Грэбянёва. Буслы прыляцелі. Днепр разліўся. Коні шлындаюць, дзе хочуць. Мясцовы алкаш Сяргуня

1924
П. ЛЕВАНОВИЧ. Фото автора
Распавядзем пра самы экзатычны раён Магілёва – пасёлак Грэбянёва. На ўсё паглядзім вачамі мясцовых жыхароў – перадусім, аўтара гэтых радкоў, а таксама мясцовага інтэлегента Сяргуні.

У Магілёве ёсць раён, які валодае асаблівым каларытам. Мой суразмоўца, мясцовы алкаш Сяргуня, сцвярджае, што гэты раён – не толькі месца пражывання, але і вобраз жыцця. «Дзе яшчэ ты прастаіш на прыпынку цягам гадзіны, так нічога не дачакаешся, плюнеш і пойдзеш сабе пешшу? Затое заўжды ў добрай спартыўнай форме», – смяецца мой суразмоўца.

Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года

«Сёлетні год будзе добрым, ураджайным», – сцвярджае Сяргуня. Пытаюся, чаму ён так думае? «Глядзі, – кажа, – бачыш буслоў? 8 гадоў не было, а гэтай вясной прыляцелі. Відавочна, добры знак. Можа, нарэшце, прамінуць усе нашы беды, зажывём як людзі!» Сярога былы інжынер. Лічыць сябе адукаваным і нават інтэлегентным. Любіць пабалаболіць пра палітыку, Украіну, пра жыццё-быццё. Жыве бабылем ужо колькі год. Зарабляе тым, што прадае злоўленую ў Дняпры рыбу.

Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года

Зараз яму і хадзіць нікуды не трэба – у яго каля дома тыдні тры назад немаведама адкуль узнікла сажалка. Плаваюць у ей карасікі ды акунькі. Сяргуня хваліўся, што аднаго разу паймаў шчупака. Ды такога вялікага, што ледзь выцягнуў. Асабіста я яму не дужа каб верыў. Язык у майго суседа без костак, меле немаведама што. Часам, такое вярзе, што вушы баляць яго слухаць. Не так даўно казаў, што бачыў інапланетны карабель.

«А здарылася гэта так, – дзеліцца ўспамінамі Сяргуня, – калі я быў яшчэ студэнтам, паехалі мы з хлопцамі ў Чэхію, рубель зашыбаць. Праца была няпыльная, на свежым паветры. Саджанцы елачак у гарах тыркалі ў зямлю паміж камянямі. І вось аднойчы здарыўся пажар. Згарэла ўсё да рэшты, самі ледзь ацалелі. Нейкім цудам лес у тых клятых гарах патушылі. Пакінулі мяне і яшчэ трох хлопцаў вартаваць, каб зноў не палыхнула. А ночы ў гарах халодныя, халера на іх. Праўда, у нас, як кажуць, з сабой было. Выпілі мы па 100 грам, і я адыйшоў да ветру.

Гляджу: уверсе, наўпрост на небе вогненнае кола. Шмат жоўтых кругоў, якія імкліва круцяцца і мітусяцца. Хлопцы, кажу, інапланетнікі! Да бабкі не хадзі. Вырашылі мы на тых інапланетнікаў паглядзець бліжэй. Гарэлка, ведаеш, робіць цуды… Ускараскаліся мы на высачэнную гару. Як нам гэта ўдалося, да гэтага часу не зразумею. Раніцай паглядзелі ўніз – жахнуліся».

Тут трэба зрабіць невялікую рэмарку. Фінал гэтай гісторыі залежыў ад таго, ці цвярозым быў Сяргуня. Калі цвярозы, высвятлялася, што ўнізе было чэшскае мястэчка Спіндліраў Млын, дзе, зазвычай, знаходзілася дыскатэка. Яе сафіты адбіваліся ў небе, і ніякіх інапланетнікаў, зразумела, не існавала. А вось, калі Сяргуня быў хоць на каліва п’янаваты, фабуле ў гэтым аповедзе пазайздросціў бы сам Джорж Лукас.

Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года

Сяргуня прывязаўся да мяне каля мясцовай крамы. Я рухаўся пешкі ў бок узбярэжжа Дняпра, каб пафатаграфаваць цыганскіх коней. Не хацеў яго браць разам з сабой, але потым пагадзіўся, што удваіх усе ж весялей. Чаму менавіта коней? Учора недзе а сёмай зраніцы вышкрабся я на ганкі. Гляджу – у калітцы нейкая нахабная морда тырчыць. Прыгледзеўся – ажно конь. З вялікімі вачамі і рудой грывай. Прыгажун. Выйшаў за калітку – скубуць мой газон, на мяне не звяртаюць аніякай увагі. «Так, коні ў нас не горай за сабак і катоў, – тлумачыць Сяргуня. – Дзе ім заманецца, там і шлындаюць!»

Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года

Сяргуня гэтыя словы сказаў якраз у той час, калі мы падыходзілі да Дняпра. Перад тым я зрабіў пару здымкаў цыганскіх коней, якія пасціліся сабе ў лузе. Рэчка значна ўзнялася. Калі ў ліпені яе можна перайсці ўброд, то зараз яна – магутная плынь з мутнай карычневатай, бурапеннай вадой. «Так і наша жыццё – у маладосці паляціць, пабяжыць некуды, халера ведае куды, а потым напорыцца на камень, змізарнее, пераўтворыцца ў нешта гэтакае, што ледзь-ледзь варушыцца», – не спыняе даносіць да мяне свае думкі філосаф Сяргуня.

Дарэчы, буслы сапраўды прыляцелі. Атабарыліся ў старым гняздзе, якое даўным-даўно было пустым. Старыя людзі кажуць, што гэта на ўдачу. Чаму б старым хоць раз не паверыць?

Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года
Гребенево. Могилев. Апрель 2022 года