«Літоўская гаспадыня». Як прыгатаваць каўбасу па-ўкраінску

1692
П. Леванович. Фото на титуле: pinterest.com
Запарожскія казакі былі вядомыя тым, што працяглы час заставаліся далека ад дому. Як і чым яны харчаваліся? Як захоўвалі энергію і моц? Некалькі рэцэптаў надзвычай смачнай, а, галоўнае, прыдатнай да доўгага захоўвання каўбасы па-ўкраінску.

Спачатку, па нашай традыцыі, некалькі цікавых фактаў пра запарожскіх казакаў. На пачатку ХVII стагоддзя быў у іх легендарны гетман Петр Канашэвіч Сагайдачны. Адзначыўся ен удалымі пахадамі на Стамбул. Колькі разоў рабаваў і спальваў прадмесці турэцкай сталіцы, чым, літаральна, уводзіў у шал султана. Аднойчы Асман ІІ выйшаў на тэрасу свайго палацу і ўбачыў, як прыгожа гарыць сераль (месца, дзе знаходзіцца гарэм – аўт.). Султан настолькі раз’юшыўся, што даў загад распачынаць вайну з Рэччу Паспалітай, якой фармальна падначальваліся запарожцы.

Запарожцы вячэраюць. Ілюстрацыя мае мастацкі характар, pinterest.co
Запарожцы вячэраюць. Ілюстрацыя мае мастацкі характар, pinterest.co

Бараніць шляхецкую рэспубліку не было каму, апроч купы беларусаў на чале з вялікім гетманам літоўскім Янам Каралем Хадкевічам. Той павеў свае харугвы ў Валахію (зараз Малдова – аўт.). Па дарозе спрактыкаваны вой зразумеў, што сіл у яго занадта мала. І таду Хадкевіч звярнуўся да свайго сябра Сагайдачнага. Апошні хварэў на сумленне, бо мімаволі зрабіўся прычынай вайны. Не доўга думаючы, запарожац сабраў войска і павеў яго насустрач войску Вялікага Княства Літоўскага.

Запарожскія казакі ў паходзе. Ілюстрацыя мае мастацкі характар, armflot.ru
Запарожскія казакі ў паходзе. Ілюстрацыя мае мастацкі характар, armflot.ru

Асман ІІ даў загад разбіць літвінаў і ўкраінцаў па-асобку. Спачатку туркі абрынуліся на запарожцаў. Каб унікнуць сустрэчы з вялізным войскам (каля 300 тысяч – аўт.), Сагайдачны даў загад сотні казакаў заняць абарону ў вузкай рашчэліне паміж скаламі, а сам пайшоў далей. Казакі стрымлівалі асманаў цягам тыдня, чым далі шанец Хадкевічу падрыхтавацца да сустрэчы няпрошаных гасцей. На жаль, усе запарожцы загінулі, але памяць пра іх жыве ва ўкраінскіх свабодалюбівых песнях і легендах.

Запарожскія казакі. Фота мае ілюстрацыйны характар, forum.calorizator.ru
Запарожскія казакі. Фота мае ілюстрацыйны характар, forum.calorizator.ru

Рэцэпт каўбасы:

Тры часткі нятлустай і адну частку тлустай свініны крышаць не вельмі дробнымі кавалкамі. На паўпуда (8 кг) мяса дабаўляюць паўфунта солі (недзе 180 гр), лот (12 гр) прасеянага маярану, два лоты (24 гр) простага перцу і чатыры-пяць шклянак булёну — адвару з костак і абрэзкаў свініны, у якім гатавалася паўфунта накрышанай цыбулі.

Усё старанна перамешваюць і робяць каўбасы. Кішкі шчыльна не начыняюць, бо потым, калі варацца, яны могуць лопнуць. Заўважыўшы паветра, іх наколваюць. Каўбасы кладуць на паўгадзіны ў халодную ваду, а потым вешаюць у халодным памяшканні. Існуе і яшчэ адзін спосаб: замест булёна ў мяса даліваюць такую ж колькасць цёплай вады, а цыбулю дробна крышаць сырую. Гэткія каўбасы таксама добрыя, дый і псуюцца не так хутка і не гарчаць. I тая і іншая каўбаса варыцца аднолькава. Яе кладуць у каструлю, а яшчэ лепш у гліняную міску, дзе папярэдне на дно наразаюць тонкія лустачкі свежага сала, заліваюць усё вадой ці бурачным квасам і смажаць у печы. Некаторыя замест вады ўжываюць піва.