«Магілеўскі хранограф». Як гараджане пакрыўдзілі Язафата Кунцэвіча

2020
П. ЛЕВАНОВИЧ
Крыху больш за 400 год назад жыццё ў Магілёве віравала ня горш за сённяшнiя падзеі. Пра тое, у прыватнасцi, сведчыць старажытная «Магілёўская хроніка». Гісторыя можа быць цікавай і павучальнай, таму пагартаем яе старонкi...
«Магілёўская хроніка» – летапіс часоў ВКЛ, складзены ў Магілёве ў 17-19 ст. купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім, прадоўжаны яго сынам Аляксандрам і ўнукам Міхаілам.

Пачатак ХVII стагоддзя для Магілёва і магілёўцаў абяцаў быць цікавым. І справа не толькі ў распачатых канфліктах, спачатку са шведамі, а потым і з Масквой. Куды больш гараджан непакоілі хатнія забурэнні, а па сутнасці – адна вялікая грамадзянская вайна, якая вялася паміж прадстаўнікамі розных канфесій.

Праваслаўныя біліся з каталікамі і ўніятамі, каталікі – з лютэранамі і кальвіністамі. І ўсе разам глядзелі скоса на яўрэяў. Учарашнія суседзі, а, можа, нават і сваякі, літаральна ненавідзелі адзін аднаго. Градус гэтай пякельнай нянавісці быў такi, што не раз даводзіў да кравапраліцця. Па загаду Віленскага біскупа ўпершыню за ўсю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ў гарадах і месцах публічна палілі крамольныя кнігі. У самой сталіцы на гарадскіх могілках было забаронена хаваць пратэстантаў. Целы нябожчыкаў вывозілі праз тую самую браму, праз якую вывозілі да таго часу смецце.

Пергамент, на якім змешчаны тэкст Берасцейскай уніі, 1596 г. Фота: bis.nlb.by
Пергамент, на якім змешчаны тэкст Берасцейскай уніі, 1596 г. Фота: bis.nlb.by

У Магілеве было не лепш. Каля 30 гадоў праваслаўныя цэрквы стаялі закрытыя, і ў іх не праводзіліся набажэнствы. Толькі пасля смерці фанатычнага каталіка, караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ іх удалося з горам папалам адкрыць. А да таго часу, паведамляюць летапісцы, маліліся людзі праваслаўныя ў будцы на беразе Дняпра. Праўда, праваслаўныя не забываліся даваць адпор. Так, калі да горада ў 1618 г. наблізіўся ўніяцкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч, магілёўцы закрылі перад ім усе брамы, паставілі на сцены гарматы і «богамерзкімі» словамі крыўдзілі вялебнага святара, пагражаючы яго забіць.

Уніяцкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч. Выява ХVІІ стагоддзя (медзярыт)
Уніяцкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч. Выява ХVІІ стагоддзя (медзярыт)

Як жа рэагавалі на падобныя «выбрыкі» пры каралеўскім двары? 7 жніўня 1601 г. да магілёўцаў з гнеўным пасланнем звярнуўся яго міласць кароль Жыгімонт ІІІ Ваза. «Вы (магілёўцыаўт.) цяперашняга, гаспадаром вашым прызначанага Полацкага архіепіскапа, уладыку Віцебскага і Мсціслаўскага слухаць не жадаеце і супраціў чыніце. Больш я гэтага цярпець не жадаю і загадваю вам усім да мяне з’явіцца».

Караля раз’юшыла катэгарычнае нежаданне магілёўскага праваслаўнага брацтва падначальвацца ўніяту. Жыгімонт патрабаваў ад горада выдаць бунтаўшчыкоў і пагражаў нават забраць у няўдзячных мяшканцаў Магдэбургскае права.

Кароль Рэчы Паспалітай і Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонт ІІІ. Выява паводле: diletant.media
Кароль Рэчы Паспалітай і Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонт ІІІ. Выява паводле: diletant.media

22 мая 1621 года на магілёўцаў скардзіўся ўжо тагачасны стараста горада Леў Сапега. Вось што ен паведамляў: «І бурмістры, і райцы, і лаўнікі, і ўвесь урад гарадскі – усе яны забыліся на абавязкі і падданства сваё яго каралеўскай міласці, не прызнаюць уладу яго і чыняць самавольствы». Замест таго, каб падпарадкоўвацца, кажучы сучаснымі словамі, легітымнаму і лаяльнаму да караля архібіскупу Антонію Сяляве, магілёўцы прызнавалі толькі Мялеція Сматрыцкага. Як піша Леў Сапега, быў той Сматрыцкі чалавекам простым і непрадказальным. Як паказала гісторыя, магілёўскі стараста меў рацыю.

Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Выява паводле: ay.by
Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Выява паводле: ay.by

Ці была рэлігійная вайна ў Вялікім княстве вынікам усеагульнага памяшальніцтва, вяртаннем у самыя нетры Сярэднявечча? І так, і не… Справа ў тым, што Рэч Паспалітая была акружаная ворагамі. На поўначы пагражалі пратэстанты шведы, на ўсходзе – праваслаўныя маскавіты. Калі вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч збіраўся разбіць шведаў пад Кірхгольмам, то стараўся не браць у свае войска пратэстантаў, бо не спадзяваўся на іх вернасць. Канфесія, да якой належыў той або іншы паспаліты чалавек, была не толькі паказчыкам духоўнай арыентацыі, але і геапалітычнай. Таму гэтак важна было ў шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай усіх яе грамадзян падвесці да адной рэлігійнай харугвы. Што з гэтага вынікла? На гэта пытанне таксама адказала гісторыя. На жаль або на шчасце, шляхецкая рэспубліка так і не зрабілася маналітнай каталіцкай дзяржавай, а магілёўцы «нічтожэ сумняшыся» адкрылі ў 1654 г. перад братамі праваслаўнымі з Вялікага Княства Маскоўскага брамы свайго горада...

Працяг будзе.

Бітва пад Кірхгольмам, 1605 г. Пачатак канца пратэстанцкай экспансіі шведаў
Бітва пад Кірхгольмам, 1605 г. Пачатак канца пратэстанцкай экспансіі шведаў