нясвежыя, дык больш. Калі цеста падыдзе адзін раз, лепяць тонкія невялікія абараначкі, якія ставяць зноў расці. Потым кідаюць ix у вар, тыя, што ўсплывуць наверх, вымаюць i, добра пасыпаўшы соллю i кмінам, саджаюць на блясе ў печ. Гатовыя абараначкі яшчэ раз высушваюць у негарачай печы.