ПОСНЫЯ БУЛКІ
У кварту добра пасоленай цёплай вады ўсыпаюць гарнец (2,8 літра) мукі, конаўку свежых дражджэй (чэрствых — больш) i, моцна вымесіўшы цеста, накрываюць яго ў цёплым месцы, каб добра паднялося. Затым робяць невялікія булачкі, даюць ім вырасці на блясе, а тады саджаюць у печ. Замест вады льга ўжываць макавае малако. З гэтага цеста робяць булачкі з макам, якім ix пасыпаюць яшчэ i зверху. Можна замест маку ўсыпаць трохі чарнушкі. Залішне густое цеста легка разбавіць цёплай вадой ці макавым малаком. Але найлепш, каб яно належным чынам падышло ў булках.
РАЖКІ ДА ГАРБАТЫ
У адну з чвэрцю шклянку цёплага паранага малака дадаюць тры поўныя лыжкі дражджэй, кварту (0,7 кг) мукі i дзесяць жаўткоў, моцна расціраюць i, накрыўшы, ставяць у цёплае месца, каб трохі заварушылася. Тады дабаўляюць паўфунта (200 гр) ачышчанага масла i, добра вымешаўшы, сыплюць, як будзе патрэба, яшчэ паўкварты мукі. Калі ў цяпле цеста падымецца лепш, чым у першы раз, раскачваюць яго на стальніцы i робяць валікі па даўжыні менш чацвяртных, трохі шырэйшыя ў сярэдзіне, чым на канцах. Спляскаўшы ix, кладуць на жалезны ліст, надаюць форму паўмесяца ці падковы, абмазваюць зверху жаўтком, не кранаючы бакоў, пасыпаюць тоўчаным цукрам i засоўваюць на паўгадзіны ў не надта гарачую печ.
ЗДОБНАЯ БУЛКА ДА ГАРБАТЫ (БРЫЁШ)
У поўную кварту цёплага малака ўсыпаюць гарнец мукі, дабаўляюць кварту дражджэй i дваццаць жаўткоў, моцна перамешваюць i ставяць падыходзіць. Калі цеста трохі зашавеліцца, уліваюць у яго чвэрць кварты ачышчанага масла, усыпаюць паўлыжачкі солі, конаўку цукру. Зноў моцна месяць i даюць цесту вырасці. Як павялічыцца амаль утрая, выкладваюць яго на стальніцу i раскачваюць на тры валікі аднолькавай даўжыні i шырыні. Сплятаюць ix, як валасы, у касу, кладуць на бляху, пасыпаную мукой, абмазваюць жаўтком з вадой, а потым пасыпаюць цукрам i накрышаным міндалем. Калі пляцёнка добра падыдзе, саджаюць у печ.
КРОХКАЕ ПЯЧЭННЕ БЕЗ ДРАЖДЖЭЙ ДА ГАРБАТЫ
Пачынаючы яго рыхтаваць, злёгку прапальваюць печ, каб яна была гатовая, як замесяць цеста. У паўкварты смятаны дадаюць тры яйкі, вялікую лыжку натопленага масла i мукі лыжку з чвэрцю. Месяць, пакуль на цесце не пачнуць выступаць пузыры. Тады дасыпаюць дзве вялікія лыжкі цукру i робяць пячэнне ў выглядзе тонкіх абаранкаў ці палачак таўшчынёй з мезенец i любой даўжыні. Печыва кладуць на бляху, абмазваюць жаўтком з вадой i ставяць у печ, нагрэтую, як для бісквітаў. Гатовае пячэнне яшчэ падсушваюць у печы.
ВАЛЫНСКІЯ ПРАСНАКI
Ix рыхтуюць без дражджэй, хутка, да гарбаты. Гарнец мукі добра месяць з вадой гэтак, як для макаронаў, дабаўляюць яшчэ пару вялікіх лыжак нятопленага масла, а хто хоча, i маку, i зноў месяць. Затым бяруць кавалкі цеста памерам з лясны яблык, раскачваюць лісты таўшчынёй у манету (два злотыя), саджаюць на блясе ў печ, дзе трымаюць, пакуль праснакі не стануць крохкімі.