Юрась Каласоўскі – настаўнік беларускай мовы. Адпрацаваў 14 гадоў у гімназіі №1, а зараз працуе ў прыватнай сярэдняй школе. У 2013 годзе ён стаў лепшым настаўнікам горада Магілёва, а ў 2014 годзе перамог у конкурсе «Лепшы настаўнік Магілёўскай вобласці». Зараз Юрась актыўна працуе з вучнямі, займаецца даследчай працай.
Сярод захапленняў майго суразмоўцы – вандроўкі па Беларусі. Ен аб’ездзіў усе 118 раёнаў. Падарожнічаў і асабіста, і ў кампаніі. Акрамя таго, Юрась – марафонец. У яго бэкграўндзе – 20 класічных марафонскіх дыстанцый (кожная па 42 км 195 м).
З вучнямі размаўляе толькі па-беларуску
«Мне вельмі прыемна тое, што мае вучні прымаюць беларускую мову, – адзначае суразмоўца. – З пачатку сваей педагагічнай кар’еры сам для сябе я абраў наступны прынцып: з вучнямі, з іх бацькамі размаўляць толькі па-беларуску. Я лічу, што гэта правільна. Многія мае калегі, жадаючы папулярызаваць мову, на нейкіх творчых мерапрыемствах размаўляюць па-беларуску, а пасля пераходзяць на рускую мову. Зразумела, эфект ад гэтакай папулярызацыі не дужа вялікі».
Папулярызуе літаратуру
Паводле Юрася, выкладаючы літаратуру, ён перадусім жадае давесці тое, што яна – жывая з’ява. «Часта задаю сваім вучням пытанне: каго вы ведаеце з сучасных беларускіх паэтаў? Маладзёны, звычайна, патрапляюць у шок. Маўляў, а што ёсць такія? Я паказваю сацыяльныя сеткі паэтаў, кажу пра тое, што ў іх тысячы падпісчыкаў. Прашу вучняў напісаць беларускаму паэту, павітацца з ім, папрасіць параіць, што варта прачытаць. І гэта знаходзіць водгук. Тое самае і з мовай… Я імкнуся паказаць на сваім прыкладзе тое, што беларуская мова – зручны, нармальны сродак камунікацыі».
– Каго з беларускіх паэтаў, празаікаў ты б параіў сваім вучням прачытаць?
– На новае месца працы з уласнай бібліятэкі я прынес 2 дзясяткі кніг сучасных беларускіх аўтараў з аўтографамі. Хачу каб вучні зразумелі: беларуская літаратура – гэта не 100 гадоў назад, а тут і зараз. Рэкламую творчасць Віктара Жыбуля, Андрэя Хадановіча, Віталя Рыжкова… Канешне, перадусім параіў бы сваім вучням прачытаць класікаў: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова, Віктара Марціновіча, Алеся Разанава.
– Ці есць у цябе педагагічнае крэда?
– Навучаючы, вучыцца самаму. Не стаяць на адным месцы. Увесь час развівацца. Неяк так.
– Працягні, калі ласка, беларуская мова – гэта…
– Перадусім, гэта маркер нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, наш асноўны сродак зносін. Калі ў мяне з’явіліся новыя вучні, заўважыў тое, што нават старшакласнікі не могуць размаўляць па-беларуску. Гэта прыкра. Настаўнік, я лічу, перадусім павінен развіваць маўленне. Які сэнс вучыць правілы, калі няма ведання мовы?
Крыху пра «Школьны марафон»
– Прапаноўваю перайсці да тэмы «Школьнага марафону». Ты надзвычай шмат бегаеш…
– Гэта праўда. Бегаю я шмат, але раблю гэта не проста так… Не люблю бегаць па адным і тым самым маршруце. Сваё хобі я вызначаю як бегавое краязнаўства. Падчас вандровак я магу прабегчы 20 кіламетраў з аднаго мястэчка ў другое. У Магілёве таксама стараюся знаходзіць цікавыя маршруты.
Вяртаўся з працы, прабег 20 кіламетраў
– Чакай! То бок ты гэтак проста здольны прабегчы 20 кіламетраў?
– Так, звычайная трэніроўка для мяне. Сёння, напрыклад, з раніцы я выйшаў на легкую прабежку. Гэта 9 кіламетраў. Напярэдадні нашай з табой размовы я бег з працы, а гэта амаль 20 кіламетраў.
– Навошта табе гэтакае складанае хобі?
– Па-першае, бег – гэта спосаб самарэалізацыі, па-другое – здаровы лад жыцця. У пэўным сэнсе, спосаб трымаць сябе ў форме. Акрамя таго, зноў удакладню, я бегаю па цікавых мясцінах. Нечакана для сябе адкрыў тое, што ў Магілёве шмат вуліц, названых у гонар беларускіх паэтаў, пісьменнікаў. Маё захапленне бегам цесна звязана з маей настаўніцкай дзейнасцю. Калі, для прыкладу, мы праходзім творчасць Аркадзя Куляшова, не магу не запытацца ў вучняў, дзе знаходзіцца вуліца Куляшова? Даю хатняе заданне: з’ездзіць на гэтую вуліцу, прачытаць верш і даслаць мне відые. Зараз гэта не складана.
– Чаму свой праект ты назваў менавіта «Школьным марафонам»?
– У нашым горадзе 42 школы (тыя, якія дзейнічаюць - аўт.). З мінулага лета я пачаў аббягаць іх усе, рабіў сімвалічны кіламетр на стадыёнах. Адсюль і назва. Зараз снега ўжо няма, таму буду гэты свой праект працягваць.