ТОП-10 анамальных магілёўскіх вуліц ад настаўніка Юрася Каласоўскага

2167
Юрась Каласоўскі. Фота аўтара
Магілёўскія вуліцы... Што мы пра іх ведаем? Дзе самая доўгая і самая кароткая вуліца ў нашым горадзе? Дзе на мапе Магілева вуліца, на якой няма дамоў? Распавядае настаўнік беларускай мовы і літаратуры Юрась Каласоўскі.

Самая доўгая вуліца

Праспект Шміта – самая доўгая вуліца ў горадзе. Даўжыня праспекта ажно 11,5 км! Цікава, што на гэтай вуліцы знаходзіцца будынак з самым вялікім нумарам – 300. Адкуль яго ўзялі – загадка, паколькі нумары іншых будынкаў заканчваюцца на лічбе 116.

Праспект Шміта. Магілёў
Праспект Шміта. Магілёў

Самая кароткая вуліца

Вуліца 3-я Волі – самая кароткая ў Магілёве. Знаходзіцца яна ў Падміколлі недалёка ад вусця ручая Дзебра і мае даўжыню прыкладна 65 метраў. Цікава, што раней былі таксама вуліцы 1-я Волі і 2-я Волі, але пазней яны былі перайменаваныя.

Вуліца 3-я Волі. Магілёў
Вуліца 3-я Волі. Магілёў

У якой вуліцы больш за ўсё завулкаў?

Вуліца Лізы Чайкінай. Гэтыя вуліца ў Магілёве адметная тым, што яна мае ажно 13 аднайменных завулкаў: проста завулак Лізы Чайкінай, а таксама 1-12 завулкі Лізы Чайкінай, якія кампактна знаходзяцца за Святым возерам, утвараючы асобны, па сутнасці, квартал.

Названая ў гонар гарадскога раёна

Вуліца Сормаўская адметныя тым, што яна названа не ў гонар нейкага горада ці рэгіёна, як, напрыклад, Адэская ці Палеская, а ў гонар асобна ўзятага раёна Зарэчнай часткі горада Ніжні Ноўгарад.

Цалкам пешаходная

Вуліца Каштанавая – як не дзіўна, але менавіта гэтая вуліца з’яўляецца адзінай цалкам пешаходнай у Магілёве. Калі частку вуліцы Ленінскай зрабілі пешаходнай толькі ў ХХІ стагоддзі, то вуліца Каштаваная такой з’яўлялася з самага пачатку.

Вуліца без дамоў

Вуліца Якуба Коласа. Так, ёсць і такая ў Магілёве, як, напрыклад, і вуліца Янкі Купалы. Але ўнікальнасць вуліцы Якуба Коласа ў тым, што яна ўяўляе сабой мясцовы праезд у дварах, а ўсе дамы на гэтай вуліцы маюць прапіску вуліцы 30 год Перамогі.

Вуліца Якуба Коласа. Магілёў
Вуліца Якуба Коласа. Магілёў

Як адсутнасць імя стала назвай

Ёсць у раёне станцыі Лупалава вуліца Безыменная – вось так, аказваецца, можна назваць вуліцу, калі ў яе няма назвы! Праспект, завулак і тупік – тры ў адным! Аказваецца, у Магілёве ў розных месцах горада ёсць Віцебскі праспект (выезд на Любуж), Віцебская вуліца (каля супрацьсухотнага дыспансера) і вуліца Віцебскі тупік за чыгуначным вакзалам! Добра, што хаця б Віцебскага завулка няма!

Вуліца Безыменная. Магілёў
Вуліца Безыменная. Магілёў

Бульвар – таксама вуліца!

Аказваецца, нядаўна ў Магілёве на мяжы з вёскай Гарадшчына з’явілася не проста новая вуліца, а цэлы бульвар Андрэя Мрыя, названы ў гонар аўтара знакамітага рамана Запіскі Самсона Самасуя. І хаця бульвар гэты пакуль уяўляе сабой так званы раён забудовы, але ў перспектыве, спадзяюся, стане сапраўдным бульварам!

Бульвар Андрэя Мрыя. Магілёў
Бульвар Андрэя Мрыя. Магілёў

Якая вуліца мае самую прыгожую назву?

Цікава, што апошнім часам у Магілёве з’явілася ажно некалькі вуліц з вельмі мілагучнымі, на маю думку, назвамі – Зорны шлях, Рамонкавае поле і інш. Але ж першынство тут, відаць, варта аддаць вуліцы Вавёрчын кут, бо назва гэтая матываваная: вуліца знаходзіцца на ўскрайку Казіміраўскага лесапарку. Яшчэ не былі там? Ёсць нагода!