Рэцэпт літоўскага бігаса ад Адама Міцкевіча

1133
П. Левановіч. Фота на тытуле: priormovie.com
Як святкавалі Каляды нашы продкі? Як сядалі за сталы, як захоўваліся паны і паненкі, колькі дазвалялі сабе выпіць пякучай аквавітаўкі? Што такое павага? Нарэшце, рэцэпт найсмачнейшай стравы ад паэта Адама Міцкевіча. Звяртаемся да культавай паэмы «Пан Тадэвуш».

Сядаем за стол

Адам Міцкевіч. Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш
Адам Міцкевіч. Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш

У творы Адама Міцкевіча шляхта талакой з’ехалася на банкет. Усе зайшлі ў пакой, але за стол не спяшаюцца. Чакаюць адпаведнага знаку ад гаспадара. Калі той ласкава запрасіў, то госці па чарзе займаюць свае месцы. І тут галоўнае – не памыліцца! Пад абразом сядае самы паважаны чалавек. Звычайна, ва ўзросце і пры пасадах. Ен ідзе за стол, вітаецца з паненкамі і маладымі людзьмі. Побач з ім сядаюць квястар (манах, які збірае міласлівіцу – аўт.) і суддзя. Звярніце ўвагу, суддзя карыстаецца нязменнай павагай, бо дзейнічае паводле права. А вось далей зусім ужо цікава…

Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш
Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш

Калі ўсе размясціліся, мужчынам наліваюць гарэлку і падаюць закуску – літоўскі халадзец (мы ўсе яго ямо на Каляды). Таго, хто прыехаў здалек або з’яўляецца чалавекам новым, запрашаюць бліжэй да гаспадара. Мужчыны павінны знаходзіцца паміж кабетамі і паненкамі. І хавай Божа, яны будуць толькі есці і піць! Для шляхціца гэта недапушчальна! Мужчына павінен служыць пані, якая знаходзіцца з левага боку ад яго, – прапаноўваць ей напоі, накладаць у талерку ежу, мяняць талеркі, зрэшты, жартаваць. Пані павінна прыемна бавіць час. Калі маладзен не ведае сваіх абавязкаў за сталом, стрэйшыя яму абявязкова падкажуць.

Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш
Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш

Піць – значыць, жыць! Багата

Адносна моцных напояў… Звярніце ўвагу: было іх два віды (у асноўным): венгерскае чырвонае (16 градусаў) і гжэлка, або аквавітаўка (каля 60 градусаў, у залежнасці ад бровара). Напоі налівалі пасля змены трох страў. Пані сама вызначала тое, піць ей ці не. А вось з мужчынамі ўсе было складаней – кілішак (каля 120 гр) выпіць трэба было абавязкова. Інакш – гаспадар пакрыўдзіцца! Магло дайсці і да двубою. Харошы банкет – не менш за 30 страў. Вось і думайце, ці адужылі б вы Каляды на пачатку ХІХ стагоддзя ў гасцях Радзівіла Пане Каханку. Умець піць гжэлку і заставацца чалавекам за сталом – гэта было суцэльнае, філіграннае мастацтва. Многія рабілі на гэтым кар’еру…

Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш
Эпізод стужкі Анджэя Вайды Пан Тадэвуш

Ветлівасць – і зброя, і павага

Пра ветлівасць трэба сказаць асобна. У шляхецкім асяроддзі выказацца груба, па-хамску было немагчыма. Нашы паны звычайна захоўваліся прыстойна, ды і шляхецкая этыка вымагала заставацца чалавекам ва ўсіх выпадках жыцця. Быць ветлівым – гэта значыць, быць прыналежным да эліты Рэчы Паспалітай. Але! Адна справа быць ветлівым з суседам шляхціцам, а іншая – з кмецем (селянінам) ці з карчмаром. Шляхціца вучылі ветлівасці з дзяцінства, калі аддавалі ў дом магната. Там хлопчык назіраў за звычаямі, пераймаў іх.

Бігас ад Адама Міцкевіча

Бігас – бадай што, адна з найбольш папулярных страў у асяроддзі нашай шляхты. Ніводны банкет без яе не абыходзіўся. Але тут трэба агаварыцца: перадусім гэта закуска для паляўнічых, гатуецца яна на вогнішчы і на свежым паветры. Вось што піша пра бігас Міцкевіч: Словамі перадаць яго цудоўны смак і незвычайны пах складана. Страўнік гарадскога жыхара бігас не ацэніць. Каб атрымаць сапраўдную асалоду, трэба быць вясковым, мець здароўе і вяртацца з ловаў.

Каб прыгатаваць бігас, трэба ўзяць квашаную капусту, моркву, цыбулю, бульбу, парэзаць дробна мяса (пажадана, з дзічыны). Мяса трэба шмат. Усе гэта засыпаць у казан і заліць крынічнай вадой. Можна дадаць грыбы, прыправы. Некаторыя дадаюць чарнаслівы і перац. Гатаваць бігас варта на невялікім вогнішчы да такой ступені, пакуль з садавіны выйдуць усе сокі, а мяса канчаткова разварыцца. Старыя рэцэпты падказваюць, што перад тым, як бігас здымаюць з вогнішча, у казан наліваюць пляшку гарэлкі – для апетыту і водару.

Смачна есці!