«Магілеўскі хранограф». Якія навіны чыталі нашы продкі ў 1688 годзе

1184
П. Леванович. Фото на тытуле мае ілюстрацыйны характар
Якія навіны нашы продкі лічылі вартымі ўвагі? На гэта пытанне цалкам слушна можа адказаць «Магілеўская хроніка» і яе аўтар Трафім Сурта. Прапаноўваем невялікую падборку навін за паўтары гады – з 1688 па 1690. Дарэчы, у 1688 годзе з’явілася першая згадка пра тое, што ў Магілеў па пошце прыйшла газета («Авізы»).

10 чараўнікоў спалілі

У 1688 годзе у Быхаве 10 чараўнікоў спалілі, іншыя паўцякалі ва Украіну. Імены іх не згадваю, бо нашчадкі яшчэ жывыя. У тым самым годзе ратушная вежа абвалілася, на 40 локцяў была яна вышэй за саму ратушу. З таго друзу царкву пабудавалі, а вежу зноў узвялі.

Старажытны кат. Фотаздымак: toursoyuz.by
Старажытны кат. Фотаздымак: toursoyuz.by

Атэіст Лышчынскі

У Варшаве на вальным сойме з’явіўся жахлівы блюзнерца, які паўстаў супраць Пана Бога і праўды яго святой, атэіст Лышчынскі, падсудак брэсцкі. Вырашылі яго спаліць – і спалілі. Блюзнерствы таго Лышчынскага цяжка было нават слухаць, не тое што пісаць пра іх. У тым самым годзе ў Магілеве для царквы Святого Мікалая звон адлілі.

Спальванне ведзьмакоў. Фотаздымак: uamodna.com
Спальванне ведзьмакоў. Фотаздымак: uamodna.com

Саранча

У 1690 годзе з Божага папушчэння ва Украіне, за Дняпром, а таксама на Палессі і каля Слуцка, на Чорнай Русі, саранча, пра якую ўжо 100 год ніхто не чуў, у вялікай колькасці з’явілася. Ці то збожжа, ці то травая якая – усе паела. Не было чаго ні скасіць, ні пажаць. Праўда, каля Магілева шкоды ніякай ад яе не было. Аднак у самім горадзе злавіў я адну пачвару, гэтакую вялікую, як палец малы на руцэ, галава – як лясны арэх, вочы – як гарчычнае зерне, зубы белыя і вострыя, 4 крылы, 6 ног. Пярэднія – меншыя, сярэднія – большыя, а заднія – як у вараб’я, нават яшчэ даўжэйшыя. Калі б з ласкі пана Бога не пайшлі дажджы, і нас бы тая пошасць не абмінула. Але ад вільгаці ўся загінула.

Нашэсце саранчы, 1688 год. Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар
Нашэсце саранчы, 1688 год. Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Згарэў Шклоў

У тым самым годзе Пан Бог з агнем наведаў горад Шклоў – згарэў ледзь не ўвесь замак з вежай вялікай, фарны касцел і крамы з дымам пайшлі на неба. Потым 15 жніўня панамар Данііл забыўся свечку патушыць у царкве. Ад той свечкі шклоўская царква з усімі скарбамі і набыткамі згарэла. Кнігі, амбон, званы – нічагусечкі не засталося. Добра, што той вырадак уцек, а так бы і самога яго спалілі.

Выява старога горада (17 стагоддзе). Ілюстрацыя паводле: kleck.by
Выява старога горада (17 стагоддзе). Ілюстрацыя паводле: kleck.by

Нарадзіла ў труне

Яшчэ адна цікавая навіна. Каля сталіцы маскоўскай, у адным мястэчку дзяўчына зацяжарыла. Калі час прыйшоў нараджаць, пакутвала колькі дзен і, страціўшы надзею захаваць сабе жыцце, паклікала святара, каб спавядацца. Дала яму 100 рублеў. У той самы дзень ад нясцерпнага болю яна страціла прытомнасць, і ўсе вырашылі, быццам яна памерла. Паклалі яе ў труну і занеслі ў царкву, пакінуўшы там на ўсю ноч. Раніцай прыйшоў панамар і пачуў як енчыць дзіцяці. Дзяўчына ў труне нарадзіла і сама прыйшла да цямы.

Мапа Вялікага Княства Маскоўскага. Ілюстрацыя: redkayakniga.ru
Мапа Вялікага Княства Маскоўскага. Ілюстрацыя: redkayakniga.ru