«Літоўская гаспадыня». Рэцэпты гарэлак з вострымі прыправамі ад нашых продкаў

1243
П. ЛЕВАНОВIЧ. Фото на титуле: parkseason.ru
Нашы продкі былі даволі пераборлівыя ў выбары ежы. Гэта стэрэатып, што елі яны хлеб ды сала, а пілі кіслы квас. Магчыма, недзе так і было, але толькі не ў палацы Сапліцаў, што ў Навагрудскім ваяводстве.
Сцена из кинофильма Анджея Вайды «Пан Тадеуш». Фото: parkseason.ru
Сцена из кинофильма Анджея Вайды «Пан Тадеуш». Фото: parkseason.ru

Адам Міцкевіч у шэдэўры сусветнай літаратуры, паэме «Пан Тадэвуш» падаў апісанне абеду ў маентку паважанага ўсімі пана Сапліцы. Мужчыны сядалі побач з жанцынамі, налівалі ім віно і накладалі ў талеркі ежу. Выглядала ўсе гэта надзвычай шляхетна і прыстойна.

Працытуем некалькi радкоў:

«... Кавярка, ўстаўшы рана,

Паставіць чайнікі, ў малочную ступае

І лёгка свежы белы цвет збанкоў згартае

У дробненькі прыгожы посуд філігранны

Для кожнай філіжанкі свой вяршок смятанны.

Старэйшыя з жанчын пілі ўжо каву зранку,

Цяпер другі напітак мелі пры сняданку,

Напітак, на які ніхто не гляне крыва:

Гарачае з вяршкамі, з свежым сырам піва.

А для мужчын ляжала розная вяндліна:

Гусяціна, валовіна, язык, свініна

Найлепшага гатунку, спосабам мясцовым

Увэнджаная дбайна дымам ядлаўцовым.

А на астатак зразы чэлядзь падавала».

Сцена из кинофильма Анджея Вайды «Пан Тадеуш». Фото: parkseason.ru
Сцена из кинофильма Анджея Вайды «Пан Тадеуш». Фото: parkseason.ru

Рэцэпты моцных напояў з «Літоўская гаспадынi»

ДАВЕДКА. «Літоўская гаспадыня, ці навука аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні скаціны, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым» – кніга Ганны Цюндзявіцкай, прысвечаная вядзенню гаспадаркі і кулінарыі. Упершыню выдадзена ў 1848 годзе на польскай мове. Шмат разоў перавыдавалася. У кнізе змешчаныя 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў.

Перагон гарэлак з вострымі прыправамі

Хто хоча мець гарэлку светлага і празрыстага колеру, павінен яе дыстыляваць наступным чынам. Наліць спірт, два разы перагнаны, на патоўчаныя інгрэдыенты адпаведна прапорцыі і даць яму настояцца ў цяпле і на сонцы прыблізна пару тыдняў. Пасля працадзідь яго праз старое палатно ў перагонны куб. Асадак – запраўку гарэлкі завязаць у палатняны мяшэчак і павесіць у кубе ўнутры на нітках, згорнутых у некалькі столак, каб ён быў апушчаны ў ніжнюю частку пасудзіны, але не дакранаўся да дна.

Льга таксама да кожных двух гарцаў спірту дадаць адзін гарнец мяккай вады. Спачатку таму, што залішне моцны спірт не выдаляе з запраўкі ўсялякія выцяжкі і пахі, потым жа таму, што ў разведзены спірт можна запраўку класці без мяшэчка, проста ў куб. Вада не ператвараецца так хутка ў пару, як алкаголь, а будзе ахопліваць таксама і прыправы. Яна не дапусціць, каб запраўка прыстала да дна, як тое здараецца, калі спірт сам выпараецца і пакідае прыправы сухімі.

Вада для запраўкі гарэлак водарнымі рэчывамі

Водарныя рэчывы заліваюць трыма гарцамі вады і пасля трох- дзённага настойвання пераганяюць у кубе на маленькім агні. 3 гэтай вадкасці надбіраюць першыя паўтара гарца, у якіх потым разводзяць цукар для сіропу, а ў тую, што засталася ў кубе, дабаўляюць яшчэ гарнец чыстай вады і шэсць гарцаў двойчы перагнанага спірту. Усё пераганяюць звычайным спосабам, адліваючы паўтары шклянкі першаку і толькі менш паловы моцнага спірту. Вада выцягне найлепшы водар, а рэшткі яго застануцца ў спірце. Калі даць шмат водарных рэчываў, вада зробіцца белаватай і мутнай.