Маўляў, вось наш выкладчык, можа, нешта і адкажа. Я толькі што прыцягнуў вялікую скрыню з абсталяваннем і быў, што называецца, не ў гуморы. Пытанне мяне азадачыла. Сапраўды, калі? Якой яна была першая беларуская газета?
Звычайна, на журфаку згадваюць «Нашу ніву» і «Нашу долю» (1906 год), потым прыгадваюць «Мінскі лісток», «Літоўскі веснік», асабліва абазнаныя выкладчыкі называюць «Газэту Гродзенску» (1776 год). Для параўнання, першая расійская газета, так званыя «Пятроўскія ведамасці», выйшла ажно ў 1702 годзе. Выходзіць, што расіяне нас апярэдзілі ледзь не на цэлае стагоддзе? Яшчэ будучы аспірантам, вырашыў у гэтым пытанні разабрацца.
Паездзіў па архівам, па бібліятэках (што яшчэ рабіць маладому лайдаку!) і высветліў, што «Наша Ніва» – далёка не першая беларуская газета. Зрабілася відавочным тое, што ўласна прафесійную расійскую журналістыку заснавалі два беларусы – Феафан Пракаповіч (рэдактар тых самых «Пятроўскіх ведамасцей») і кляты, адвечны вораг Пушкіна, наш хлопец з-пад Мінска Тадэвуш Фадзей Булгарын. Але гэта ўсе дробязі! Лухта гэта ўсе! Ну, калі шчыра…
Галоўнае, бадай, тое, што ў 2013 годзе ў БДУ з вялікім пафасам адзначылі 450-годдзе беларуская журналістыкі. Не, мяне туды не запрасілі. Ну, і ладна! Сказаў я сабе. Не, дык не! Але дужа зацікавіўся, чаму менавіта 450 год? Не 1500, не 2000? Высветлілася, што, на думку навукоўцаў (некаторых), у 1563 годзе выйшла першая беларуская газета. Я, канешне, ад гэтага адкрыцця крыху, як бы гэта карэктна сказаць, знеякавеў. У 1563 годзе? Вы сур’ёзна?
Апынулася, што сур’ёзна. Склікалі нават навуковую канферэнцыю, выпусцілі пухнаты зборнік артыкулаў. Усё як у нас любяць. Дорага, багата! Я пытаюся ў знаёмых хлопцаў з Акадэміі навук, што за газета? Адкуль яна раптам выплыла? Аказваецца, што не раптам, і не выплыла. Пра яе нібыта было вядома яшчэ ў 1922 годзе. Што, хутчэй за ўсё, друкавалася яна ў Нясвіжы, на варштатах Францыска Скарыны (гэта значыць, кірылічны друк). Усё гэта слухаю, і яшчэ больш афігіваю, ужо даруйце мне за гэта слова. Больш-менш добра ведаю гэты перыяд, разумею, што такога быць не можа! Больш верагодна, калі б на тэрыторыю Беларусі ў XVI стагоддзі высадзіліся імперскія штурмавікі з «Зорных войнаў».
Самае галоўнае, у каго не запытаюся, – ніхто першую беларускую газету ў вочы не бачыў і нават не ўяўляе, пра што ў ёй напісана. Пытаюся: дзе яна знаходзіцца, калі вам няма часу, я пачытаю. Мне не цяжка! Маўчаць. Карацей, я псіхануў і вырашыў сам ва ўсім разабрацца. Шукаў доўга. Знайшоў у 2015 годзе. Не паверыце, у лічбавай бібліятэцы Мічыганскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Праўда, лепш бы не знаходзіў! Апынулася, што «Навіны грозныя» – ніякая не беларуская газета, а чэшская, бо выдадзена яна ў Празе Себасцьянам Оксам на старой багемская мове. Гутарка ў ёй, канешне, пра Беларусь, але… Ну, самі падумайце, калі, для прыкладу, «The New York Times», піша пра падзеі ў Беларусі, гэта ж не робіць яе (амерыканскую газету) беларускім выданнем.
Прыехаў у БДУ. Кажу, шаноўныя, вы адзначылі юбілей беларускага друку. Малайцы! Але ж няма ніякага юбілею. Газеты беларускай няма! Мяне выслухалі гэтак, як звычайна псіхіятары выслухоўваюць сваіх пацыентаў (памятаеце, як у кіно пра Шурыка?.). Паціснулі руку. Падзякавалі нават. І – нічога… Юбілей быў. Значыць, газета таксама была. Усе! Як у анекдоце.
Я пераклаў газету на беларускую мову, выдаў манаграфію.
Мова газеты для сучаснага чытача, напэўна, дужа складаная. Цытаваць тут не варта. Скажу толькі, што гутарка ў ёй пра ўзяцце Іванам Жахлівым горада Полацка ў 1563 годзе. Гэта было сапраўднае пекла. Тысячы ахвяр. Нялюдскія злачынствы. Не жадаю рабіць паралелі. Але, напэўна, вы ўсё разумееце. Старажытныя рымляне казалі: не новае, а па-новаму. Дык, вось – зараз старое, але па-новаму… На жаль!