Уршуля Радзівіл была жонкай Міхала Радзівіла Рыбанькі, найбуйнейшага магната Рэчы Паспалітай і аўтара захапляльнага Дзенніка (Дыярыўша). Паходзіла яна з украінскага роду Карыбутаў-Вішнявецкіх, якія разам з Патоцкімі кантралявалі большую частку поўдня шляхецкай Рэспублікі. Вытанчаная і надзвычай адукаваная, Уршуля доўгі час не пагаджалася ехаць у Нясвіж. Яе будучы муж быў неверагодным п’яніцам і залетнікам. Плеткі пра яго прыгоды хадзілі па ўсей Еўропе. Аднак Радзівіл Рыбанька быў настойлівым і дамогся свайго – Вішнявецкія пагадзіліся прыняць сватоў на мяжы Літвы і Украіны.
Радзівіл быў надзвычай спрактыкаваным кавалерам, але, як ен сам паведамляе ў Дзенніку, у першую гадзіну знаемства атрымаў аплявуху, у другую – дзве. Панначка трымалася непахісна, і Міхалу нічога не заставалася як весці сябе больш-менш прыстойна. На добрым падпітку Радзівіл памкнуўся пацалаваць Уршулю, але зноў няўдача – дзяўчына схапіла талерку і пляснула ей кавалеру па ілбе. Рубец ад таго ўдару кахання Міхал насіў праз усе жыцце. На наступную раніцу стары Вішнявецкі паўшчуваў дачку: маўляў, навошта нявечыць самага багатага жаніха ў Рэчы Паспалітай? Як яно там было далей – Бог адзін толькі ведае, але хутка Уршуля пераехала ў Нясвіж, нарадзіўшы мужу пяцера дзяцей, у тым ліку і славутага Караля Станіслава Радзівілла па мянушцы Пане Каханку.
Як у такой выкшталцонай пані мог нарадзіцца гэтакі варвар як Пане Каханку – таксама Богу аднаму вядома. Яго навучылі чытаць толькі ў 12 год, ды і тое спецыфічным спосабам. Бацька, Радзівіл Рыбанька, наймаў лепшых настаўнікаў з усей Еўропы, але дарма – Караль разам з сябрамі ўцякаў у пушчу і вучыцца катэгарычна адмаўляўся. Пасля некалькіх педагагічных няўдач выклікаўся вырашыць праблему шарачковы шляхціц з-пад Наваградка. Ен маляваў крэйдай на дошцы літары, а Радзівіл у іх страляў. Так і навучыўся альфабэце. Трэба заўважыць тое, што мінавіта Пане Каханку зрабіўся прататыпам да барона Мюнхаўзэна. Уршуля Радзівіл заснавала першы ў Беларусі тэатр, пісала вершы і п’есы, ведала 5 еўрапейскіх моў, на ўласныя грошы адчыніла шпіталь для сялян, перавыхавала мужа – зрабіла з п’яніцы і дуэлянта ледзь не святога чалавека. Але, перадусім, хатнімі справамі яна займалася сама – гатавала, рамантавала, загадвала, дзе сеяць і калі жаць. Таму, здаецца, рэцэпт ад літоўскай (беларускай – аўт.) гаспадыні Францішкі Уршулі Радзівіл тут будзе да месца.
ПАЛЯНДВІЦЫ І ЯЗЫКІ
Адразу пасля аддзялення ад тушы іх кладуць у свіную кроў на некалькі дзён і ставяць не ў цёплым, але і не ў марозным месцы. Потым дастаюць, а калі кроў сцячэ, выціраюць дасуха, моцна адбіваюць цяжкім кавалкам жалеза, каб былі мяккія, і складваюць як мага шчыльней у малыя скрыні, перасыпаючы слаі наступнай сумессю.
На сорак фунтаў (1 фунт – 374 г) паляндвіц і языкоў бяруць фунт з чвэрцю пражанай солі, адзін лот (11,71 гр)салетры, столькі ж англійскага перцу, а простага перцу і лаўровага лісту, гваздзікі і каляндры — па паўлота. Усё дробна таўкуць, акрамя каляндры — яе толькі злёгку здрабняюць. Скрыню запаўняюць даверху. Калі для гэтага не хопіць паляндвіц і языкоў, дабаўляюць абрэзкі сала ці рабрынкі.
Пасля трымаюць у памяшканні, злёгку ацепленым, каб соль растала, а потым старанна забіваюць накрыўку і асмольваюць. Затым выносяць у халоднае памяшканне, дзе, аднак, мяса не можа заледзянець, і там пераварочваюць скрыню кожныя некалькі дзён на іншы бок. У сакавіку паляндвіцы дастаюць, трохі праветрываюць, нацягваюць на іх валовыя кішкі і вэндзяць два тыдні ці крыху больш, па патрэбе.