«Магілеўская хроніка». Як знішчалі Вялікае Княства Літоўскае (праўда з летапiсу)

1876
П. Леванович. Фото: supron-licvin.livejournal.com
Што цікавіла магілеўцаў на мяжы 17-га і 18-га стагоддзяў? Якія факты занатоўвалі тагачасныя летапісцы? Чым, зрэшты, жылі нашы продкі? Што лічылі важным, а што неістотным? Чытаем разам «Магілёўскую хроніку» паноў Сурты і Трубніцкага.

У 1700 годзе пасля Божага нараджэння, пішуць летапісцы, у першы тыдзень Вялікоднага паста каралеўскае войска прыцягнулася пад Рыгу, пераправілася праз рэчку, праўда, не без прыгод, і ўзяло цвердзь вялікую, праўда, таксама не без прыгод.

Замак у Наваградку, прыблізна 17 стагоддзе
Замак у Наваградку, прыблізна 17 стагоддзе

Што там былі за прыгоды, магчыма прачытаць у мемуарах польскага шляхціца Пасака (быў, дарэчы, у Магілеве). Ен знаходзіўся пад Рыгай крыху раней, падчас Патопу, але сітуацыі дужа падобныя. Знаскоку, нахабна паспрабавалі узяць цвердзь і атрымалі добрых кухталеў. Пасак піша пра дэталі надзвычай маляўніча і з гумарам.

У тым самым годзе, паведамляе «Магілеўская хроніка», яго міласць цар Петр Аляксеевіч з вялікай колькасцю маскавітаў і казакаў пад Рэвелем з’явіўся. Вой! Якую яны атрымалі прачуханку. Кажуць, пад адной толькі Нарвай патанула і было забіта не менш за 70 тысяч чалавек, а казакаў… тых свет палягло. Шведы гармат прысябечылі колькі дзясяткаў, а капеек маскоўскіх злапалі ажно 60 бочак (магчыма было купіць і прадаць Магілеў разоў з трыццаць).

Замак у Троках. Недзе 15 стагоддзе
Замак у Троках. Недзе 15 стагоддзе

Гетман Абідоўскі, калі вяртаўся адтуль, недалека ад Пскова быў атручаны ў пячорах, памер і быў пахаваны ў Кіеве. За тое круцельства абвінавацілі кіеўскага палкоўніка і з пасады яго скінулі. Быў пад Рыгай і аддзел запарожцаў – недзе паўтары тысячы, – якімі камандваў нейкі немец на прозвішча Мунштэр. Гэты Божы вырадак магілеўцаў на дарогах лавіў і абдзіраў ледзь не да ніткі. Праўда гойсаў не доўга, хутка згінуў. Няхай яму на тым свеце чэрці распечаных вуглеў не шкадуюць.

У тым самым годзе напярэдадні гэтай крывавай завірухі пачалося нешта незразумелае, раней ніколі не чуванае. Мы самі бачылі, як зграя сабак на Дняпры другога сабаку замардавалі і з’елі, нават косці пагрызлі і кроў на снезе павылізвалі. Ці бачыў хто гэтакае раней?! Згадваецца тут даўняя прыпавесць: «Нядобра гэта, калі сабака сабаку есць, а воўк есць ваўка». Неўзабаве пачаўся закалотак паміж Сапегамі і шляхтай. Брат рэзаў брата, бацька забіваў сына, сын паўставаў на бацьку. Забітых было столькі, што ўсіх згадаць немагчыма.

Асада Коўна. Прыблізна рэкаструкцыя 14 стагоддзя
Асада Коўна. Прыблізна рэкаструкцыя 14 стагоддзя

Далей летапісец піша пра сумнавядомую бітву пад Алькенікамі. Рэдкі беларус пра яе ведае. А паміж іншым, яна завершылася тым, што славуты магнацкі род быў знішчаны дарэшты, а Вялікае Княства Літоўскае цалкам згубіла самастойнасць. Хачу тут крыху спыніцца і распавесці пра тое, што насамрэч адбылося. Гэта важна для тлумачэння сучаснасці.

Адбыўся вялікі гістарычны парадокс. Пасля Патопу Вялікае княства нагадвала БССР пасля 1945 году. Ацалелі ўсяго два гарады – Магілеў і Ляхавічы. Усе астатняе пайшло з дымам. Людзі жылі ў лясах. Бунтавала шляхта супраць палітычнай сістэмы краю. Зараз бы яе назвалі алігархічнай. Было некалькі магутных родаў, якія кантралявалі ўсе. Шляхта была проста разменнай манетай. І гэта ей не падабалася. Літвіны хацелі, як у Польшчы: «На сваей загродзе шляхціц роўны ваяводзе!» Тады гэта называлася «залатыя вольнасці». Але «як у Польшчы» азначала страту дзяржаўнай самастойнасці, фактычную анексію Княства.

Крэўскі замак. 15 стагоддзе
Крэўскі замак. 15 стагоддзе

На шляху гэтым памкненням шляхты паўсталі магутныя Сапегі, якіх, што праўда, нельга лічыць анеламі. Род выраджаўся і жыў, хутчэй, па інерцыі. Мы ўсе ведаем пра Хатынь. Але колькі гэтакіх спаленых весак было пры Сапегах. Знішчалі сем’і, выбівалі засценкі. Шляхта паўстала і пасекла Сапегаў на кавалкі (у літаральным сэнсе). Вось так, як не дзіўна, дзяржаўнасць Княства ахоўвалі дземаны, а руйнавалі яе анелы. Пасля Алькенікаў казаць пра самастойнасць ВКЛ ужо не выпадае.