«Магілёўскі хранограф». «Як ты – небарача – жадаеш памерці?»

1633
П. Леванович. Фото на титуле: pl.pinterest.com
У снежні каля Магілеўскага замка жаўнеры схапілі шпега. Нагадаем, вайна з Масковіяй яшчэ не завяршылася, а ў самім замку стаяў гетман вялікі літоўскі Міхал Пац. Дык вось, злавілі маскавіта і прывялі да Паца. Маўляў, што з ім рабіць?

Пац, відаць, меў някепскае пачуцце гумару і запытаўся ў вязня: «Як ты – небарача – жадаеш памерці?». Той паказытаў патыліцу і адказаў: «Право же, ні на что охота не берет!». Гетман пасмяяўся ды і загадаў адпусціць шпега. Гэтак для Магілева пачынаўся 1664 год.

Пан Бог наведаў месца нашае з агнем

24 лютага таго самага года, падчас вялікага паста, Магілеў згарэў. Як пішуць летапісцы, Пан Бог наведаў месца нашае з агнем, пусціўшы з дымам на нябесы ўсе набыткі гараджан. «А пачало гарэць з дома Савы Ціхенькіна». Жыў той Сава, відаць, у раене цяперашняй вуліцы Ленінскай, бо пагарэлі крамы, а да Пасаду і Ратушнай плошчы агонь не дайшоў.

Магілеўскі хранограф. На здымку - гусары Махала Паца.
Магілеўскі хранограф. На здымку - гусары Махала Паца.

Згарэла Ратуша, пагарэлі крамы

У тым самым годзе, але ўжо ў сакавіку, аднекуль з-за пушчы пад Магілеў прыцягнуўся кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір і прабыў ен у нашым горадзе ажно да 7 красавіка. І зноў у Магілеве здарыўся пажар. «Пачало гарэць блізка ад Ратушы, у тым месцы, дзе Гаўрыла Прэкста жыў, а зараз Васілеўскіх камяніца стаіць. Згарэла Ратуша, пагарэлі крамы, царква са званіцай, нават званы палопаліся. Гарэла ажно да жаночага манастыра, у якім была студня дужа каштоўная, і якая ад таго часу знікла. Убачыў усе гэта кароль і зразумеў, што ў яго прысутнасці горад наш дужа церпіць. Ды і выехаў сабе 7 красавіка з замка».

Кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір. Фота: news-life.org
Кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір. Фота: news-life.org

Бог не ўзлюбіў Магілеў…

Пра тое, што было далей у 1664 годзе, летапісцы маўчаць. Хутчэй за ўсе, нічога вартага ўвагі. Пагарэльцы адбудоўвалі свае дамы, пэўным чынам аднаўлялі гаспадаркі. І ім гэта ўдалося, бо зімой 1665 года зноў было чаму гарэць. «Пан Бог месца наша наведаў з агнем», – зноў не паленаваліся занатаваць летапісцы. Нешта,сапраўды, Бог не ўзлюбіў Магілеў, бо дужа часта пакідаў ад гарадскіх дамоў распечаныя вуглі. Магчыма, падзейнічала анафема, якую маскоўскія папы навесілі на горад пасля «разні» 1661 года. На гэты раз згарэлі камяніцы каля Спаскай царквы. Дамы пагарэлі, а сама царква, пабудаваная з дрэва, засталася некранутай. Магілеўцы ўбачылі ў гэтым добры знак.

Гусар у войску Рэчы Паспалітай (рэканструкцыя)
Гусар у войску Рэчы Паспалітай (рэканструкцыя)

Пушкар гарадскі даў агня

У тым самым годзе Якаў Чаркаскі з Празароўскім і Баратынскім узялі ў аблогу Копысь і Шклоў. Гетман вялікі літоўскі з войскам стаў за Шкловам. Масква 15 чэрвеня пераправілася праз Днепр і з усей моцы ўдарыла па харугвах Паца. Мусіў гетман адыйсці пад Магілеў, дзе стаў абозам насупраць маскавітаў. З’язджаліся абодва войскі цэлы дзень. Масква ж дужа моцна біла з гармат, ажно да месца далятала, асабліва да Шклоўскай брамы, з якой людзі глядзелі на бітву.

Убачылі магілеўцы тое, што і ім дастанецца. Вырашылі выцягнуць на сцены свае гарматы. І калі перад апоўднем князь Чаркаскі з сябрамі абедаў, пушкар гарадскі даў агня і з ласкі божай таго Чаркаскага забіў. Убачыўшы гэта, Масква той жа ноччу з-пад горада ўцякла. Летапісцы пішуць, што за такі геройскі ўчынак магілеўскі пушкар ніякай узнагароды не атрымаў. Гетману не было калі аддзячыць (а мо і пасквапіўся), а ў караля на той час проста не было грошай.